Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>У.Арлоў: “Сёньня пра 25 сакавіка ведаюць усе – і прыхільнікі, і ворагі...”</B>


Радыё Свабода Што магло б быць, калі б гісторыя склалася іначай? Уявім сабе: Беларуская Народная Рэспубліка перамагла ў 1918 годзе. Краіна рыхтуецца да 90-х угодкаў Дня Волі. Дзеяньне адбываецца ў першыя тры месяцы 2008 году... Пра гэта мы прапануем нашым слухачам напісаць нам у рамках новага конкурсу “Свабоды” – "Адзін дзень у БНР-2008". Конкурс прымеркаваны да 90-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі. А пакуль – на нашыя пытаньні адказвае сябра журы конкурсу, пісьменьнік-гісторык Уладзімер Арлоў.

Шупа: Вы - аўтар утопіі-маніфэсту ”Незалежнасьць - гэта...” Гэта можна ў нейкім сэнсе лічыць спробай стварэньня такой мадэлі альтэрнатыўнай гісторыі. Ці напісалі б Вы сёньня гэты тэкст трошкі інакш?

Арлоў: Ну, па-першае, калі лічыць мой тэкст утопіяй, то штосьці з гэтай утопіі стала рэальнасьцю. Напрыклад, цяпер беларускія хлопцы сапраўды ня служаць далей за межы Беларусі і ня востраць сапёрныя рыдлёўкі, каб акапацца ў Баку ці ў Тбілісі. Альбо - нашы вучні вучацца па падручніках гісторыі Беларусі, дзе гэтая гісторыя разглядаецца і цяпер - нягледзячы на ўсе спробы рэдагаваньня гэтых падручнікаў - беларусацэнтрычна. Нашы школьнікі, нават вучні малодшых клясаў, ведаюць гісторыю Беларусі лепей, чым мы ведалі яе, калі былі студэнтамі гістарычнага факультэту БДУ імя Леніна на пачатку 70-х гадоў.

Шупа: У сувязі з гэтым маю наступнае пытаньне - ці ведаюць сёньня школьнікі пра Беларускую Народную Рэспубліку? І калі першы раз пачулі пра БНР Вы?

Арлоў: Ну вось зноў жа, у працяг таго, што сказаў, магу засьведчыць, што нават мы, студэнты-гісторыкі 70-х, ня ведалі пра “Пагоню” як наш нацыянальны сымбаль, пра бел-чырвона-белы сьцяг, ня ведалі акалічнасьці абвяшчэньня БНР і не ўяўлялі значнасьць гэтай падзеі. Бо ўсё, што нам казалі, зводзілася да некалькіх сказаў пра тое, што гэта была нейкая інтрыга ці нават інтрыжка маленькай купкі нацыяналістаў, якія з дапамогай нямецкіх акупантаў – у піку бальшавікам, якія адкрывалі сапраўды сьветлыя пэрспэктывы для беларускага народу – вось, абвясьцілі Беларускую Народную Рэспубліку.

Я памятаю, як упершыню атрымаў віншаваньне з угодкамі абвяшчэньня БНР. Сьветлай памяці Анатоль Сыс прыслаў мне кніжку Максіма Багдановіча, і з гэтай кніжкі выпала паштоўка, дзе, ну, можа, не сымпатычным атрамантам, але так вельмі асьцярожненька, дробным почыркам было напісана некалькі радочкаў зь віншаваньнем. А гэта быў 1984 год...

Шупа: Значыць, можна сказаць, што сёньняшні жыхар Беларусі мае значна лепшыя ўмовы для ўдзелу ў такім конкурсе?

Арлоў: У гэтым конкурсе мог бы паўдзельнічаць ці ня кожны грамадзянін Рэспублікі Беларусь, таму што цяпер гэта дата – 25 сакавіка – увайшла ў сьвядомасьць і прыхільнікаў беларускай незалежнасьці, і яе ворагаў. Таму што 25 сакавіка адны адзначаюць гэтае сьвята зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, з урачыстым настроем, з рызыкай потым апынуцца за кратамі. Другія адзначаюць у поўнай баявой экіпіроўцы, лаяць усё, што іх пазбавілі выходнага дня, тым ня менш яны ведаюць гэтую дату. Таму я не выключаю ўдзелу ў конкурсе, абвешчаным “Свабодай” і прадстаўнікоў якраз тых ведамстваў, якія не зусім так як мы адзначаюць гэтае сьвята.

***

Чакаем вашы творы жанру свабоднай мары – раман, апавяданьне, гістарычная манаграфія, падарожныя нататкі, хроніка, дзёньнік, рэпартаж – без абмежаваньняў, па-беларуску.

Творы ў электронным фармаце дасылайце на адрас svaboda@rferl.org да 15 сьнежня 2007 году.

Найлепшыя творы прагучаць у эфіры і будуць апублікаваныя ў выдавецкай сэрыі “Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе”.
XS
SM
MD
LG