Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як палітыкі камэнтуюць выступ Гайдукевіча на БТ?


Радыё Свабода Як камэнтуюць тэлевізійны выступ кандыдата ў прэзыдэнты Сяргея Гайдукевіча яго канкурэнты – сябры штабоў Аляксандра Лукашэнкі, Аляксандра Казуліна і Аляксандра Мілінкевіча? У штабе Аляксандра Лукашэнкі адмовіліся камэнтаваць выступ Сяргея Гайдукевіча.

Прычыны адмовы тлумачыць прэсавы сакратар штабу Лукашэнкі Дзьмітры Косьцін.

(Косьцін: ) “Неяк некарэктна. Калі будуць выбарчыя праграмы кандыдатаў, тады можна з камэнтарамі ставіцца да іх там плюсаў і мінусаў. А выступ перад выбаршчыкамі – усё ж ня вельмі карэктна, так падаецца нашай групе”.

Сяргей Гайдукевіч сёньня выказаўся адносна таго, што спадар Лукашэнка адмовіўся ад свайго выступу па тэлебачаньні:

(Гайдукевіч: ) “Яму ня трэба выступаць. Ну, навошта выступаць чалавеку, якога ўсе ведаюць. Ён кожны дзень паказвае сваю працу. Ну што яму казаць? Навошта?”

Паводле актывіста штабу Аляксандра Казуліна, Аляксея Караля, у сваім выступе Сяргей Гайдукевіч адкрыта паказаў сябе партнэрам дзейнага прэзыдэнта Лукашэнкі:

(Кароль: ) “Ён як бы і супраціўляецца, як бы і наносіць нейкія ўдары ў адказ. Але ўсё нібыта не папраўдзе, усё з аглядкай на пазыцыю Лукашэнкі, з аглядкай на сваю ролю ў гульні, якую ён добра разумее. Агульныя словы, няма ніякай канкрэтыкі. Агучаны, па сутнасьці, усе тыя асноўныя пазыцыі, якія мы чулі і чуем з вуснаў самога Лукашэнкі. Усё, што той выкладае, агучана спадаром Гайдукевічам. Адначасова выкарыстаны на поўную моц прыёмы чорнага піяру”.

Сябра штабу Аляксандра Мілінкевіча Аляксандар Бухвостаў так камэнтуе выступ Гайдукевіча:

(Бухвостаў: ) “Гэта паўтарэньне ўсёй гэтай ілжывай прапаганды, якая ідзе з дзяржаўных мэдыяў на ўсіх дэмакратычна настроеных грамадзянаў Беларусі. За гэта трэба прыцягваць да адказнасьці такіх людзей, якія робяць паклёп на дэмакратычную частку грамадзтва. Відавочна, што Гайдукевіч ніякі не кандыдат. Ён нават ня ведае, чаго ён хоча. Гайдукевіч – гэта проста своеасаблівая марыянэтка, каб стварыць агульны фон”.

Сябра Нацыянальнага камітэту аб’яднынай апазыцыі Ўладзімер Колас кажа, што нічога новага ад спадара Гайдукевіча не пачуў:

(Колас: ) “Гайдукевіч – гэта безнадзейна ардынарная асоба, якая ня мае ніякіх падставаў для таго, каб прэтэндаваць на пасаду першай асобы ў краіне. Ён выканаў тую самую функцыю, што выконваюць іншыя асобы на экранах беларускіх тэлеканалаў па дыскрэдытацыі дэмакратычнай супольнасьці. І дзеля гэтага яму і дазваляюць рабіць тое, што ён робіць. А ўсё астатняе – гэта абсалютна банальныя тэзісы. У другой частцы сваёй прамовы ён супярэчыў таму, што ён казаў у першай частцы”.

Гл. таксама • Выступ Гайдукевіча на беларускім тэлебачаньні: Гайдукевіч крытыкаваў і апазыцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта, і ўрад • Мілінкевіч выклікаў Лукашэнку на тэледэбаты, Казулін запісаўся на БТ
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG