Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: моладзевы актывіст Зьміцер Жалезьнічэнка арыштаваны на 8 сутак


Радыё Свабода, Гомель Сёньня пасьля пакараньня моладзевага актывіста Андрэя Цянюты 10 суткамі арышту судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомелю Марына Дамненка прысудзіла арышт і моладзеваму актывісту Зьміцеру Жалезьнічэнку. За кратамі ён павінен правесьці 8 сутак нібыта за лаянку. Спадар Жалезьнічэнка мусіць сплаціць таксама штраф у памеры 620 тысячаў рублёў за непадпарадкаваньне супрацоўніку міліцыі.

Як паведамлялася ўжо, учора ўвечары старшы лейтэнат міліцыі з патрульна-паставой службы Аскераў затрымаў выключанага нядаўна з універсытэту імя Ф.Скарыны студэнта-выдатніка матэматычнага факультэту Зьміцера Жалезьнічэнку. Гэта адбывалася ў падземным пераходзе ля ўнівермагу “Гомель”.

“Ён паказаўся мне падазроным. Праца ў мяне такая - затрымліваць усіх падазроных. Падчас дагляду я убачыў у ягонай сумцы і падазроную друкаваную прадукцыю – газету “Свабода”, - патлумачыў у судзе Аскераў.

Напачатку міліцыянт вінаваціваў Зміцера ў згвалтаваньні і разам са старшыной міліцыі Сіўцом даставіў яго ў Чыгуначны РАУС. Там моладзевага актывіста, нібы на пацеху, паказалі нейкай маладой асобе. Адварочваючыся, каб не надта бачылі яе твар, асоба толькі і сказала: “Не ён!”.

Жалезьнічэнку адвезьлі ў Цэнтральны пастарунак і склалі там пратаколы за нецэнзурную лаянку і непадпараднаваньне міліцыі. Прычым у пратаколе адсутнічалі сьведкі, а ў суд ужо зьявіўся Андрэй Судакоў, пяцікурснік універсітэту імя Ф. Скарыны, дзе навучыўся да нядаўняга часу Жалезьнічэнка. Спадар Судакоў стаў сьведчыць у падтрымку вэрсіі міліцыянтаў пра лаянку і непадпарадкаванне.

Сярод іншага Жалезьнічэнка задаў яму і такое пытанне: “Ці зьяўляецеся вы чальцом БРСМ?”. Судакоў адказаў: “Не памятаю, але , здаецца, зьяўляюся”.

У заключным выступе Зьміцер папрасіў судзьдзю прызначыць вырак у адпаведнасьці з нормамі чалавечай маралі і прадстаўленымі доказамі яго невіноўнасьці. А яшчэ, каб арышт быў не большым за 10 сутак. Судзьдзя Дамненка пакарала моладзевага актывіста 8 суткамі няволі і штрафам.

Гомель, 18.09.2007. Зьміцер Жалезьнічэнка

За разглядам адміністрацыйнай справы ў судзе назіраў сябра Беларускага Хэльсінскага камітэту, дацэнт унівэрсітэту імя Ф. Скарыны Віктар Адзночанка. “Па-першае, ідзе пераслед гэтага Жалезьнічэнкі. Гэта вынік таго, што ён пачаў абскарджваць сваё адлічэньне з Гомельскага ўніверсытэту. Яго хочуць зламаць. Я Зьміцера ведаю, і мяне цяжка ўявіць, што ён супраціўляўся, а тым больш - лаяўся матам. Што датычычна выраку - 8 сутак арышту, то гэтага трэба было чакаць: судзьдзя Дамненка Марына Іванаўна – яна іншых выракаў не выносіць”, - сказаў сябра БКК, дацэнт Віктар Адзіночанка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG