Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе знаходзіцца Сьцяпан Сухарэнка?


Алесь Дашчынскі, Менск У КДБ і Міністэрстве ўнутраных справаў Беларусі не пацьвердзілі інфармацыю, якая распаўсюджваецца ў інтэрнэце пра затрыманьне былога старшыні КДБ Сьцяпана Сухарэнкі. Месца знаходжаньня былога шэфа КДБ пакуль невядомае.

Удалося датэлефанавацца да Сухарэнкаў у вёсцы Здудзічы Сьветлагорскага раёну, дзе нарадзіўся былы шэф КДБ.

Па тэлефоне сказалі:

Дзяўчына: “Сьцяпан Мікалаевіч Сухарэнка — наш дзядзька. Не, Вы нешта блытаеце, ён не затрыманы. Я, вы ведаеце, ніякай інфармацыі даваць ня буду”.

Потым узяў слухаўку яшчэ адзін сваяк Сухарэнкі – Дзяніс:

Дзяніс: “Ну, мы пра яго таксама пакуль нічога ня ведаем. І вам сказаць ня можам нічога. Ня ведаем, дзе ён знаходзіцца цяпер. Я ведаю яго нумар тэлефону, але я не хачу яго даваць, і наўрад ці ён цяпер будзе даступны. Я вам кажу, што я нічога ня ведаю”.

У Міністэрстве ўнутраных справаў няма інфармацыі пра затрыманьне генэрала Сухарэнкі.

Пра гэта заявіла начальніца ўправы інфармацыі Міністэрства ўнутраных справаў Кацярына Самусенкава-Шэлегава:

“У нас, у галоўнай управе папярэдняга расьсьледаваньня, і ў “Алмазе”, ніякіх зьвестак пра затрыманьне Сьцяпана Сухарэнкі няма”.

Учора ў выніковай праграме “Панарама тыдня” Беларускае тэлебачаньне ўвогуле нічога не паведаміла пра кадравыя перастаноўкі ў КДБ.

Нагадаем, старшыня КДБ Сьцяпан Сухарэнка і ягоны першы намесьнік Васіль Дземянцей былі звольненыя з займаных пасадаў 17 ліпеня “ў сувязі зь пераходам на новае месца працы”.

Працу былога кіраўніцтва спэцслужбаў рэзка скрытыкаваў Аляксандар Лукашэнка падчас прадстаўленьня новага шэфа КДБ Юры Жадобіна.

Кіраўнік Беларусі казаў пра “крышаваньне” камэрцыйных структураў і ўтойваньне інфармацыі аб карупцыі, абураўся працаўладкаваньнем у КДБ паводле знаёмства і няздольнасьцю захоўваць сакрэты.

Потым інтэрнэт-сайт “Беларускі партызан” распаўсюдзіў інфармацыю пра затрыманьне абодвух генэралаў — Сухарэнкі й Дземянцея — якое нібыта адбылося раніцай 20 ліпеня.

Начальнік Цэнтру інфармацыі КДБ Валеры Надтачаеў адмовіўся ад камэнтароў.

Надтачаеў: “У мяне ніякай інфармацыі няма на гэты конт”.

Карэспандэнт: “Значыць, вы нічога ня можаце ні пацьвердзіць, ні абвергнуць?”

Надтачаеў: “Я не камэнтую”.

Карэспандэнт: “А на якую працу Сухарэнка пераведзены?”

Надтачаеў: “Я ня ведаю”.

• Дзе знаходзяцца генэралы КДБ Сухарэнка і Дземянцей?, 20.07.2007 • Чысткі ў КДБ: “Лукашэнка проста спужаўся”, 19.07.2007 • А.Лукашэнка распавёў пра “правалы”, за якія зьнялі С.Сухарэнку, 19.07.2007 • Барацьба ўладных кланаў і адстаўкі ў КДБ, 18.07.2007 • Перастаноўкі ў КДБ: камэнтары, аналітыка, 17.07.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG