Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уга Чавэс зьбіраецца да Аляксандра Лукашэнкі


Радыё Свабода Напрыканцы ліпеня плянуецца візыт у Беларусь прэзыдэнта Вэнэсуэлы Уга Чавэса. Пра гэта заявіў кіраўнік вэнэсуэльскай дэлегацыі, якая знаходзіцца ў Менску, амбасадар Вэнэсуэлы на Кубе Адан Чавэс Фрыяс, брат дзейнага прэзыдэнта краіны. Амбасадар заявіў, што ў сфэры замежнапалітычнага супрацоўніцтва Вэнэсуэла й Беларусь маюць агульныя інтарэсы. Адным з важнейшых зьяўляецца “жаданьне процістаяць агрэсіўнай палітыцы паўночнаамэрыканскай імпэрыі”. Паводле пасла Вэнэсуэлы, інтэграцыя краінаў сьвету дзеля супраціву дыктату ЗША — неабходная ўмова для іх пасьпяховага разьвіцьця.

Уга Чавэс — кіраўнік левых поглядаў, ягоная краіна валодае пятымі па велічыні запасамі нафты ў сьвеце. Яшчэ Вэнэсуэла адметная тым, што доўгі час мае напружаныя дачыненьні з ЗША. Былы дэсантнік Чавэс рэгулярна вінаваціць ЗША ў тым, што яны выношваюць агрэсіўныя намеры адносна Вэнэсуэлы. У адным з тэлевыступаў ён загадаў арміі рыхтаваць мірнае насельніцтва краіны да партызанскай вайны. Уга Чавэс вядомы вельмі жорсткімі выпадамі супраць прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша. Каракас і Вашынгтон знаходзяцца ў пастаяннай спрэчцы наконт вэнэсуэльскай сацыялістычнай рэвалюцыі й цесных дачыненьняў самога Чавэса з ворагамі ЗША на Кубе і ў Іране.

Улады ЗША называюць размовы пра напад на Вэнэсуэлу папулісцкай рыторыкай. Пры гэтым Вашынгтон падкрэсьлівае, што сам Чавэс уяўляе сабой пагрозу дэмакратыі ў Лацінскай Амэрыцы. Некаторыя палітыкі называюць Уга Чавэса “небясьпечным дэмагогам, які падтрымлівае нафтадалярамі таталітарныя рэжымы”.

Паводле палітоляга Андрэя Фёдарава, візыт Уга Чавэса ў Менск ня будзе мець вялікай эканамічнай карысьці. Галоўная яго задача — здабыць палітычны эфэкт.

(Фёдараў: ) “Адносна нафты ёсьць пэўныя сумневы, бо трубаправоду непасрэдна не пракладзена з Вэнэсуэлы ў Эўропу, у Беларусь у прыватнасьці. Значыць, трэба яе дастаўляць нейкімі танкерамі. А куды дастаўляць — у Чорнае мора ці ў Балтыйскае? Так што тут ёсьць пэўныя сумневы. Магчыма, Вэнэсуэла жадае тут нешта набыць з узбраеньняў, як яна цяпер набывае аўтаматы Калашнікава ў Расеі. Тое палітычнае відаць даволі добра. У адной і ў другой краіне кіруюць людзі, якім вельмі не падабаецца палітыка ЗША. Я думаю, гэта будзе галоўнай мэтай візыту — прадэманстраваць сваё адзінства ў гэтым кірунку, зрабіць нейкія гучныя заявы. Для ўнутранага карыстаньня гэта будзе — што Беларусь не знаходзіцца ў міжнароднай ізаляцыі”.

Кіраўнік камісіі Палаты прадстаўнікоў у міжнародных справах Вадзім Папоў ад камэнтароў адмовіўся, маўляў, ён не сустракаўся з вэнэсуэльскай дэлегацыяй.

(Папоў: ) “Таму я ня ў гэтай тэме”.

Візыты першых асобаў у Беларусь здараюцца даволі рэдка. Днямі ў Менску былі кіраўнікі краінаў ЭўрАзЭС, таксама сюды прыяжджаюць першыя асобы Расеі й расейскіх рэгіёнаў. Таксама ў Беларусі былі кіраўнікі Кітаю і Віетнаму. У 2004 годзе прыяжджалі прэзыдэнт Ірану і прэзыдэнт Лівану. Наведваў краіну і прэзыдэнт Судану.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG