Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі прэм’ер сустрэнецца з кубінскім камандантэ


Ігар Карней, Менск Сёньня ў Палацы рэвалюцыі кубінскай сталіцы заплянаваная сустрэча старшыні Дзяржаўнага савету і Савету міністраў Кубы Фідэля Кастра з прэм’ер-міністрам Беларусі Сяргеям Сідорскім. Афіцыйны Менск называе Кубу сваім галоўным гандлёвым партнэрам ў Лацінскай Амэрыцы. Між тым, статыстыка сьведчыць, што ў 2005 годзе таваразварот паміж краінамі зьменшыўся ў параўнаньні з годам папярэднім на 45%.

Дык якія стасункі наладжваюць беларускі і кубінскі рэжымы – эканамічныя ці палітычныя?

Кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка зьвяртае ўвагу, што Куба зьяўляецца краінай-спажыўцом – унутраная прамысловасьць базуецца, перадусім, на вытворчасьці рому і цыгараў, а таксама на экспарце цукру-сырца. Таму, на думку спадара Заікі, павелічэньне беларускага экспарту, уключна са зброяй, на выспу Свабоды цалкам рэальнае.

Разам з тым, Куба, як і Беларусь, мае вельмі абмежаваныя зьнешнепалітычныя кантакты. Ва ўмовах міжнароднай ізаляцыі і гандлёвага эмбарга адносна частыя госьці на высьпе Свабоды хіба толькі расейскія ды беларускія дэлегацыі.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, асноўным артыкулам беларускага экспарту на Кубу ёсьць пастаўкі грузавых аўтамабіляў МАЗ, БелАЗ, МоАЗ – 72% у агульным аб’ёме на суму 9,5 мільёну даляраў. Астатнія паказьнікі больш сьціплыя: трактары – 6%, рухавікі – 3,9%, шыны – 1,6% і г.д.

У той жа час імпарт з Кубы зьнізіўся больш чым на 76% – перадусім, з-за таго, што Куба ў чатыры разы зьнізіла пастаўкі ў Беларусь цукру-сырца.

Асноўным даходнай часткай кубінскага бюджэту застаецца турызм. Аднак аддаленасьць і дарагавізна авіяпералёту не дае падставаў беларускім турфірмам казаць пра Кубу як пра стратэгічны кірунак сваёй дзейнасьці.

(ПАДРАБЯЗНАСЬЦІ)
XS
SM
MD
LG