Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сустрэча польскага прэм’ера з Мілінкевічам у ацэнках польскай прэсы


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Польскія газэты працягваюць камэнтаваць вынікі візыту прэм’ер-міністра Польшчы ў Беласток і ягоную сустрэчу з прэтэндэнтам ад дэмакратычных сілаў Беларусі на пасаду прэзыдэнта Аляксандрам Мілінкевічам.

“Gazeta Wyborcza” падкрэсьлівае, што прэм’ер-міністар Польшчы Казімеж Марцінкевіч абяцаў рэальную падтрымку беларускай апазыцыі напярэдадні прызначаных на сакавік прэзыдэнцкіх выбараў. Тут гаворка ідзе перадусім пра хуткі пачатак працы новага радыё, якое, як падае польскі штодзёньнік, будзе вяшчаць у дыяпазоне ўльтракароткіх і сярэдніх хваляў і ствараецца пры ўдзеле прадстаўнікоў беларускай нацыянальнай меншасьці Польшчы.

Сярод канкрэтнай дапамогі беларускім дэмакратычным сілам “Wyborcza” адзначае і выдязленьне сродкаў з дзяржаўнага бюджэту на тое, каб накіраваць у Беларусь назіральнікаў на прэзыдэнцкія выбары.

“Gazeta Wyborcza” зьвяртае таксама ўвагу чытача на словы Аляксандра Мілінкевіча, які заявіў, што “толькі самі беларусы змогуць вярнуць сваю краіну на шлях дэмакратычнага разьвіцьця”.

Беластоцкі “Kurier Poranny” адзначае, што сустрэча Казімежа Марцінкевіча з Аляксандрам Мілінкевічам была найважнейшай палітычнай падзеяй візыту польскага прэм’ера на Падляшша. Газэта адзначае, што кіраўнік польскага ўраду “моцна падтрымаў беларускую дэмакратыю” ня толькі абяцаньнем канкрэтнай дапамогі, але і самім фактам сустрэчы з апазыцыйным кандыдатам.

У сваю чаргу “Rzeczpospolita” інфармуе сваіх чытачоў аб тым, што беларускія ўлады зьмянілі кіраўнікоў віцебскай арганізацыі Саюзу палякаў Беларусі на людзей, якія прыхільна ставяцца да праўладнага кіраўніцтва СПБ.

“Дагэтуль Віцебск заставаўся адзіным буйным горадам, дзе кіраўніцтва арганізацыі складалася з прыхільнікаў непрызнаванай рэжымам Лукашэнкі старшыні СПБ Анжалікі Борыс”, – напісала “Rzeczpospolita”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG