Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Віцебск: карэспандэнт аштрафаваны, двое затрыманых чакаюць судоў


Радыё Свабода, Віцебск На працягу мінулых сутак у Віцебску былі затрыманыя 15 чалавек, зь іх 13 – гэта маладыя людзі, удзельнікі навастворанага руху “Бунт”, а яшчэ двое – маці палітыка Паўла Севярынца Тацяна і фотакарэспандэнт газэты “Витебский курьер” Сяргей Серабро.

Тацяна Севярынец і Сяргей Серабро былі сьведкамі таго, як на асьвятляльнай вежы каля амфітэатру быў узьняты бел-чырвона-белы сьцяг. Ён правісеў там каля паўгадзіны, пакуль байцы АМОНу ня скінулі яго ўніз. Тацяна Севярынец падняла сьцяг зь зямлі, бо, як яна кажа, не магла трываць, каб гістарычны сымбаль ляжаў у брудзе. За гэта міліцыянты яе затрымалі і завезьлі ў пастарунак, сказаўшы, што яна хацела зьнішчыць важны рэчавы доказ. У Кастрычніцкім райаддзеле міліцыі яе дапыталі, сфатаграфавалі для таго, каб паставіць на кампутарны ўлік, і адпусьцілі дадому.

Для фотакарэспандэнта Сяргея Серабра затрыманьне абярнулася горшымі наступствамі.

(Серабро: ) “Было досыць шмат людзей, якія глядзелі на сьцяг. А я гэта ўсё здымаў. Падышлі два міліцыянты, спыталіся, што я раблю. Я адказаў, што выконваю свае прафэсійныя абавязкі. Потым яны мяне павялі да машыны, а калі прывезьлі ў РАУС, то там мне сказалі, што я затрыманы за дробнае хуліганства: нібыта я перашкаджаў працы апэратыўна-сьледчай групы, гучна крычаў, махаў рукамі... Я запісаў у пратаколе, што ўсё гэта няпраўда. Паводле гэтага артыкулу парушэньне можа разглядаць або начальнік РАУСу, або суд. Але суду, мне сказалі, давядзецца ноч чакаць у сьледчым ізалятары. Я пагадзіўся, каб маю справу разглядаў начальнік. І мне далі штраф – палову базавай велічыні, або 16 тысяч.

Апроч таго, што фотакарэспандэнта аштрафавалі, міліцыянты сьцерлі усе фатаздымкі ў памяці ягонага лічбавага фотаапарата. Хроніка падняцьця сьцяга вядомай удзельніцай намётавага гарадка на Кастрычніцкай плошчы Крысьцінай Шацікавай была страчаная.

Між тым Крысьціна Шацікава сама неўзабаве апынулася ў тым самым пастарунку: яе гвалтам зьнялі з асьвятляльнай вежы. Пра гэта расказвае сьведка падзеяў:

(Дзяўчына: ) “Туды да яе залез адзін міліцыянт, пачаў біць Крысьціну па галаве, Крысьціна вельмі моцна крычала – так, што крык разносіўся тут па ўсёй пляцоўцы. Потым прыехалі тры машыны МНС, два пажарныя і тры спэцназаўцы палезьлі наверх, пачалі яе зьвязваць – зьвязалі рукі, прычапілі нейкія крукі, ашыйнік нейкі ў яе быў... У той час, як яе здымалі, гэтыя спэцназаўцы зноў білі яе нагамі па галаве”.

У Кастрычніцкім РАУСе, куды завезьлі Крысьціну Шацікаву, ёй стала дрэнна, і міліцыянты змушаныя былі даставіць яе спачатку ў шпіталь хуткае дапамогі, а потым у абласны клінічны шпіталь.

Калі стан здароўя Крысьціны будзе здавальняльны, то сёньня яе будуць судзіць. У віцебскім ізалятары часовага ўтрыманьня суду чакае таксама моладзевы актывіст Іван Сьпірын, затрыманы ўчора нібыта за непадпарадкаваньне міліцыянтам.
XS
SM
MD
LG