Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча – два гады ў Эўразьвязе


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня мінае два гады ад самага вялікага ў гісторыі Эўрапейскага Зьвязу пашырэньня гэтай арганізацыі. Пра тое, што за гэты час зьмянілася ў найвялікшай краіны з “новых” дзяржаваў аб’яднанай Эўропы расказвае варшаўскі карэспандэнт "Свабоды".

Сярод найбольш істотных плюсаў сяброўства ў Эўрапейскім зьвязе палякі называюць магчымасьць працы ў краінах Заходняй Эўропы – ад сёньняшняга дня, у дадатак да Вялікабрытаніі, Ірляндыі і Швэцыі, палякі могуць цяпер без усялякіх абмежаваньняў працаваць яшчэ і ў Гішпаніі, Партугаліі, Грэцыі ды Фінляндыі.

Грамадзяне Польшчы актыўна выкарыстоўваюць гэтую магчымасьць – падлічана, што ад 1 траўня 2004 году на працу ў заходнюю Эўропы выехалі каля паўмільёна палякаў.

Значна спрасьціліся таксама ўмовы для фірмаў, якія прадаюць ці купляюць тавары ў краінах Эўразьвязу – на тэрыторыі 25 дзяржаваў існуе адзіная мытная сыстэма.

Грамадзяне Польшчы могуць падарожнічаць па краінах аб’яднанай Эўропы нават без пашпарту, а толькі з пасьведчаньнем асобы.

Польскі прэм’ер-міністар Казімеж Марцінкевіч лічыць, што сяброўства ў Эўразьвязе дае Польшчы вялікія магчымасьці.

(Марцінкевіч: ) “Ідэальным доказам гэтага ёсьць падвышэньне замежных інвэстыцыяў – гэта вельмі добра ўплывае на эканамічнае разьвіцьцё нашай краіны. Уступленьне ў Эўразьвяз дало нам вялікі шанец, які мы павінны выкарыстаць і мы зробім гэта”, – заявіў Казімеж Марцінкевіч.

Паводле адмыслоўцаў, дзякуючы далучэньню да Эўразьвязу, Польшча атрымала магчымасьць больш значнага ўплыву на замежную палітыку аб’яднанй Эўропы. Напрыклад, актыўнасьць Брусэлю ў справе Ўкраіны а пазьней і Беларусі была выкліканая перадусім намаганьнямі Варшавы.

Між тым, паводле дадзеных апытаньняў грамадзкай думкі, 70% палякаў лічаць, што далучэньне да Эўразьвязу ніяк не паўплывала на іхнае жыцьцё, аднак супраць знаходжаньня Польшчы ў Эўрапейскім зьвязе выступае толькі кожны дзясяты паляк.
XS
SM
MD
LG