Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адбылася прэзэнтацыя кнігі “Беларуская Атлянтыда” (фота)


Ганна Соўсь, Менск У Рэспубліканскай мастацкай галерэі адбылася прэзэнтацыя “Беларускай Атлянтыды” – дзясятай кнігі з сэрыі “Бібліятэка Свабоды. XXI cтагодзьдзе”, складзенай з тэкстаў выбраных аднайменных перадачаў, якія гучалі на хвалях “Свабоды” ад 2000 да 2005 году. Імпрэза сабрала каля 150 чалавек.

Вядоўцам вечарыны быў аўтар кнігі, мастацтвазнаўца, журналіст Свабоды Вячаслаў Ракіцкі. “Пакуль нацыя не набудзе свой міт, яна не стане паўнавартаснай – у гэтым палягае ідэя “Беларускай Атлянтыды”, – кажа Вячаслаў Ракіцкі. Паводле яго, прычына доўгажыхарства ягонай перадачы ў тым, што яна патрэбная людзям.

Дырэктар беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук у сваім выступе зьвярнуў увагу на тое, што гэтая прэзэнтацыя адбываецца ў травеньскія дні, у якія 52 гады таму пачала вяшчаньне беларуская служба Радыё Свабода. "“Беларуская Атлянтыда” і гісторыя будзе мяняцца, але так, як Вячаслаў Ракіцкі і ягоныя аўтары, пра гісторыю яшчэ не гаварылі, падкрэсьліў Аляксандар Лукашук.

Сярод удзельнікаў прэзэнтацыі – вядомыя пісьменьнікі, гісторыкі, культуролягі, філёзафы, якія разам зь Вячаславам Ракіцкім шукалі беларускую Атлянтыду цягам пяці гадоў. Сам ён назваў іх культурнымі і навуковымі героямі Беларусі.

Сярод шукальнікаў Атлянтыды – пісьменьнікі Вольга Іпатава, Алесь Петрашкевіч, Пятро Васючэнка, філёзафы Алесь Анціпенка, Валянцін Акудовіч, гісторыкі Анатоль Грыцкевіч, Генадзь Сагановіч, Алег Трусаў, Алесь Белы, Захар Шыбека, Ірына Колабава, Ігар Марзалюк, мастацтвазнаўцы Вацлаў Арэшка, Сяргей Харэўскі, фальклярыстка Лія Салавей, этнакультуролягі Тацьцяна Валодзіна, Тодар Кашкурэвіч, Дзяніс Раманюк, археоляг Ніна Здановіч.

Прэзэнтацыя адбывалася ў фармаце радыё-інтэрвію. Вячаслаў Ракіцкі зьвяртаўся да кожнага выступоўцы з кароткімі пытаньнямі, і гэткім чынам праз удзельнікаў вечарыны прадстаўлялася тэматыка кнігі.

Паводле аднаго з аўтараў філёзафа Валянціна Акудовіча, кніга “Беларуская Атлянтыда” сьведчыць пра то, што беларусы ёсьць інтэлектуальнай нацыяй.

А пісьменьнік Уладзімер Арлоў адзначыў, што тэма гісторыі заўсёды была адной з галоўных на “Радыё Свабода”, аднак апошнія гады справа вяртаньня спадчыны рабілася Вячаславам Ракіцкім найбольш сыстэмна і плённа.

У прэзэнтацыі ўзяў удзел адзін з шукальнікаў беларускай Атлянтыды майстра дудаў Тодар Кашкурэвіч, які выступіў ня толькі як суаўтар кнігі, але і як выканаўца архаічнай музыкі, а таксама музыкі эпохі рэнэсансу і барока.

У часе прэзэнтацыі праводзілася віктарына. Усім удзельнікам імпрэзы прапанавалі пытаньні, адказы на якія можна знайсьці ў перадачах “Беларуская Атлянтыда”. Напрыклад: “Якія калёніі мелі нашыя продкі ў старажытнасьці?” “Дзе беларусы ў сваіх уяўленьнях разьмясьцілі пекла?” “У якіх беларускіх вадаёмах вадзіўся і можа вадзіцца цмок?” ды іншыя.

Пераможцы віктарыны атрымалі ў падарунак кнігі ”Беларуская Атлянтыда”.

выступае дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандр Лукашук

Уладзімер Арлоў чытае свой верш "Сачу твае знакі, Свабода"

На сцэне аўтар Вячаслаў Ракіцкі і мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі

Выступае майстра дудаў Тодар Кашкурэвіч
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG