Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Івашкевіч пачаў барацьбу за лідэрства ў Партыі БНФ


Любоў Лунёва, Менск Віктар Івашкевіч лічыць, што надышоў час зьмяніць старшыню Партыі БНФ. Падчас сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі ён заявіў, што будзе прэтэндаваць на гэтую пасаду на зьезьдзе, які адбудзецца 8—9 сьнежня.

Віктар Івашкевіч на прэсавай канфэрэнцыі паведаміў, што будзе вылучацца на пасаду старшыні Партыі БНФ. На ягоную думку, гэта ня толькі пытаньне ўнутрыпартыйнага жыцьця.

Івашкевіч прыгадаў, што Беларускі народны фронт у свой час быў адной з самых уплывовых і папулярных партыяў — таму й назва партыі захаваецца ў першапачатковым выглядзе.

На прэс-канфэрэнцыі прысутнічалі Юры Хадыка і кіраўнік Віцебскай філіі Партыі БНФ Кастусь Смолікаў, якія станоўча выказаліся пра кандыдатуру Віктара Івашкевіча.

Менск, 23.10.2007. Прэсавая канфэрэнцыя Віктара Івашкевіча

Юры Хадыка заявіў, што "Эўрапейскі марш" адбыўся ў спакойных абставінах і што ў гэтым ёсьць заслуга Віктара Івашкевіча як добрага арганізатара.

“Беларускі народны фронт павінен аб’ядноўваць дэмакратычную частку беларускага народу ў змаганьні за дэмакратычнасьць, эўрапейскасьць Беларусі, — сказаў на прэсавай канфэрэнцыі Віктар Івашкевіч. — Гэта магчыма толькі тады, калі будзе масавая падтрымка.

Мы павінны правесьці дыскусію аб лёсе БНФ, аб яго місіі ў дэмакратычным грамадзтве, каб зразумець, што БНФ мусіць зрабіць, каб сытуацыя ў грамадзтве і ў Беларусі зьмянілася.

Менавіта Беларускі народны фронт, які ёсьць самай вядомай палітычнай сілай у Беларусі (разам з камуністамі, бо людзі ведаюць — камуністы, БНФ, Лукашэнка), мусіць зрабіць прарыў”.

На некаторых апазыцыйных сайтах апошні час выказваліся меркаваньні, што Івашкевіч мусіць папрасіць прабачэньня ў грамадзкасьці за свае выказваньні й сысьці з публічнай палітыкі.

Перад "Эўрапейскім маршам" Віктар Івашкевіч заявіў, што на акцыю выйдуць людзі, якія лічаць сябе эўрапейцамі, а хто ня выйдзе — той раб.

Вось як пракамэнтаваў гэтыя патрабаваньні Віктар Івашкевіч:

“Натуральна, што любая дзейнасьць выклікае супрацьдзеяньне праціўнікаў гэтай дзейнасьці. Не крытыкуюць і не атакуюць інфармацыйна толькі таго, хто нічога ня робіць. Я ўсьведамляю, што зьяўляюцца праціўнікі, якія пачынаюць супраць мяне інфармацыйную кампанію. Значыць, будзем змагацца”.

Віктар Івашкевіч заявіў, што зьяўляецца носьбітам адкрытай палітыкі й пазьбягае інтрыгаў. Пра свой намер узначаліць партыю ён паведаміў яшчэ ў чэрвені Алесю Міхалевічу і Вінцуку Вячорку.

Гаворыць старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка:

“Удакладняць фронтаўскую палітыку і шукаць новых прыхільнікаў трэба ўвесь час. Я думаю, што апошнія падзеі апошніх некалькіх гадоў пераканаўча паказалі — да нас пайшла моладзь, бо мы пазыцыянуем сябе як незалежніцкая, як беларуская сіла.

Я маю намер менавіта гэтую лінію, гэты падыход, вяртаньне да фронтаўскай першароднай місіі, гэта значыць, да місіі незалежніцкай сілы, абароны нацыянальных дэмакратычных каштоўнасьцяў, маю намер прапанаваць гэта нашаму зьезду”.

А вось меркаваньне Алеся Міхалевіча:

“Маё стаўленьне да таго, што Віктар Івашкевіч будзе балятавацца на пасаду старшыні партыі, вельмі пазытыўнае, таму што гэта паказвае, што нават у найбліжэйшай камандзе Вінцука Вячоркі няма еднасьці наконт таго, хто павінен узначаліць фронт.

Гэта вельмі моцна падвышае мае шанцы стаць старшынём партыі. Трэба памятаць, што Віктар узначальваў выканаўчыя структуры партыі, і партыя не была дастаткова мабільная.

Апроч таго, ясна, што ёсьць сур’ёзныя адрозьненьні ў пытаньні — з кім перамагаць. Я лічу, што альтэрнатыўным кандыдатам на пасаду прэзыдэнта павінен заставацца Аляксандар Мілінкевіч”.

Віктар Івашкевіч паведаміў, што неўзабаве ва ўправе Партыі БНФ можна будзе заўважыць большую колькасьць наведнікаў, сярод якіх будуць валянтэры ў выбарчай кампаніі й моладзевыя актывісты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG