Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанскі міністар: "Бі-Бі-Сі" на беларускай мове не плянуецца


Мікола Пачкаеў, Лёндан Сёньня з раніцы ў парлямэнце Вялікабрытаніі, упершыню на працягу апошніх гадоў, адбываліся слуханьні аб праблемах дэмакратызацыі ў Беларусі. У цягу дэбатаў прамаўлялі некалькі дэпутатаў ад апазыцыйных і кіруючай партыяў, а з боку ўраду выступаў брытанскі міністар па справах Эўропы Дуглас Александэр.

Дэбаты адбываюцца на фоне значнай увагі, якую брытанская прэса, уключна з радыё і тэлебачаньнем, удзелялі падзеям у Беларусі на працягу апошняга месяцу.

Ініцыятарам выступіў Гары Стрытэр, старшыня камісіі па правох чалавека Кансэрватыўнай партыі, які нядаўна наведаў Беларусь. У сваёй прамове ён прадэманстраваў добрую абазнанасьць у беларускай сытуацыі, спыніўшыся сярод іншага на мэханізмах фальшаваньня выбарчых лічбаў і рэпрэсіях, якія зазнаюць прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасьці ў Беларусі.

Старшыня камісіі таксама падзяліўся сваім вялікім уражаньнем ад сустрэчы з Аляксандрам Мілінкевічам, якога ён акрэсьліў як "выдатнага чалавека, мужнага і высакароднага".

Гары Стрытэр заклікаў брытанскі ўрад зрабіць усё магчымае для аказаньня ціску на пануючы ў Беларусі ўрад – з мэтай дамагчыся свабодных і справядлівых выбараў для беларускага народу.

Сярод іншага ён закрануў пытаньне стварэньня беларускамоўнай службы "Бі-Бі-Сі", запытаў аб пераглядзе рашэньня аб закрыцьці прадстаўніцтва Брытанскай рады ў Менску, аб пашырэньні санкцыяў супраць рэжыму і ўзьняцьці беларускага пытаньня ў дачыненьнях з Расеяй.

Дэмакратычныя перамены ў Беларусі – зазначыў брытанскі дэпутат – павінны быць абсалютным прыярытэтам для Эўразьвязу.

Іншыя ўдзельнікі слуханьняў падзялялі абурэньне кансэрватыўнага палітыка што датычыць рэпрэсіі й гвалту, ужытымі менскім рэжымам супраць прыхільнікаў апазыцыі. Яны казалі аб "трагедыі Беларусі", аднак заклікалі да асьцярожнасьці ў дзеяньнях – мяркуючы, што Лукашэнка нібыта перамог бы нават у разе вольных выбараў, бо вялікая частка беларускіх выбаршчыкаў баіцца страціць гарантаваны пражыцьцёвы мінімум і стабільнасьць, маўляў забясьпечаныя Лукашэнкам – нават калі ягоная эканамічная палітыка грунтуецца на расейскіх субсыдыях і ўрэшце прывядзе да каляпсу. Адначасова выказваліся таксама перасьцярогі аб тым, ці ня станецца Беларусь пад уладай Лукашэнкі крыніцай міжнароднага гандлю небясьпечнымі тэхналёгіямі і радыёактыўнымі рэчывамі.

У сваім адказе брытанскі міністар па справах Эўропы Дуглас Александэр назваў Беларускі рэжым "анахранізмам" і зазначыў брытанскую падтрымку санкцыяў, уведзеных Эўразьвязам супраць кіраўнічых асобаў менскага рэжыму, а таксама брытанскую падтрымку іншым эўрапейским праектам – такім як стварэньне крыніцаў незалежнай інфармацыі.

Датычна "Бі-Бі-Сі" ён паўтарыў аднак пазыцыю, згодна якой беларускія тэмы асьвятляюцца ў расейскіх і ўкраінскіх праграмах "Бі-Бі-Сі" на кароткіх хвалях, тым часам як няма тэхнічнай магчымасьці дзейсна пакрыць тэрыторыю Беларусі на агульнадаступных хвалях.

Паводле міністар, панацэі для вырашэньня праблемы Беларусі заходнім урадам сапраўды невядома, але Брытанія падтрымлівае агульныя захады Эўразьвяза ў Беларускім пытаньні. У прыватнасьці, на працягу апошняга часу Эўразьвяз прадставіў некалькі зваротаў адносна Беларусі на адрас Расеі.

У справе падтрымкі пацярпелым ад рэжыму міністар сказаў, што пакуль Эўразьвяз ня мае поўных лічбаў ці сьпісаў, але гэтыя зьвесткі высьвятляюцца.

Брытанскі міністар па справах Эўропы таксама запэўніў дэпутатаў, што ён асабіста закранаў беларускае пытаньне ў часе свайго візыту ў Маскву ды мяркуе, што паседжаньне кіраўнікоў краінаў "вялікай васьмеркі" у ліпені будзе нагодай, калі гэтая справа можа быць узьнята ў дачыненьнях з расейскім бокам ізноў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG