Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму беларусы едуць працаваць у Расею?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Эфір 30 жніўня. Удзельнікі: журналіст газэты “Белорусы и рынок” Кастусь Скуратовіч і эканаміст Леанід Злотнікаў.

Колькі беларускіх грамадзян едзе працаваць у Расею?

(Валер Карбалевіч: ) “Адным з важных тэзісаў афіцыйнай прапаганды ёсьць цьверджаньне, што людзі з усёй постсавецкай прасторы прыяжджаюць жыць і працаваць у Беларусь. Таму што тут, маўляў, усім жывецца добра й багата. Такое любіць гаварыць і Лукашэнка, прыхарошваючы, пры тым, лічбы.

Аднак рэчаіснасьць паказвае зусім іншае. Паводле апытаньняў незалежных сацыёлягаў, каля трэці грамадзян Беларусі хацелі б зьехаць у іншую краіну. І шмат людзей насамрэч зьяжджае. Найвялікшая працоўная эміграцыя беларусаў – у Расею. Ці можна даць прыблізную ацэнку ў лічбах – колькі беларускіх грамадзян едзе працаваць у Расею?”

(Кастусь Скуратовіч: ) “У кожным беларускім горадзе, які месьціцца каля чыгункі, шмат людзей працуе ў Расеі. Некаторыя едуць на 1-2 тыдні. Нядаўна я быў на сэмінары ў Віцебску. Там прагучала такая інфармацыя: з 1 200 тысяч жыхароў Віцебскай вобласьці каля 400 тысяч працуюць у Маскве й Санкт-Пецярбургу.

Што тычыцца афіцыйных лічбаў па міграцыі, то яны ня вельмі значныя. У першай палове 2006 году ў Беларусь прыехала каля 5 тысяч чалавек, а выехала – 2 тысячы. Міграцыйны прырост – 3 тысячы чалавек. То бок, перасяленьне людзей у сувязі з распадам СССР ужо ў цэлым закончылася.

Прычым, у Беларусь едуць людзі з Расеі, Казахстану, Сярэдняй Азіі дажываць. Гэта пераважна пэнсіянэры. А зь Беларусі зьяжджаюць тыя, хто хоча працаваць, імкнецца да добрага заробку.

Адзін знаёмы бізнэсовец, які пастаўляе ў Расею абсталяваньне лесатэхнічнаму комплексу, казаў, што атрымлівае замовы адначасна і на тэхніку, і на працаўнікоў. Бо лічыцца, што беларусы – надзейныя працаўнікі”.

(Леанід Злотнікаў: ) “Па-першае, лічбы, пададзеныя сп.Скуратовічам адносна міграцыі, тычацца людзей, якія пераяжджаюць у іншую краіну на пастаяннае жыхарства. Мы ж вядзём гаворку пра іншае. Мы разважаем пра людзей, якія едуць на заробкі часова й потым вяртаюцца назад.

Дык вось пра лічбы. У 2002 годзе падчас перапісу насельніцтва ў Расеі высьветлілася, што там працуе каля 100 тысяч беларусаў. Але, паводле беларускіх сацыёлягаў, шмат беларусаў не трапіла ў афіцыйную расейскую статыстыку, і насамрэч гэтая лічба большая ў 2,5-3 разы. Такім чынам, мы можам сьцьвярджаць: у 2005 годзе ў Расеі працавала каля 300 тысяч беларусаў.

Гэта блізка да лічбаў, якія мае Ўсясьветны банк. Паводле дадзеных ягоных экспэртаў, абнародаваных у лістападзе 2005 году, каля 400 тысяч беларусаў працуе за мяжой. Яны прывозяць у Беларусь блізу 1 мільярда даляраў.

Дарэчы, з афіцыйнай статыстыкі, каля 600-700 тысяч працаздольнага насельніцтва Беларусі не занята ў легальнай эканоміцы краіны. Зразумела, ня ўсе яны зьяжджаюць за мяжу. Але можна пагадзіцца, што каля 400 тысяч беларусаў працуе за мяжой, і зь іх 300 тысяч – у Расеі”.

Чаму беларусы едуць на заробкі ў суседнюю краіну?

(Карбалевіч: ) “Дзеля чаго людзі едуць працаваць у Расею? Паводле афіцыйнай статыстыкі, беспрацоўе ў Беларусі мізэрнае. Эканоміка таксама на ўздыме. Чаго тады едуць з дому?”

(Скуратовіч: ) “Калі параўнаць сярэдні заробак у Расеі й Беларусі, то яны ня надта адрозьніваюцца. Але, напрыклад, у Маскве й Санкт-Пецярбургу заробкі значна вышэйшыя: гэтыя гарады перанасычаны капіталамі. А менавіта туды і едуць беларусы”.

(Злотнікаў: ) “Лічбы афіцыйнай статыстыкі ў Беларусі адносна беспрацоўя робяцца не па такой мэтодыцы, як заведзена ў сьвеце. У нас беспрацоўнымі лічацца людзі, афіцыйна зарэгістраваныя. А ў суседніх краінах беспрацоўныя – усе, хто не працуе. Напрыклад, у Літве ўзровень беспрацоўя – 6%. Калі б у нас лічылі адпаведна з агульнапрынятымі мэтодыкамі, то колькасьць беспрацоўных была б такой жа.

Але гэта сярэдняя лічба па краіне, як сярэдняя тэмпэратура ў шпіталі. У Менску знайсьці працу лягчэй. А ў малых гарадах беспрацоўе значна вышэйшае за 6%.

У Расеі ж у 20 рэгіёнах з 80 ёсьць патрэба ў працоўных рэсурсах. І якраз там заробкі шмат лепшыя, чым у сярэднім па Расеі. Не хапае працоўных рук на Поўначы, у нафтагазавым комплексе. Таму туды й едуць беларусы”.

Ці абаронены правы беларусаў у Расеі?

(Карбалевіч: ) “Мінулым годам Беларусь і Расея падпісалі пагадненьне аб роўных правах грамадзян. Афіцыйная прапаганда гучна заяўляла пра сацыяльную абарону беларусаў у Расеі й расейцаў – у Беларусі.

У мінулы панядзелак на тэлеканале БТ сумнавядомы камэнтатар Яўген Новікаў абурана апавядаў пра забойства ў ЗША беларускага студэнта, што прыехаў туды на заробкі падчас вакацый. Але апошнім часам зьяўляецца ўсё больш паведамленьняў пра трагічныя падзеі, якія адбываюцца зь беларусамі ў Расеі. Днямі ў Ганцавічах пахавалі чатырох мужчын, што загінулі, вяртаючыся з заробкаў у Расеі. Ёсьць і выпадкі бясьсьледнага зьнікненьня беларусаў, якія паехалі на заробкі ў суседнюю краіну. Дык які насамрэч сацыяльны статус беларускіх грамадзян, што працуюць у Расеі? Ці сапраўды іх правы абаронены?”

(Скуратовіч: ) “Справа ў тым, што ў Расеі велізарны шэры сэктар эканомікі. Адпаведна ж, там такая й занятасьць: шэрая, неафіцыйная, незарэгістраваная. Бо калі б наймальнікі рабілі ўсё па законе, то давялося б адлічваць падаткі, плаціць за працоўныя рэсурсы ды іншае. Усё гэта зьнізіла б эканамічную эфэктыўнасьць гэтых структур.

Часта мы бачым па тэлевізіі, як у Расеі віетнамцы працуюць у скляпах, паграбах. Да беларусаў стаўленьне можа лепшае, але тым ня менш. Шэры сэктар эканомікі не дае нікому ніякіх гарантый. Тут усё трымаецца на неафіцыйнай дамове працаўніка й наймальніка. А ўвогуле крымінальная сытуацыя ў Расеі вастрэйшая, чым у Беларусі. Таму й гінуць беларусы гэтак жа, як і расейцы”.

(Злотнікаў: ) “Тут цяжка падаць нейкія лічбы. Але я ведаю шмат людзей, якія працавалі ці працуюць у Расеі. І магу пагадзіцца: нямала выпадкаў зьнявагі беларусаў, адмоў плаціць заробленыя грошы й да таго падобнага.

Але я ведаю й шмат людзей, задаволеных працай у шэрым бізнэсе. Калі б гэтага не было, калі б там не зараблялі лепш, чым у Беларусі, то туды й ня езьдзілі б – не рызыкавалі б”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, працоўная эміграцыя беларусаў у Расею набыла масавы характар. Прычым, нягледзячы на міждзяржаўныя дамовы, вельмі часта беларускія грамадзяне працуюць без усялякай прававой і сацыяльнай абароны ў шэрым сэктары эканомікі. Павялічваецца колькасьць трагічных выпадкаў. Між тым, беларускія грамадзяне гатовы рызыкаваць дзеля заробкаў. Усё гэта куды яскравей, чым што іншае, разбурае міт пра эканамічны росквіт Беларусі”.
XS
SM
MD
LG