Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сям’я актывіста прадпрымальніцкага руху застаецца бяз працы


Радыё Свабода Рэчыцкія ўлады ліквідуюць сямейны бізнэс намесьніка старшыні рэспубліканскага аб’яднаньня прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва” Леаніда Невара. Актывіст лічыць гэта помстай за грамадзка-палітычную дзейнасьць. Улады адмаўляюць, што прадпрымальніцкае пасьведчаньне забіраюць з палітычных прычынаў.

Cям’я Невараў займалася прыватным гандлем. Дазвол на яго быў аформлены на спадарыню Невар, якой райвыканкам і даслаў афіцыйны ліст пра скасаваньне прадпрымальніцкага пасьведчаньня. Леанід Невар лічыць гэта помстай за яго грамадзка-палітычную дзейнасьць. Як паведаміў намесьнік старшыні “Пэрспэктывы”, пры канцы сьнежня ў Менску ён браў удзел у сустрэчы прадпрымальнікаў зь віцэ-прэм’ерам Андрэем Кабяковым, дзе паінфармаваў пра перасьлед прыватнага бізнесу, а таксама крытыкаваў урад.

(Невар: ) “На сустрэчы з Кабяковым разглядалася пытаньне прадпрымальніцтва. Я выступіў і сказаў, што бяру ўдзел у перамовах чатыры гады, і ніводнае пытаньне, якое прапаноўвалася прадпрымальнікамі, іх дзелавыя прапановы не былі прынятыя. Распавёў пра сваю сытуацыю, паклаў дакумэнт пра тое, як мяне ў лютым арыштоўвалі”.

Спадар Невар летась быў пакараны 10-дзённым арыштам напярэдадні агульнанацыянальнага страйку дробных бізнэсоўцаў, які ён дапамог арганізаваць. Цяпер, паводле актывіста, яго сям’ю наагул пазбаўляюць прадпрымальніцкага занятку.

У Рэчыцкім райвыканкаме адмаўляюць сувязь паміж скасаваньнем прадпрымальніцкага пасьведчаньня спадарыні Невар і грамадзка-палітычнай дзейнасьцю яе мужа. Паводле прадстаўніцы райвыканкаму Алены Сяргеевай, спадарыня Невар парушае падатковае заканадаўства:

(Сяргеева: ) “Падатковая інспэкцыя даслала прадстаўленьне на адрас райвыканкаму. Не відаць, што яна займаецца прадпрымальніцкай дзейнасьцю. Адно з другім зусім не зьвязана”.

Леанід Невар лічыць, што ініцыятыва ўладаў выклікана яшчэ і тым, што ён цяпер актыўна ўдзельнічае ў прэзыдэнцкай кампаніі. Актывіст прадпрымальніцкага руху зьяўляецца адным з каардынатараў ініцыятыўнай групы збору подпісаў за генэрала Валера Фралова.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG