Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне “Свабоды”: каго зь беларусаў варта вылучыць на Нобэлеўскую прэмію міру?


Іна Студзінская, Менск Cёньня Швэдзкая Каралеўская акадэмія абвясьціла імя ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру за 2007 год. Прэмію атрымаюць віцэ-прэзыдэнт ЗША Альбэрт Гор і Міжурадавая група экспэртаў ААН у пытаньнях зьмены клімату. Каго зь беларусаў можна вылучыць на Нобэлеўскую прэмію міру? Наша карэспандэнтка задавала гэтае пытаньне на вуліцах Менску.

Спадар: “Я лічу, што адзіная годная кандыдатура — гэта Станіслаў Шушкевіч, таму што гэты чалавек дазволіў Савецкаму Саюзу мірна распасьціся, бяз войнаў, без крыві. І адмовіўся першым ад ядзернай зброі — прычым, добраахвотна”.

Юнак: “Наколькі я памятаю, у нас ужо ёсьць адзін нобэлеўскі ляўрэат — Жарэс Алфёраў, ён этнічны беларус. Можа, якраз Васіль Быкаў найбольш вартая кандыдатура. Ён жа пісаў пра вайну, але не за вайну. А з тых, хто сёньня жыве, хай будзе Шушкевіч”.

Спадар: “Аляксандар Глеб няхай будзе, футбаліст. Футбаліст, можа, ён і ня вельмі добры, але гэта першае, што трапляе на розум”.

Спадар: “Цяжка адказаць...”

Карэспандэнтка: “Няма ў нас годных людзей?”

Спадар: “На літаратуру я б Рыгора Барадуліна вылучыў. А на прэмію міру... Калі толькі “Песьняроў”. Ну няхай будзе Аляксандар Глеб, футбаліст”.

Спадар: “З усіх кандыдатаў Шушкевіч, на маю думку, мог бы прэтэндаваць. Таму што вельмі добрае ад яго засталося ўражаньне”.

Карэспандэнтка: “Хто зь беларусаў варты Нобэлеўскай прэміі міру?”

Спадар: “На розум ніхто не прыходзіць. Я наўмысна ня вельмі цікаўлюся грамадзкім жыцьцём. Але нікога не магу назваць з інтэлігенцыі — ні творчай, ні тэхнічнай”.

Юнак: “Я такіх людзей ня ведаю”.

Спадар: “У мяне ў інстытуце ёсьць адзін прафэсар, Гурскі. Іван Васільевіч Гурскі, Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі”.

Дзяўчына: “Я ня ведаю. Мабыць, і ёсьць у Беларусі годныя, але я такіх ня ведаю”.

Спадар: “На маю думку, гэта павінен быць Мілінкевіч. Аляксандар Мілінкевіч варты гэтага найперш за тое, што ён зразумеў, што трэба ў Беларусі штосьці мяняць. Гэты чалавек годны стаць ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру. Бо ў палітыцы ён упэўнена ідзе і ўпэўнена змагаецца з нашай дыктатурай”.

Дзядок: “З тых, што цяпер жывуць, нават ніхто і ў галаву не прыходзіць. Напэўна, такіх і няма”.

Спадарыня: “Першае імя, якое прыходзіць у галаву адразу, — гэта Станіслаў Шушкевіч. Заслужыў прэмію ён зь дзьвюх прычынаў — за тое, што паставіў свой подпіс пад Белавескімі пагадненьнямі аб распадзе Савецкага Саюзу, і за тое, што Беларусь стала бязьядзернай дзяржавай”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG