Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёлетні ўраджай ячменю створыць піваварам праблемы


Радыё Свабода Cпэцыялісты даводзяць, што Беларусі сёлета давядзецца закупляць па імпарту ня толькі пшаніцу, але і іншыя гатункі збожжа. Аднак горшы, чым у папярэднія гады, ураджай збожжа ў Расеі становіцца прычынаю росту цэнаў. Паводле газэты “Ведомости”, толькі за апошні тыдзень экспартныя пастаўкі пшаніцы падаражэлі на 10 працэнтаў. Як гэта адгукнецца на Беларусі, высьвятляў карэспандэнт Свабоды.

Радыё Свабода стала вядома, што толькі заўтра беларускі ўрад абмяркуе праблемы ўборачнай кампаніі. Яшчэ праз колькі дзён чакаецца сэлектарная нарада з удзелам прэзыдэнта. Тым часам гарачае надвор’е сушыць зерне ў каласох і прысьпешвае малацьбу. Аграном найвялікшай на Берасьцейшчыне гаспадаркі “Астрамечава” Іван Кісьляк гаворыць пра непазьбежныя страты.

(Кісьляк: ) “Ня будзе таго, што летась. У нашай гаспадарцы, напрыклад, пшаніца займае 25 працэнтаў уборачнай плошчы. Магчыма, што яна яшчэ пастаіць. А вось ячмень трэба малаціць”.

Заклапочаныя горшым сёлета ўраджаем і спэцыялісты перапрацоўчых прадпрыемстваў. Як паведаміла тэхноляг Лідзкага піўзаводу Тацьцяна Мазур, сёлета прадпрыемству пагражае дэфіцыт якаснага ячменю.

(Мазур: ) “Засушыла зерне. Яно – схуднелае. У півавараў будуць праблемы. Давядзецца тэхналёгіі выпраўляць”.

Са словаў Тацьцяны Мазур, плянавалася, што сёлета Беларусь заашчадзіць да 200 мільёнаў даляраў, адмовіўшыся ад закупу сыравіны за межамі краіны. Забарона на імпарт дзейнічае па сёньня, хаця, як кажа тэхноляг, на свой піваварны ячмень спадзявацца ўжо не даводзіцца.

(Мазур: ) “Выяжджалі спэцыялісты на палі і бачылі, у якім яны стане. Засушыла зямлю. Увесь год мы працавалі на беларускім ячмені. Наш беларускі солад быў горшай якасьці й даражэйшы”.

Навуковец Іван Нікітчанка называе сытуацыю ў нарыхтоўках пшаніцы харчовых гатункаў і піваварнага ячменю, як крытычную:

(Нікітчанка: ) “Чыноўнікам трэба было б ня сядзець цяпер, а ўзьнімаць ветразі і ехаць у Расею. І замаўляць кантракты. Свайго збожжа ў нас няма. Калі атрымаецца намалаціць 5 мільёнаў тон зерня, то будзе вельмі добра”.

Учора мы таксама гаварылі пра магчымы ў Беларусі ўраджай збожжа. Афіцыйны прагноз Інстытуту земляробства і сэлекцыі агучыў акадэмік Міхаіл Кадыраў. Ён паведаміў пра 7 мільёнаў тон. Аднак і гэтае зерне яшчэ ў каласох.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG