Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слонімцы ўшанавалі памяць паўстанца Міхала Валовіча


Міхал Карневіч, Гарадзенская вобласьць На здымку: крыж і памятная пліта паўстанцу Міхалу Валовічу і 12 яго паплечнікам на могілках у Парэччы Сёньня ў вёсцы Парэчча Слонімскага раёна мясцовыя актывісты адзначылі 200-я ўгодкі з дня нараджэньня Міхала Валовіча, які ў 1833 годзе арганізаваў на Слонімшчыне паўстанцкі атрад з некалькіх дзесяткаў чалавек і змагаўся супраць расейскага царызму.

Міхал Валовіч быў пакараны сьмерцю на шыбеніцы на загад губэрнатара Мураўёва-"вешальніка". Было Валовічу 26 гадоў.

У Парэччы на могілках сабраліся каля 30 чалавек, у асноўным актывісты палітычных партый і грамадзкіх арганізацый са Слоніма, а таксама мясцовыя жыхары. Людзі прынесьлі да помніка жывыя кветкі, прамаўлялі.

Слонімскі журналіст Сяргей Чыгрын заўважыў, што ў такі дзень да помніка прыйшло ўсяго столькі людзей, як некалі Міхал Валовіч сабраў у свой атрад, каб змагацца супраць расейскага царызму:

(Чыгрын: ) “Калі б такая асоба была ў Францыі, Нямеччыне альбо Амэрыцы, то сёньня тут было б вялікае нацыянальнае сьвята. Тое, за што змагаўся Міхал Валовіч, ягоная мара, я думаю, за гэтых 200 гадоў так і не ажыцьцявілася”.

Дарэчы, дагэтуль невядома, дзе знаходзіцца магіла Валовіча. Існуе некалькі вэрсіяў. Паводле першай, пасьля таго як яго пакаралі ў Горадні, цела, быццам, скралі паўстанцы і перавезьлі ў Парэчча, дзе і пахавалі. Па другой вэрсіі, ягонае цела выкупіла маці і пахавала побач з уніяцкай царквой у Парэччы, якую будавалі Валовічы. Аб гэтым апавядаў мясцовы жыхар, пэнсіянер, былы настаўнік беларускай мовы Мікалай Ракевіч.

(Ракевіч: ) “І што вы думаеце, тут быў сьвятар, які прыехаў аднекуль з Прыднястроўя. Ён падгаварыў забулдыгаў, п’яніцаў, і яны вырвалі той крыж і нясьлі ў Шчару ўтапіць, але там вялікая багна і яны кінулі яго ў гэтую багну і ўсё.”

Надзея Харытончык, пэнсіянэрка, жыве ў Слоніме, але сама нарадзілася ў Парэччы і ўжо другі год запар прыяжджае адзначаць угодкі Міхала Валовіча.

(Харытончык: ) “Прыцягвае тое, што некалі чалавек змагаўся за нашу Радзіму, і я хачу каб і далей змагаліся за нашу Радзіму – Беларусь"

Пасьля прамоваў людзі сьпявалі побач з помнікам гімн "Магутны Божа".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG