Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Элітныя забудовы ў цэнтры Менску выклікалі канфлікт інтарэсаў (фота)


Ігар Карней, Менск У Менску — чарговы канфлікт інтарэсаў з-за рашэньня гарадзкіх уладаў зьнесьці дамы прыватнага сэктару дзеля элітнай забудовы. На скрыжаваньні вуліцаў Рэпіна, Панфілава й Грыбаедава будаўнічая фірма “Марконстрой” пачала будаваць дамы павышанай камфортнасьці дзеля камэрцыйнага продажу. А куды прапануюць перасяліцца менчукам, на агародах якіх узводзяцца элітныя малапавярхоўкі?

Сталічныя кварталы, якія прымыкаюць да вуліцы Ціміразева, даўно ўпадабалі нешараговыя грамадзяне. Толькі месяц таму адсюль зьехала памілаваная Галіна Жураўкова; чакае гаспадара катэдж Івана Ціцянкова, які пусьціў карані ў Маскве. Попыт на ціхі раён у самым цэнтры Менску істотна перавышае прапановы, таму адміністрацыя Цэнтральнага раёну з дазволу Менгарвыканкаму прыняла рашэньне адсяліць сем’і, якія займаюць дамы ў раёне вуліцаў Рэпіна, Панфілава й Масквіна, а самі пабудовы зьнесьці. Гэта, натуральна, абурыла гаспадароў. Прыкладам, сям’і Санькоў у якасьці кампэнсацыі за дом у цэнтры прапанавалі дзьве аднапакаёвыя кватэры ў розных канцах гораду — прычым, зь неакрэсьленай пэрспэктывай прыватызацыі. Гаспадар Андрэй мяркуе, што абмен зусім не раўназначны. Прычым, ён зьвяртае ўвагу на агучаную гарадзкімі ўладамі мэту адсяленьня — “дзеля дзяржаўнай патрэбы”.

(Андрэй: ) “Насамрэч, як уласьнік, я маю прыярытэт — нешта будаваць, інвэстыцыі прыцягваць. Каб я меў магчымасьць тут пабудаваць дом (паводле закону мне гэтае права належыць), кошт пытаньня быў бы іншы. Жураўкова свой дом выставіла на продаж за 350 тысяч даляраў. А на маёй памяці пабудавалася з халупы, горшай за мой дом (гэта ня так і страшна, бо танныя будматэрыялы). Тым больш, паводле закону, я маю магчымасьць інвэстыцыі прыцягваць. Але я ўсіх правоў пазбаўлены”.

(Карэспандэнт: ) “Калі вас першы раз папярэдзілі, што дом урэшце будзе зьнесены, а вам давядзецца адсяляцца?”

(Андрэй: ) “Пакуль не было гэтага судовага пазову, нічога ня ведалі”.

На падставе судовага пазову фірмы “Марконстрой”, высяленьне сям’і Санькоў з дому па вуліцы Маскаленкі з прыпыненьнем права ўласнасьці праводзіцца ў зьвязку са згаданымі ўжо “дзяржаўнымі патрэбамі”, якія замацавала рашэньне Менгарвыканкаму. Падобныя ж пазовы падрыхтаваныя яшчэ шарэгу насельнікаў з гэтай і суседніх вуліцаў. На гэтым тле Аксана Санько лічыць, што ў цывілізаваным сьвеце лягічнай выглядала б прапанова жыхарам заплянаваных пад знос дамоў пераехаць у навабуды. Аднак, паводле суразмоўцы, агенцтва “Твая сталіца”, якое прадае кватэры яшчэ на стадыі праектаваньня (а мэтар плошчы тут каштуе 1400 эўра) выключае магчымасьць любых перамоваў з жыхарамі.

(Аксана: ) “Мы вядзем гэтую спрэчку ўжо больш за год. І ў нас адзіныя патрабаваньні да каго б там ні было — “Марконстрою”, альбо органам, якія павінны выконваць закон. Няхай усё ідзе ў прававым полі: калі яны ня могуць нам паспрыяць у будаўніцтве дому паводле закону, значыць, няхай дадуць кватэру ў навабудоўлі”.

(Карэспандэнт: ) “Ці спрабавалі самі вы зьвяртацца да кіраўніцтва фірмы, уладаў з такой прапановай?”

(Аксана: ) “Тыдзень таму ў нас была папярэдняя размова. Прадстаўнік агенцтва “Твая сталіца”, які ня мае ніякага права размаўляць з намі па гэтай тэме, бо мы ня маем зь мі прававых дачыненьняў. І ён наўпрост заявіў: такое пытаньне не разглядаеццца. Не разглядаецца ў прынцыпе!”

Сям’я Санькоў заяўляе, што будзе абараняць сваю “крэпасьць” да канца. І настройваецца пры гэтым на цяжкія баталіі. Практычна ўсе дакумэнты, атрыманыя ў выніку ліставаньня з гарадзкімі ўладамі, падпісаныя намесьнікам кіраўніка адміністрацыі Цэнтральнага раёну Менску Дзьмітрыем Навіцкім — сынам былога прэм’ер-міністра, цяперашняга старшыні Савету Рэспублікі Генадзя Навіцкага. Ужо на заўтра ў судзе Цэнтральнага раёну заплянаваны суд у справе адсяленьня сям’і Санькоў з вуліцы Масквіна.

1.Так будзе выглядаць новы раён згодна з пляніроўкай

2.На падыходзе — чарговы дом элітнай забудовы

3.Сям’я Санькоў вырашыла бараніць дом да канца





4 – 5.Будавацца Івану Ціцянкову і Галіне Жураўковай (апошні здымак) гарадзкія ўлады не перашкаджалі
XS
SM
MD
LG