Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каму забароняць уезд у Эўразьвяз за суд над Казуліным?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Паводле крыніцаў у Эўразьвязе, там плянуюць пашырыць сьпіс беларускіх чыноўнікаў, судзьдзяў і сілавікоў, якім забаронены ўезд у краіны Зьвязу. Гэта плянуецца зрабіць за кошт тых, хто спрычыніўся да працэсу над Аляксандрам Казуліным. Як рэагуюць улады на гэтае паведамленьне і хто можа папоўніць сьпіс неўязных у Эўразьвяз?

Прадстаўнікі Эўразьвязу, якія пацьвердзілі зьвесткі пра пашырэньне сьпісу неўязных беларусаў, кажуць пра чатыры асобы. Але пакуль не называюць прозьвішчаў. Пэўна заяўлена, што гэтыя людзі спрычыніліся да палітычна матываванага, як перакананыя ў аб’яднанай Эўропе, асуджэньня былога кандыдата на прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Казуліна. Нагадаем, яму трэба адседзець пяць з паловай гадоў.

Хто можа патрапіць ў сьпіс непажаданых у Эўропе асобаў? Яшчэ ў ліпені прысуд Аляксандру Казуліну вынес судзьдзя Маскоўскага райсуду Менску Аляксей Рыбакоў, а на мінулым тыдні гэты вэрдыкт пацьвердзілі гарадзкія судзьдзі Валер Камісараў, Сяргей Хрыпач і Людміла Шапашнікава. Што вядома пра гэтых “служкаў Фэміды”?

8 гадоў таму цяперашні праваабаронца Алег Волчак працаваў сьледчым пракуратуры і тады па працы кантактаваў з судзьдзямі Валерам Камісаравым і Людмілай Шапашнікавай. Алег Волчак згадвае, як яны выносілі прысуды, напрыклад, злачынцам зь ліку былых міліцыянтаў. Сяргей Хрыпач, кажа Алег Волчак, асудзіў сына былога прэм’ера Міхаіла Чыгіра Аляксандра. Паводле меркаваньня Алега Волчака, нехта з гэтых людзей абавязкова патрапіць ў сьпіс неўязных у аб’яднаную Эўропу.

(Волчак: ) “Калі казаць пра кваліфікацыю, гэта ўсе вельмі дасьведчаныя прафэсійныя юрысты. Паводле свайго прафэсіяналізму яны не маглі ня вынесьці апраўдальны прысуд Казуліну. Але, як бачым, не заўсёды прафэсіяналізм спрацоўвае”.

Алег Волчак таксама не выключае, што ў сьпіс неўязных можа патрапіць і пракурор Сяргей Бортнік, які прадстаўляў абвінавачваньне на працэсе над Аляксандрам Казуліным.

А як названыя судзьдзі рэагуюць на пэрспэктыву апынуцца ў згаданым сьпісе?

Аляксей Рыбакоў ад размовы катэгарычна адмовіўся. Пра гэта паведаміла ягоны сакратар.

(Сакратар: ) “Судзьдзя сказаў, што інтэрвію паводле справы Казуліна даваць ня будзе”.

У гарадзкім судзе адмовіліся даваць тэлефоны судзьдзяў Камісарава, Хрыпача і Шапашнікавай – спаслаліся на забарону кіраўніцтва.

Сябра Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Мікалай Чаргінец катэгарычна пратэстуе, каб эўрапейскія чыноўнікі ўводзілі санкцыі супраць названых судзьдзяў. Былы міліцэйскі генэрал ўхваляе вынесены імі прысуд Аляксандру Казуліну і асуджае ўмяшаньне эўразьвязаўцаў у беларускія справы.

(Чаргінец: ) “Проста ім пашчасьціла, што іх не было ў той момант побач з Казуліным ў Палацы чыгуначнікаў. А я там быў і ўсё бачыў. Калі б і яны там былі, атрымалі б ад Казуліна і зразумелі, што такое хуліганства”.

Уладзімер Казулін, дарэчы, таксама былы міліцыянт, заяўляе: ягоны брат Аляксандр нікога не зьбіваў, а сам стаў ахвярай нападу службоўцаў у цывільным. Уладзімер Казулін вітае магчымыя санкцыі супраць судзьдзяў.

(Уладзімер Казулін: ) “Гэта ж зразумела, што рашэньне, якое яны гэтак хутка прынялі, не матываванае законам, а цалкам палітычнае”.
XS
SM
MD
LG