Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маладэчна: “Добра працаваць пры строгім дырэктару, але ня хочам пры страшным прэзыдэнту”


Віталь Сямашка, Маладэчна, Менская вобласьць (эфір 19 студзеня)

Маладэчна сустрэла мяне гэтак жа, як год таму, у часе выбарчай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў. На цэнтральнай плошчы насупраць помніка Леніна ляжаў камень з Салаўкоў з надпісам “Пакутнікам за волю і незалежнасьць Беларусі”, што ўсталявалі на Дзяды яшчэ за Генадзем Карпенкам, якога дагэтуль згадваюць цёпла, як вось гэты маладзён:

(Спадар: ) “Карпенка прынёс у горад глыток сьвежага паветра, таму што ўсе зразумелі: мы можам, мы сіла, мы маладэчанцы! Хаця і пасьмейваліся: вось горад сонца сярод цямрэчы. Але ў думках, у глыбіні кожны сабе казаў: а чаму б і не? Карпенка даваў людзям рабіць, зарабляць, радавацца”.

Але сёньня такія развагі выглядаюць настальгічна. “У нас усё, як ва ўсіх”, — пра гэта даводзілася чуць яшчэ год таму, каля асьвятляў выбары ў Палату прадстаўнікоў. Толькі, паводле афыцыйнай статыстыкі, за апошнія пяць гадоў утрая ўзрасло беспрацоўе. На пяці асноўных маладэчанскіх прадпрыемствах былой саюзнай “абаронкі” колькасьць працоўных скарацілася ў дзесяць разоў, кажа былы мэр Аляксей Выбарнаў.

(Выбарнаў: ) “На прадпрыемствах, што працавалі на вастрыні навукова-тэхнічнага прагрэсу — мікра, макра-электроніка, станкі з праграмным кіраваньнем — праблематычна, наколькі мы зможам аднавіць адпаведны кадравы патэнцыял”.

Маладэчанцы даслоўна лічаць капейкі. На харчовым кірмашы чарговы раз, як той казаў, “узяліся за яйкі” — у чарзе па іх на марозе засяроджана пакутавалі некалькі дзясяткаў чалавек. Нават мяне, абвешанага тэхнікай, фотаапаратам, з уключаным мікрафонам пакупнікі прынялі за чалавека з чаргі.



(Спадарыня: ) “Я думала, вы таксама ў чаргу сталі!”

(Карэспандэнт: ) “А скажыце, наколькі таньнейшыя яйкі тут, чым у краме?”

(Спадарыня: ) “У павільёне 2150, а тут 1620. І заўжды сьвежыя! Во і тоўпімся ў гэтай чарзе”.

(Карэспандэнт: ) “А мяняць штосьці трэба? Ці хай будуць чэргі за яйкамі?”

(Спадар: ) “Яек хапае. Але мяняць штосьці трэба!”

Скажу адразу: апошняя тэза ў Маладэчне — аксіёма. Яе без ваганьняў падтрымліваюць людзі рознага веку і палітычных прыхільнасьцяў, а я сустрэўся ў часе вандроўкі прыблізна з двума дзясяткамі чалавек. Адчуваю, што адыходзяць у мінулае гэткія вось леташнія размовы:

(Карэспандэнт: ) “А вы самі думаеце ісьці галасаваць?”

(Спадарства: ) “Не… Ня веру… Ведаеце, каб у апазыцыі быў дзелавы чалавек, дык ня толькі я… Мы ж ня ведаем, хто што нам дасьць. Дзе знайсьці лепшага?!”

Я прыехаў акурат пасярод перадвыбарчых дэсантаў трох Аляксандраў — прэтэндэнтаў на найвышэйшую пасаду. Напярэдадні тут быў Казулін, праз гадзіну чакаўся Мілінкевіч. Вэртыкаль актыўна рыхтуецца да Лукашэнкавага прыезду, прымеркаванага да адкрыцьця новага мясакамбінату. Мне паведамляюць, што на кірмашы чамусьці забаранілі прадаваць іншагароднюю кілбасу. Відаць, што рэальна адбываецца зьмена прыхільнасьцяў будучых выбарцаў. Вось зрэз іх меркаваньняў, зроблены гэтымі днямі на рэчавым ды харчовым маладэчанскіх кірмашах:

(Карэспандэнт: ) “А каго, цётачка, ведаеце?”

(Спадарства: ) “А я толькі нашага Лукашэнку — хоць ён дрэнны, але наш! Ведаю — Лукашэнку!.. Ведаем Мілінкевіча… А я не хачу ведаць… Толькі Лукашэнка і сябра яго самы справядлівы — Шэйман! (Сьмяецца.) Пазьняк, Казулін…”

(Карэспандэнт: ) “А вы каго-небудзь ведаеце з прэтэндэнтаў у кандыдаты ў прэзыдэнты?”

(Спадарыня: ) “Маладых няхай! І вы прапануйце гадоў на 45, ня болей — навошта старыя?! Старыя і жывуць па-старому, трэба маладога, энэргічнага, які б павёў народ!”

(Спадар: ) “Абуральна, што калісьці Маладэчна, яшчэ пры Карпенку, было цэнтрам руху дэмакратычных сілаў, дык цяпер на самым нізкім месцы!”

(Маладзёны: ) “Згодны, колькі ж можна аднаго кандыдата, за пятнаццаць год?! Трэба змагацца — і будзем змагацца!.. Ёсьць тыя, хто не баіцца”.

(Карэспандэнт: ) “У Маладэчна ці шмат такіх?”

(Маладзёны: ) “Пяцьдзясят на пяцьдзясят, мне здаецца… Я таксама так думаю”.

(Карэспандэнт: ) “Маладэчна сябе праявіць, кажуць — што гэта значыць?”

(Маладзён: ) “У Менскай вобласьці першае будзе галасаваць за незалежных кандыдатаў”.

(Карэспандэнт: ) “Але ж вы нікога ня ведаеце, акрамя Лукашэнкі?”

(Спадарыні: ) “Ну во, цяпер будзем ведаць Аляксандра Мілінкевіча, пазнаёмімся зь ім”.



Гэта на кірмашы зьявіўся Аляксандар Мілінкевіч, якога тут жа атачылі мясцовыя. Да мяне ж падышоў пажылы мужчына — сталы слухач “Свабоды”.

(Спадар: ) “Свабоду” як слухаеш, дык, як толькі гавораць пра свабоду — трактары ў этэры нейкія ідуць! Чаму табе можна кожны раз сунуць пысу ў тэлевізар, а другому — хіба нельга?!”

Яшчэ адзін спадар са сьмехам распавядаў побач, як “раскалоў” выведнікаў зь вядомай службы, што круціліся побач. Паслухаем і мы:

(Спадар: ) “А яны заўважныя адразу, бо падобныя — яны падслухоўвалі!”

(Карэспандэнт: ) “А вы баіцеся, што падслухаюць?”

(Спадар: ) “Я дык не баюся. Лукашэнка кажа: во б Дзяржынскага нам! Дзеля чаго ў яго такая настальгія — браць без суду і сьледзтва? Яны робяць палітыку для сябе, а нас хочуць адцягнуць ад эўрапейскага разьвіцьця. Мы хочам жыць разам з эўрапейскімі краінамі. А дыктатарскія рэжымы прыходзяць і сыходзяць”.

Тым часам, завяршылася і сустрэча маладэчанцаў з Аляксандрам Мілінкевічам. Перад ад’ездам задаў яму пытаньне і я:

(Карэспандэнт: ) “20000 пэнсіянэраў, страчаныя амбіцыі “гораду сонца”, мноства людзей з былых вайсковых прадпрыемстваў езьдзяць гастарбайтэрамі ў Расею… Што можна гэтым людзям сказаць, чым абнадзеіць?”

(Мілінкенвіч: ) “Наша краіна сама сабе ізалявала. Калі краіна кожны дзень зьмяняе законы, ніякіх інвэстыцыяў няма: ні свае бізнэсоўцы не ўкладаюць, ні замежныя. Такія гарады, як Маладэчна, дзе шмат людзей адукаваных, працавітых, як толькі прыдуць інвэстыцыі — а яны абавязкова будуць у нашай краіне — займеюць працоўныя месцы, новае абсталяваньне, тэхналёгіі. Але калі праводзіць такую палітыку, як сёньня, асабліва малыя і сярэднія гарады будуць паміраць…”

Сустрэўся я і з тымі, хто зьбірае подпісы, хто здольны аналізаваць пэўныя тэндэнцыі, што ўжо выявіліся ў часе кампаніі. Прысьвяцілі, бо вандраваў разам зь лідэрам маладэчанскай апазыцыі, намесьнікам старшыні БСДГ, экс-кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Аляксеем Каралём.

(Кароль: ) “Галоўнае адрозьненьне, што больш жорсткім стаў падзел-раскол грамадзтва “за” Лукашэнку і “супраць”. Да нас, нават калі ў сем’ях быў хтосьці за аднога, хтосьці за другога, было стаўленьне “на ўсьмешках”. А цяпер даходзіць да супрацьстаяньня ўнутры сям’і, сярод знаёмых. Агульным быў настрой: усё роўна будзе той, хто прызначаны. Ён такі і цяпер: пераможцам будзе той, хто сам сябе прызначыў пераможцам. Тым ня менш, цяпер больш выразнае імкненьне людзей да пераменаў. Да гэтага часу асноўнай магчымасьцю зарабіць была праца за мяжой. Але ўжо зьмяншаюцца заробкі, што з Расеі прывозяць — за тыя ж 200 даляраў у месяц працуюць 14 гадзін, жывуць у дрэнных умовах”.

(Карэспандэнт: ) “Ці з Расеі магчымы прыток пратэстнага электарату?”

(Кароль: ) “Так. Пратэстны настрой цяпер з фазы пасіўнага набліжаецца да актыўнага”.

Я пазнаёміўся з 28-гадовым Зьмітром, што працуе ў сыстэме сацыяльнага забесьпячэньня маладэчанскай вэртыкалі. Вось ягоныя назіраньні:

(Зьміцер: ) “Адны сродкі масавай інфармацыі кажуць, што ўсё стаіць колам, людзі ў стане жабрацтва. Другія кажуць: усё цудоўненька. Карціна такая: амаль усе прадпрыемствы працуюць, але ледзь-ледзь. Але вокны гараць, працуюць у дзьве зьмены, атрымліваюць заробак 300—400 тысяч. Ёсьць тыя, хто і 150—200 тысяч. Вось-вось усё закрыецца, а калі — невядома”.

А вось сьвежыя гісторыі, якія абмяркоўваюць у Маладэчне:

(Зьміцер: ) “Мне расказвала знаёмая, якая працуе ў адной з маладэчанскіх бальніц. Начальнік запатрабаваў зьбіраць подпісы за нашага прэзыдэнта ў пацыентаў. Мая сяброўка ня ціснула, проста прапанавала аддаць свой подпіс. Недзе 40 пацыентаў прайшло, аддала толькі адна жанчына. Для яе кампанія скончылася — як для ненадзейнага зборшчыка”.

(Сьцепанчук: ) “У часе збору подпісаў малады мужчына паведаміў, што можа галасаваць толькі за Аляксандра Рыгоравіча, таму што ён супрацоўнік КДБ. Але, як афіцэр, ён павінен гаварыць нэўтральна, бясьпеку бараніць краіны, а не канкрэтнага чалавека”, — гэта далучыўся цяпер беспрацоўны, былы рэгуліроўшчык радыёапаратуры Міхась Сьцепанчук.

Ён сабраў за аднога з апазыцыйных прэтэндэнтаў сем соцень подпісаў, працуючы, да таго ж, пераважна ў рабочым асяродку. Дарэчы, усе, з кім гаварыў, адзначалі, што палітызацыя выбарцаў адбываецца на тле кантрактнай сыстэмы, масава ўведзенай год таму ў большасьці тутэйшых прадпрыемстваў ды арганізацыяў.

Мой наступны суразмоўца — 74-гадовы былы лекар-тэрапэўт Мікалай Зыдоравіч Алейнікаў, зьбірае подпісы ўжо для трэцяй палітычнай кампаніі. Якія ягоныя ўражаньні?



(Алейнікаў: ) “Кантрактную сыстэму называюць усе “кантрактным рабствам”. Нават тыя, каго называюць лукашыстамі, кажуць: усё добра, але не падабаецца, што начальнік у любы момант, калі не дагодзіш, можа цябе звольніць — ты яго раб! Ён цябе выкарыстоўвае і ў іншых мэтах. Жанчыны маладыя прыгожыя гавораць: а калі ён мяне на які-небудзь банкет на “абслугоўваньне” гасьцёў запросіць, куды падзецца?!”

(Карэспандэнт: ) “Вы з пэнсіянэрамі працуеце. Пэнсіі ж падвышаюцца. Спадар Мікалай, вашы раўналеткі вас разумеюць?”

(Алейнікаў: ) “Некаторых пэнсіянэраў пераканалі, што калі зьменяць уладу, пэнсію ў іх адбяруць, зазамбавалі, што толькі Лукашэнка дае ім пэнсію”.

(Карэспандэнт: ) “А ў вэтэранскай грамадзе што-небудзь зьмяняецца ў настроях — калі параўнаць з выбарамі ў Палату прадстаўнікоў?”

(Алейнікаў: ) “Зьмяняецца. Падпісвацца пэнсіянэры вельмі многія адмаўляліся, а цяпер 50% падпісваюцца. Але збольшага мужчыны. Жанчыны кажуць: нам і так добра, лепшага жыцьця ня бачылі, таму будзем дажываць, пакуль на могілкі”.

Лявон Цімохін, сябра БСДГ, кіраўнік маладэчанскага перадвыбарчага штабу Аляксандра Казуліна, так апісвае настроі ў Маладэчне:

(Цімохін: ) “Тое, што эксплюатуецца ўладай — нагнятаньне страху, дае іншы вынік. Я быў зьдзіўлены: работнікі праваахоўных органаў самі не даюць подпісаў, але робяць усё, каб іх жонкі і блізкія далі подпіс за Казуліна. Спачатку думаў, што праява карпаратыўнасьці — усе скончылі юрфак БДУ. Але пачаў зь некаторымі неафіцыйна гаварыць, аказалася, надакучыў страх і ім! І кажуць: трэба з гэтым канчаць! Простыя людзі гавораць: добра працаваць пры строгім дырэктару, але ня хочам пры страшным прэзыдэнту. Пачуўшы ад свайго майстра, начальніка цэху, што “калі вы будзеце за некага аддаваць подпісы, мы вас пазвальняем”, дайшлі да такога адчаю, што перасталі баяцца: ах, раз так — усё роўна! Гэта пройгрыш улады. Менавіта на гэтым заснаванае вялікае чаканьне і вялікае жаданьне пераменаў”.

Год таму найбольш радыкальна прагучала ідэя, якую прапанаваў сваім выбарцам былы кандыдат у дэпутаты парлямэнту старшыня Маладэчанскага аддзяленьня Беларускага Хэльсынскага камітэту Эдвард Баланчук.



(Баланчук: ) “Калі людзей гоняць на датэрміновае галасаваньне, дык каб яны падышлі да століка, расьпісаліся ў атрыманьні бюлетэню, увайшлі ў кабінку, забралі бюлетэнь у кішэню ды сунулі туды паперку з дуляй. І хай яны лічаць дулі ў гэтай скрынцы!”

Дзень сёньняшні. Насупраць мяне Эдвард Баланчук:

(Баланчук: ) “Вось стос бюлетэняў, якія мне людзі прынесьлі — хто лістамі, хто тэлефанаваў па дамафоне. Каля 300 бюлетэняў”.

(Карэспандэнт: ) “З дуляй ці бяз дулі цяпер галасаваць?”

(Баланчук: ) “З дуляй, таму што мы ня зможам перахапіць людзей, якіх пагоняць на датэрміновае галасаваньне — яны хочуць давесьці, па досьведзе, да 40%. Гэта вайскоўцы, міліцыянты, дзіцячыя садкі, настаўнікі. Зразумела, гэты бюлетэнь заменяць на той, які ім патрэбны. Я бачу, гэтым людзям трэба ўкінуць такі бюлетэнь, а сапраўдны забраць з табой, перадаць праз надзейных людзей”.

(Карэспандэнт: ) “Гэта фактычна ідэю народнага галасаваньня Зянона Пазьняка ты агучваеш па-маладэчанску?”

(Баланчук: ) “Так, але тады мяне ніхто ня слухаў”.

(Карэспандэнт: ) “Чаго ж ты сам чакаеш ад выбараў, калі так скептычна ставісься да тэхналёгіі абраньня прэзыдэнта?”

(Баланчук: ) “Мы галасуем-галасуем, але пакуль свайго права не адстаім, дык яны так і будуць рабіць. Я думаю, Бог кожнага 19 сакавіка возьме за каўнярок: што ты робіш у доме?! Чаму ты ня там, дзе людзі?! І, магчыма, людзі адстаяць сваю перамогу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG