Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейска-беларускі дзень “Парадку словаў”


Севярын Квяткоўскі, Менск Учора завяршыўся пяты дзень паэтычнага фэстывалю “Парадак словаў”. На розных пляцоўках Менску і Бабруйску ўжо выступілі больш за 20 паэтаў з Расеі, Украіны і Беларусі. 6 кастрычніка ў менскай бібліятэцы імя Пушкіна выступалі расейскія і беларускія паэты новай генэрацыі.

Сярод беларускіх паэтаў: Павал Сьвердлаў, Дзьмітры Дзьмітрыеў, Анка Ўпала, Марыйка Мартысевіч. Арганізатар зь беларускага боку Мікалай Суліма падвёў першыя вынікі культурніцкай акцыі “Парадак словаў”:

“Фэстываль беспрэцэдэнтны для Беларусі: па масштабах, па часе і па колькасьці ўдзельнікаў, па геаграфіі. Гэта прадмет нашага гонару. Мы зьбіраемся разьвіваць паэтычны працэс і далей у гэтым кірунку”.

Адзін з удзельнікаў, магілёвец Дзьмітры Дзьмітрыеў, патрапіў у беларускую паэзію праз расейскамоўныя вершы. Цяпер Дзьмітры піша па-беларуску. Момант мовы для яго вельмі важны:

“Я зараз дакладна ведаю, што па-беларуску цяпер піша большая колькасьць таленавітых людзей. Што графаманы звычайна абіраюць расейскую мову: я кажу пра тых, хто піша ў Беларусі. Каб пісаць па-беларуску, трэба нешта мець у галаве, і трэба нешта мець, каб сказаць”.

6 кастрычніка гучалі самыя розныя вершы маскўскіх, магілёўскіх і менскіх паэтаў: лірычныя, філязофскія, а таксама жартаўліва-іранічныя. Напрыклад, у выкананьні Марыйкі Мартысевіч:

“Увесь сёньняшні вечар з вамі на корце Макс Мірны, Рукі ягоныя – золата, пот ягоны – ладан і сьмірна.

Прэс ягоны – тульпан, ногі яго кіпарысы, Водар – навогул сандал, што з чрэслаў ягоных выпарыўся.

Грудзі ягоныя – узвышша гарналыжнага комплексу “Сілічы”, У першых радах манэжу – людзі, якіх ён вылечыў.

Вогнішчы з іхных мыліцаў гараць у славу яму, Позірк яго ваду зараджае, і высьпявае хурму…”

Магіляўчанка, якая выступае пад псэўданімам Анка Ўпала, усіх парадавала сярод іншага гіранічна сатырычным вершам, напісаным трасянкай:

“Жэншчына зь вядром на галаве, Вы каго ўдумалі пугаць ім?

Мы ведзь вам за эпатаж не плацім, Жэншчына зь вядром на галаве.

Вам ано ідзёт, я і ня спору, Галаўной убор страйніт вас, так.

Нет, не каждаму прыйдзёцца ўпору Этат моды вычурны пусьцяк”.

7 кастрычніка паэтычны фэстываль “Парадак словаў” завершыцца ў музэі Максіма Багдановіча. Паводле Мікалая Сулімы, завершыць фэстываль гала-канцэрт, складзены з тых аўтараў, хто найлепей чытае свае творы.

Рэпартаж з Маскоўскага дня менскага паэтычнага фэсту “Парадак словаў” 4.10.2007 “In Вільня veritas” у Менску3.10.2007 Паэтычны фэстываль “Парадак словаў” адкрыўся ў бібліятэцы імя Пушкіна2.10.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG