Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Продаж пірацкіх копіяў “Коду да Вінчы” ў Менску ідзе на спад?


Радыё Свабода У першыя дні пасьля забароны дэманстрацыі фільму “Код да Вінчы” ў менскіх кінатэатрах экспэрты адзначылі надзвычайны попыт на пірацкія копіі гэтага кінафільму. А ці зьмянілася сытуацыя цяпер?

Пакупніцкі попыт на DVD-дыскі зь фільмам “Код да Вінчы” вывучаю ў ажыўленым падземным пераходзе ля станцыі мэтро “Кастрычніцкая”. Пытаюся мінакоў, ці цікавіць іх гэты фільм, ці набываюць яго.

(Першы юнак: ) “Мне хочацца яго паглядзець, бо цікава, чаму яго забаранілі для адкрытага прагляду”.

(Другі юнак: ) “Жадалі б паглядзець, бо кнігу прачыталі, а фільм апынуўся пад забаронаю”.

(Першая дзяўчына: ) “Так, я шукала. Бо вялікі розгалас вакол фільму й кнігі”.

(Другая дзяўчына: ) “Амаль ва ўсіх сетках ёсьць, але жахлівая якасьць”.

Фільм “Код да Вінчы” ў Менску можна замовіць і ў інтэрнэт-крамах, якія прадаюць DVD. У тэлефоннай гутарцы з прадстаўніком крамы Андрэем найперш удакладняю якасьць тавару, які прапаноўваецца за 8800 рублёў.

(Андрэй: ) “Тут копіі пакуль якія ёсьць — пірацкія. Проста ліцэнзійных пакуль няма”.

(Карэспандэнт: ) “Ці шмат людзей замаўляюць гэты фільм?”

(Андрэй: ) “Адразу, як забаранілі, то быў скачок”.

(Карэспандэнт: ) “Але гэта самы дарагі фільм сярод іншых дваццаці сямі прыкладна, што рэклямуюцца як бэстсэлеры”.

(Андрэй: ) “Таму што карыстаўся падвышаным попытам. Такі кошт, бо быў ажыятаж, многія хацелі гэты фільм паглядзець”.

Паводле беларускага заканадаўства, дэманстрацыя альбо продаж фільму забараняюцца, калі ён прапагандуе фашызм, расавую нянавісьць, ксэнафобію, парнаграфію. Вызначаныя дакладныя й адназначныя крытэры. “Калі іх прытрымлівацца, — кажа вядомы беларускі кінарэжысэр Юры Хашчавацкі, — то фільм “Код да Вінчы” ня мог быць забаронены”.

(Хашчавацкі: ) “Калі лічыць, што Ісус, сын Божы, быў пасланы на зямлю ў выглядзе чалавека для таго, каб ён прыняў пакуты за чалавека, за ўсіх людзей, то Ісус павінен быў спазнаць усё людзкое. Гэта выклікае цікавасьць да вывучэньня мастацтва, гісторыі й хрысьціянства”.

У Беларусі ў кінатэатрах і на тэлебачаньні фільмаў самаго Хашчавацкага не дэманструюць.

(Хашчавацкі: ) “Паралель толькі адна — зь фільмам “Звычайны прэзыдэнт”. Як толькі забаранілі, яго адразу пачалі глядзець на касэтах, сёньня яго глядзяць на дысках. У пэўным сэнсе элемэнт закрыцьця карысны для таго ці іншага твору”.

17 траўня адбылася ўсясьветная прэм’ера амэрыканскага рэжысэра Рона Говарда “Код да Вінчы”, зьнятага паводле аднайменнай кнігі яго суайчыньніка Дэна Браўна. Раман быў надрукаваны ў ЗША ў сакавіку 2003 году й дагэтуль уваходзіць у сьпіс бэстсэлераў. Твор перакладзены на 44 мовы й выдадзены агульным накладам больш як 50 мільёнаў асобнікаў. У Беларусі паказ фільму спынілі з-за пратэсту вернікаў каталіцкай і праваслаўнай царквы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG