Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заўтра - прымусовае высяленьне Саюзу пісьменьнікаў з Дому літаратара


Ганна Соўсь, Менск На заўтра на 11 гадзінаў Менскі гаспадарчы суд прызначыў прымусовае высяленьне Саюзу беларускіх пісьменьнікаў з будынку Дому літаратара. Пра гэта гаворыцца ў атрыманым з суду лісьце, у якім Саюзу пісьменьнікаў рэкамэндуюць вызваліць да гэтага часу пакоі, якія яны займалі ў Доме літаратара.

Старшыня саюзу Алесь Пашкевіч паведаміў “Свабодзе”, што паедзе на высяленьне адразу пасьля цырымоніі ўручэньня дзяржаўных ўзнагародаў Украіны, якая адбудзецца заўтра ля помніку Тарасу Шаўчэнку ў Менску.

Ужо вызвалены ад кніг і абсталяваньня пакой у Доме літаратара, дзе раней знаходзілася бібліятэка Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Пакуль застаўся некранутым мэмарыяльны пакой Максіма Танка, і заўтра пісьменьнікам давядзецца вывозіць зь яго ўсю сваю маёмасьць.

Нагадаем, што сёлета 2 сакавіка Гаспадарчы суд Менску задаволіў пазоў галоўнага гаспадарчага ўпраўленьня Адміністрацыі прэзыдэнта, паводле якога кіраўніцтва Саюзу пісьменьнікаў мусіць пакінуць Дом літаратара й сплаціць 55 мільёнаў рублёў за арэнду.

Пра тое, як будзе адбывацца высяленьне Саюзу беларускіх пісьменьнікаў з Дому літаратара, — заўтра на нашым сайце і ў вечаровым эфіры.
XS
SM
MD
LG