Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Шарамет: “Я ўпэўнены, што зьмены ў Беларусі непазьбежныя”


Радыё Свабода Сёньня ў Менску са спэцпрымальніка-разьмеркавальніка на вуліцы Акрэсьціна выйшаў на волю кіраўнік аддзелу спэцпраектаў Першага расейскага тэлеканалу Павал Шарамет. Першае інтэрвію ён даў Радыё Свабода.

Павал Шарамет выйшаў за браму спэцпрымальніка а 12-й гадзіне. Віталі палітычнага вязьня, лёс якога заставаўся няпэўным ад 25 сакавіка, воплескамі.

(Шарамет: ) “Выпусьцілі без тлумачэньня. Але я чуў, што нібыта на гэта атрыманы загад міністра Навумава. Больш я нічога ня ведаю. Адзінае, што патрабуюць — каб я тэрмінова пакінуў Беларусь”.

Радыё Свабода раней паведамляла пра гвалтоўнае затрыманьне Паўла Шарамета ля аптэкі на вуліцы Леніна. Напачатку яго адвезьлі ў аддзел міліцыі Цэнтральнага раёну Менску. Пасьля першага допыту Шарамет запатрабаваў мэдычнай дапамогі. Зьнік Павал у ноч з 25 на 26 сакавіка. Як пасьля высьветлілася, яго трымалі ў разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна. Міліцыянты не далі сябрам і маці Паўла Людміле Станіславаўне перадаць сыну лекі й харчы.

(Шарамет: ) “Чарговы раз удзячны журналістам, людзям за прафэсійную й чалавечую салідарнасьць. Вялікі ўсім дзякуй! Я абураны тым, што адбываецца ў Менску. Я захапляюся мужнасьцю людзей. Я схіляюся перад усімі, хто быў на плошчы. Я ўпэўнены, што зьмены ў Беларусі непазьбежныя”.

Павал Шарамет таксама паведаміў, што яго трымалі ў адной камэры з былым амбасадарам Польшчы ў Беларусі Марыюшам Машкевічам і замежнымі журналістамі. Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, на сёньня за кратамі застаюцца больш як 35 супрацоўнікаў мэдыяў, у тым ліку каля дзесятка грамадзянаў Расеі, Польшчы, Украіны.
XS
SM
MD
LG