Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разьвітаньне зь “Ленінкай” – апошні дзень працы бібліятэкі


Радыё Свабода Сёньня апошні дзень працы так званай “Ленінкі” — традыцыйнага месца працы тысяч студэнтаў, навукоўцаў, архівістаў, літаратараў ды проста наведнікаў. За тры месяцы фонд Нацыянальнай бібліятэкі, разьмешчанай на вуліцы Чырвонаармейскай у Менску, мусіць пераехаць у новы будынак у мікрараёне Ўсход.

Істотныя перабоі ў працы бібліятэкі наведнікі адчулі яшчэ летась у лістападзе. Замовіць некаторыя матэрыялы стала складана, што супрацоўнікі тлумачылі кансэрвацыяй фондаў і актыўнай падрыхтоўкай да пераезду. Сёньня ў адміністрацыі Нацыянальнай бібліятэкі афіцыйна пацьвердзілі, што з наступнага тыдня ўстанова працаваць ужо ня будзе.

(Карэспандэнт: ) “Сёньня яшчэ працуе бібліятэка?”

(Супрацоўніца: ) “Апошні дзень практычна. Бо ў суботу і нядзелю мы не працуем. Фармальна яшчэ застаецца панядзелак, але ня думаю, што будзем абслугоўваць наведнікаў. А 10 студзеня зачыняемся афіцыйна”.

(Карэспандэнт: ) “Іншымі словамі, шукаць вас трэба ўжо па новым адрасе?”

(Супрацоўніца: ) “Так, прыходзьце ў новы будынак”.

Будынак Дзяржаўнай бібліятэкі БССР быў пабудаваны ў 1932 годзе (тады ж ёй было прысвоена імя Леніна). Падчас другой усясьветнай вайны бібліятэка моцна пацярпела: будынак быў амаль разбураны, а асноўная частка фондаў была зьнішчаная ці вывезеная. У паваенныя гады 600 тысяч выданьняў вярнулі ў Менск зь Нямеччыны, Чэхіі, Славаччыны, Польшчы. Цяпер бібліятэчны фонд складае 8 мільёнаў асобнікаў агульнай вагой 2,5 тысячы тон. Дарэчы, падчас будаўніцтва бібліятэкі ня раз гучалі выказваньні, што немалая вага кніжных фондаў нэгатыўна адаб’ецца на новым будынку, які і без таго дае істотную “ўсадку”. Аднак галоўны інжынэр аб’екту Людміла Шохіна пераконвае: будынак стаіць надзейна.

(Шохіна: ) “Што тычыцца нясучай здольнасьці, народ можа быць абсалютна спакойны. І вы можаце пісаць гэта на ўсіх плякатах, каб народ не баяўся: што да нясучых характарыстыкаў будынку, насельніцтва рэспублікі можа не хвалявацца. Прычым, ня толькі рэспублікі, але блізкага і далёкага замежжа”.

Ад пачатку плянавалася, што ў стары корпус бібліятэкі пераедзе Нацыянальны архіў. Аднак спадарыня Шохіна паведаміла, што прынята рашэньне максымальна насыціць будынак профільнымі ўстановамі. З-за чаго будаўнікі тэрмінова мусяць карэктаваць усю ўнутраную структуру бібліятэкі.

(Шохіна: ) “Перадусім нам туды спэцыяльна ўсунулі, каб апраўдацца, прэзыдэнцкі цэнтар з двума залямі самітаў. А цяпер яшчэ і Нацыянальны архіў усоўваюць. Мы ламаем усё цяпер. Мы цяпер ужо не будуем, а ламаем”.

Чакаецца, што неўзабаве ў былым будынку бібліятэкі на вуліцы Чырвонаармейскай, які знаходзіцца ў падпарадкаваньні Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта, будзе зроблены капітальны рамонт. Пасьля гэтага, не выключаюць бібліятэкары, сюды пераедзе прэзыдэнцкая бібліятэка, якая цяпер месьціцца ў Доме ўраду.

У новым будынку Нацыянальнай бібліятэкі, які мусіць адчыніцца 1 траўня, будуць працаваць 22 чытальныя залі. Адначасна яны здольныя прыняць 2 тысячы наведнікаў. Кнігасховічша разьлічанае на захаваньне 14,5 мільёнаў асобнікаў кніг, у зьвязку з чым плянуецца штогоду набываць да 300 тысяч новых кніг. Штат супрацоўнікаў будзе даведзены да 1 тысячы чалавек.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG