Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ініцыятыўная група Мілінкевіча абскардзіла папярэджаньне ЦВК


Радыё Свабода Ініцыятыўная група кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча накіравала ў Вярхоўны суд і пракуратуру Беларусі скаргі на папярэджаньне Цэнтравыбаркаму, што далі ўчора за раздачу агітацыйных матэрыялаў. Ініцыятыўная група Зянона Пазьняка, якая таксама атрымала папярэджаньне ЦВК, ад абскарджаньня адмовілася.

У ініцыятыўнай групе Аляксандра Мілінкевіча перакананыя, што ў каляндарыках, якія сталі падставай для папярэджаньня ЦВК, не было ніякай агітацыі.

Акрамя таго, як паведаміў кіраўнік юрыдычнай службы штабу падтрымкі Аляксандра Мілінкевіча Ўладзімер Лабковіч, у скаргах зьвяртаецца ўвага на тое, што згодна з 49 артыкулам Выбарчага кодэксу, ЦВК ня мае права выносіць папярэджаньні ініцыятыўным групам прэтэндэнтаў:

(Лабковіч: ) “Толькі тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі могуць выносіць папярэджаньне ініцыятыўнай групе за парушэньне на сваёй тэрыторыі падчас збору подпісаў. А Цэнтральная камісія можа толькі адмяніць рэгістрацыю кандыдата”.

Такое ж меркаваньне юрыста праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянціна Стэфановіча, які апублікаваў на гэты конт сваё заключэньне. Аднак старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына перакананая, што яе камісія дзейнічала адпаведна з законам:

(Ярмошына: ) “Якім чынам тэрытарыяльная камісія можа выносіць рашэньне па ініцыятыўнай групе, якую зарэгістравала Цэнтральная камісія? Гэта будзе перавышэньнем паўнамоцтваў, таму спадар Стэфановіч проста непісьменны”.

Спадарыня Ярмошына мяркуе, што рашэньні ЦВК у гэтым выпадку нават не падлягаюць абскарджаньню ў Вярхоўным судзе:

(Ярмошына: ) “Мы зьяўляемся апошняй канчатковай інстанцыяй, яны могуць толькі апратэставаць гэта ў пракуратуру”.

Лідзія Ярмошына заявіла, што гэтае папярэджаньне групе Мілінкевіча будзе разглядацца і пры рэгістрацыі кандыдатаў, як і магчымыя новыя факты парушэньняў. Аднак гэта не абавязак, а права Цэнтральнай камісіі, падкрэсьліла спадарыня Ярмошына.

Тым часам Сяргей Папкоў, кіраўнік ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка, якая таксама атрымала папярэджаньне ЦВК за распаўсюд друкаванай прадукцыі, заявіў, што ня будзе яго абскарджваць у Вярхоўным судзе і пракуратуры.

(Папкоў: ) “Не, мы гэтай пустой справай не зьбіраемся займацца… А што, у нас суд самастойны? Гэта як адна галінка і другая галінка”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG