Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзэнтаваны альбом “Жыць для Беларусі” на вершы Геніюш


Радыё Свабода У менскім Доме літаратара адбылася прэзэнтацыя музычна-паэтычнага альбому “Жыць для Беларусі”. Гэта кампакт-дыск зь песьнямі на вершы Ларысы Геніюш у выкананьні вядомых беларускіх музыкаў. Ягонае выданьне прымеркавана да 95-годзьдзя паэткі. Адметнасьцю альбому стане тое, што музычныя кампазыцыі тут мяжуюць зь вершамі, якія чытае сама Ларыса Геніюш.

Разам запісана дваццаць песень у выкананьні пачаткоўцаў, а таксама вядомых і папулярных сьпевакоў — далучыліся Віктар Шалкевіч, Алесь Камоцкі, Вольга Цярэшчанка, Ларыса Сімаковіч, Віктар Скарабагатаў ды іншыя. Многія зь іх узялі ўдзел у канцэрце-прэзэнтацыі. Аматары творчасьці паэткі знойдуць на дыску ўжо вядомыя “Ноч з марозікам”, “Запяі мне песьню”. Але многія вершы Ларысы Геніюш, пакладзены на музыку упершыню. Пра адметнасьць альбому “Жыць для Беларусі” гаворыць адзін з укладальнікаў, лідэр грамадзкай арганізацыі “Беларуская музычная альтэрнатыва” Віталь Супрановіч:

(Супрановіч: ) “Гэты дыск утрымлівае рарытэтныя архіўныя запісы — як Ларыса Геніюш чытае свае вершы. Восем вершаў былі захаваныя вядомым беларускім паэтам Сяргеем Панізьнікам, і дзякуючы яму вось гэтыя запісы стануць даступныя шырокім колам”.

Музычны альбом на вершы Ларысы Геніюш выйшаў у сэрыі “Беларускі музычны архіў”. Яна была заснаваная для папулярызацыі дзеячаў беларускага адраджэньня, імёны якіх незаслужана забытыя. Гэтак, раней ужо зьявіліся творы Станіслава Манюшкі, Міхася Забэйды-Суміцкага, Міколы Равенскага. Але “Жыць для Беларусі” розьніцца ад папярэдніх выданьняў, кажа спадар Супрановіч.

(Супрановіч: ) “Гэты дыск незвычайны тым, што прысьвечаны асобе, якая не зьвязана з музыкай, а зьвязана з паэзіяй. Але імя Ларысы Геніюш пасьля некаторага вяртаньня ў беларускую культуру цяпер зноў пачынае выцясьняцца. Таму гэты дыск — спроба зьвярнуць увагу на гэтую асобу”.

Паводле Віталя Супрановіча, раней музычны альбом на словы Ларысы Геніюш “Жывем” выходзіў у выкананьні гурта “Песьняры”. Шмат кампазыцыў таксама былі запісаны асобнымі выканаўцамі. Зьмясьціць усё на дыску “Жыць для Беларусі” было немагчыма — а таму верагодна, што неўзабаве будзе працяг.

Падчас імпрэзы адбылася і прэзэнтацыя кнігі эпісталярнай спадчыны Ларысы Геніюш “Каб вы ведалі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG