Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладальнікі “забароненых” аўтамабіляў напісалі ліст Лукашэнку


Радыё Свабода Ад 1 красавіка набудзе моц палажэньне аб забароне эксплуатацыі транспартных сродкаў з таніраванымі шыбамі, ступень сьветапрапусканьня якіх не адпавядае патрабаваньням правілаў дарожнага руху. Аўтааматары лічаць падобныя захады нелягічнымі, паколькі яны грунтуюцца на састарэлым дзяржаўным стандарце 1988 году, тады як вялікая колькасьць аўтамабіляў амэрыканскай, эўрапейскай і азіяцкай вытворчасьці сыходзяць з канвэеру ўжо з таніраваным шклом. Сёньня Аляксандру Лукашэнку, указам якога ад 1 студзеня пачалі дзейнічаць новыя правілы дарожнага руху, накіраваны калектыўны ліст незадаволеных кіроўцаў.

Трэці раз у гэтым месяцы кіроўцы прыватных аўтамабіляў зьбіраліся, каб выказаць незадавальненьне палажэньнем новых правілаў дарожнага руху, якія тычацца забароны на эксплуатацыю машынаў з таніраваным шклом. Апошняя сустрэча ў нядзелю прычынілася да адкрытага ліста, які сёньня быў накіраваны галоўнаму ініцыятару зьменаў у правілы дарожнага руху Аляксандру Лукашэнку. Вось невялікая вытрымка:

“У эўрапэйскіх краінах дзейнічаюць правілы Эўрапэйскай Эканамічнай Камісіі (ЭЭК) ААН №43, якія ўведзеныя ў Беларусі ў якасьці Дзяржаўнага стандарту. Да гэтага пагадненьня Беларусь далучылася прэзыдэнцкім указам 03.12.1994 году. Як можна адначасна далучацца да міжнародных Правілаў і нібыта на законных падставах іх жа парушаць? Краіны-сябры ААН прымаюць свае ўнутраныя стандарты на падставе гэтых правілаў, якія прадугледжваюць нормы сьветапрапусканьня: 75% – для ветравога шкла, 70% – для пярэдніх шыбаў. Сьветапрапусканьне астатніх не нармуецца. Ні ў адной краіне Эўропы няма адхіленьняў ад правілаў ЭЭК у бок дадатковых, больш жорсткіх нормаў па таніроўцы”.

Адзін з падпісантаў ліста Андрэй Ляўкоў кажа, што сучасныя машыны ў прынцыпе ня могуць адпавядаць нормам састарэлага дзяржаўнага стандарту.

(Ляўкоў: ) “Прымаючы новыя правілы дарожнага руху, чамусьці арыентуюцца не на міжнародны стандарт ЭЭК ААН, а на састарэлы ДАСТ 1988 году, які ні ў якім разе ня можа адпавядаць сучасным нормам, прынятым у Эўропе адносна сучасных машынаў”.

Спадар Ляўкоў кажа, што ўладальнікі фактычна забароненых аўтамабіляў трапляюць у зачараванае кола. Перадусім, бальшыня машынаў ужо з заводу сыходзяць з таніраванымі шыбамі. Па-другое, прадаць такія аўтамабілі таксама не атрымаецца.

(Ляўкоў: ) “Яе ня будзе каму і прадаць. Ніхто не рызыкне набыць аўтамабіль, які загадзя прыносіць толькі выдаткі, бо чамусьці не адпавядае якімсьці састарэлым нормам ДАСТ. Да таго ж, існуе праблема з транспартам беларускім: тыя ж аўтобусы “МАЗ” ужо сыходзяць з канвэеру са шклом, якое не праходзіць паводле новых стандартаў, хоць у прынцыпе яны прызваныя служыць на карысьць людзям. Прынамсі, дзеля таго, каб пасажыр адчуваў сябе камфортна ў тым жа грамадзкім транспарце. Цяпер, атрымліваецца, яны не праходзяць паводле нормаў. І гэта ня ёсьць правільна”.

Аднак кіраўніцтва Дзяржаўтаінспэкцыі не дае асаблівых падставаў да аптымізму і афіцыйна папярэдзіла: невыкананьне патрабаваньняў пацягне адказнасьць паводле дзейнага заканадаўства. Разам з тым у сваім лісьце да Лукашэнкі аўтаўладальнікі пішуць: “У безвыходнай сытуацыі апынуліся дзесяткі тысячаў аўтаўладальнікаў. І калі распрацоўшчыкі равілаў дарожнага руху грунтоўна не прадумалі п.194.12, дапусьцілі пагрэшнасьць, у вашай кампэтэнцыі выправіць іх памылку”. Кіроўцы, прынамсі, вераць у станоўчы досьвед аўтааматараў Расеі, дзе, паводле новаўводзінаў, машыны з чырвонымі ліхтарамі паваротаў гэтаксама аказаліся па-за законам і асабіста прэм’ер-міністар Міхаіл Фрадкоў быў вымушаны накласьці вета на гэты пункт.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG