Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларускія спартоўцы разьлічваюць на посьпех на Алімпіядзе ў Сочы


Ігар Карней, Менск Сёньня ў Гватэмале вызначылася сталіца зімовых Алімпійскіх гульняў 2014 году. У супрацьстаяньні трох фіналістаў — аўстрыйскага Зальцбургу, карэйскага Пхэнчхангу і расейскага гораду Сочы — Міжнародны алімпійскі камітэт аддаў перавагу Расейскай Фэдэрацыі.

Гэта першая зімовая Алімпіяда, якая адбудзецца ў Расеі. У 1980 годзе летнія Алімпійскія гульні, байкатаваныя шэрагам заходніх дзяржаваў, прымала Масква.

У Беларусі да выбару МАК паставіліся прыхільна. Спартовыя функцыянэры лічаць, што падысьці да спаборніцтваў у добрай форме дапаможа Цэнтар зімовай падрыхтоўкі, адкрыты Аляксандрам Лукашэнкам сёлета ў Краснай Паляне пад Сочы.

Выбар сталіцы “белай” Алімпіяды 2014 году адбыўся без удзелу беларусаў. Як паведаміў прэс-аташэ Нацыянальнага алімпійскага камітэту Пётар Рабухін, ніводзін беларускі спартовы чыноўнік не зьяўляецца сябрам МАК і таму ня можа галасаваць па кандыдатурах гарадоў-фіналістаў. Не паехаў на сэсію МАК у Гватэмалу і прэзыдэнт НАК Аляксандар Лукашэнка.

П.Рабухін: “У Сочы будзе ультрасучасная база”

Між тым факт выбару Сочы алімпійскай сталіцай беларускі НАК вітае.

“Сымбалічна, што ў 1980 годзе ў Маскве былі ХХІІ летнія Алімпійскія гульні, і вось цяпер — гэтаксама ХХІІ, але зімовая Алімпіяда, – гаворыць Пётар Рабухін. Для нашай каманды, вядома, гэта добра. Па-першае, Эўропа — ня трэба нікуды ляцець, у іншы часавы пояс, дзе іншы кліматычны фактар. Па-другое, сяброўская нам дзяржава.

Гэта шмат значыць нават у пытаньні разьмяшчэньня спартоўцаў. Традыцыйнае харчаваньне, без усялякіх складанасьцяў, якія, не выключаю, чакаюць нас, прыкладам, у Пэкіне.

Яшчэ адна перавага Расеі ў тым, што ў Зальцбургу ўжо ёсьць спартовыя аб’екты, але пабудаваныя яны даўно. У Пхэнчхангу спартовыя збудаваньні здалі нядаўна, аднак да 2014 году яны маральна састарэюць. А Расея збудуе ультрасучасныя спартовыя аб’екты, якія будуць адпавядаць ужо таму часу”.

Задаволенасьць выбарам МАК ужо выказалі беларускія спартовыя чыноўнікі.

Так, міністар спорту і турызму Аляксандар Грыгараў заявіў, што спартоўцам не спатрэбіцца асаблівая акліматызацыя, а ўдзел у спаборніцтвах будзе каштаваць нашмат таньней, чым нават у Аўстрыі.

Генэральны сакратар НАК Георгі Катулін лічыць, што беларусы здолеюць прыстасавацца да Сочы нашмат раней за астатніх — найперш дзякуючы Цэнтру зімовай падрыхтоўкі, які пачаў працаваць у Краснай Паляне.

Апроч таго, беларускія заўзятары без праблемаў змогуць трапіць у Сочы – у Карэю дабрацца было б нашмат цяжэй.

М Захараў: “З такімі інвэстыцыямі расейцы ўсё пасьпеюць”

Былы галоўны трэнэр хакейнай зборнай Беларусі Міхаіл Захараў не сумняецца, што расейцы за адведзены час здолеюць выканаць усе патрабаваньні МАК і пабудуюць самыя сучасныя спартовыя комплексы:

“Інфраструктуру, вядома, расейцы за сем гадоў спакойна створаць. Тым больш што гаворка пра вельмі значныя інвэстыцыйныя ўкладаньні. Таму сем гадоў — цалкам рэальны тэрмін.

Вы ж паглядзіце: Палац спорту на 15 тысяч гледачоў мы ў Менску за два гады будуем. Таму праблемаў ня будзе, і можна чакаць вельмі моцнай і відовішчнай Алімпіяды.

І калі мы будзем удзельнічаць у гэтых гульнях (а мы адназначна трапім, бо ў нас да таго часу ўжо будзе моцная зборная), то, мне падаецца, гэта будзе прыемна — і для хакеістаў, і для ўсіх беларускіх спартоўцаў”.

На зімовых Алімпіядах Беларусь прадстаўленая досыць сьціпла. Перадусім гэта фрыстайл, біятлён, канькабежны спорт, лыжныя дысцыпліны і, пры ўдалым раскладзе, хакей.

Адпаведныя і посьпехі. Апроч фрыстайлістаў, якія традыцыйна вязуць узнагароды зь белых Алімпіядаў, прадстаўнікі іншых дысцыплінаў адзначаюцца зрэдку. А золата ў скарбонцы беларускай нацыянальнай каманды няма дагэтуль.

У НАК запэўніваюць, што да Алімпіяды-2014 будуць падрыхтаваныя майстры ў такіх пакуль што небеларускіх відах спорту, як горныя лыжы, сноўборд і кёрлінг.

А вось зімовая Алімпіяда 2010 году ў канадзкім Ванкувэры пройдзе для беларусаў у ранейшым фармаце.
XS
SM
MD
LG