Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Найперш беларусу трэба застрахавацца ад абыякавасьці”


Аляксандар Уліцёнак, Менск Валянціна Кудлацкая – чарговы грамадзкі рэдактар Радыё Свабода гэтага тыдня – спэцыяліст Белдзяржстраху па Верхнядзьвінскім раёне. Якімі бачацца беларусы з гэтай пасады? Ад чаго найбольш церпяць рэгіёны? Што замінае разьвіцьцю страхавой справы ў краіне?

Уліцёнак: “Беларусы – людзі рызыкоўныя?”

Кудлацкая: “А, абыдзецца!” – вось прынцып, якім яны кіруюцца. Можа зь нейкім недаверам людзі… Яшчэ беларусы ня вельмі дэталёва ўнікаюць у заканадаўства: спахопліваюцца часьцей тады, як нешта здараецца”.

Уліцёнак: “Ад чаго найперш церпіць сёньня правінцыя?”

Кудлацкая: “Няшчасныя выпадкі на вытворчасьці – ахова працы не на найлепшым узроўні. Кожную вясну Верхнядзьвінск затапляе, але вялікія сумы выплачваюцца таксама ад пажараў. Крадзяжоў зашмат…”

Уліцёнак: “У вас практыкуецца страхаваньне прыватнымі фірмамі?”

Кудлацкая: “У нашым раёне на сёньня такіх кампаній няма. Гэта палітыка вышэйшых уладаў: з удзячнага страхавога поля (наш бізнэс вельмі прыбытковы) прыватнікі выціскаюцца. Тое дрэнна”.

Уліцёнак: “Выпадак, які зьдзіўляе: Божухна, тут, у Верхнядзьвінску, паспрабаваць застрахаваць такое! Такое – гэта што?”

Кудлацкая: “…Нават каб застрахаваць у Беларусі тую самую котку, патрабуецца адмысловы пашпарт і куча іншых дакумэнтаў. Таму, каб нейкі прыклад кшталту таго, як на Захадзе, дык не – зьдзівіць вас ну аніяк не змагу”.

Уліцёнак: “Наколькі рацыянальна і разумна, на ваш погляд, арганізавана ў краіне страхавая справа?”

Кудлацкая: “Напрыклад, той самы спадарожнік “БелКА”, які запускалі ў космас, страхаваў “Белдзяржстрах”. Пасьля катастрофы былі заплачаныя амаль трынаццаць мільярдаў рублёў – такую лічбу я атрымала пасьля адмысловага звароту ў наша вышэйшае кіраўніцтва. Гэтаксама страхаваўся вядомы вылет падбітага неўзабаве ў Самалі самалёту – зноў жа вялікія грошы згубілі… Была застрахаваная і расейская труба на Вушаччыне, якая парвалася і потым мазут плыў па Дзьвіне аж да Латвіі – мне гэта таксама незразумела.

А дзе служба бясьпекі, спэцыялісты, што мусяць пралічваць рызыку? Адказ ляжыць у тым, пра што мы гаварылі раней: каб гэта была прыватная кампанія, то… Замест доўгага тлумачэньня проста зазначу: у нас часьцей за ўсё так: ёсьць нейкі загад – дзяржаўная арганізацыя яго выканае!”

Уліцёнак: “Што найперш варта застрахаваць беларусу?”

Кудлацкая: “Трэба застрахавацца ад абыякавасьці…”
XS
SM
MD
LG