Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску сабраліся біскупы з 34 краінаў Эўропы


Альгерд Невяроўскі, Менск Сёньня ў Менску пачалася 35-я сустрэча Генэральных сакратароў канфэрэнцыяў каталіцкіх біскупаў Эўропы. Галоўная тэма сустрэчы — “Міграцыя — выклік для Эўропы”. Удзельнічаюць генэральныя сакратары 34-х біскупскіх канфэрэнцыяў краінаў Эўропы. Такі форум праходзіць у Беларусі ўпершыню.

На штогадовую сустрэчу ў Беларусь прыехалі генэральныя сакратары канфэрэнцыяў каталіцкіх біскупаў амаль усіх эўрапейскіх краінаў.

Ініцыятарам гэтага форуму ў Менску выступіла Канфэрэнцыя каталіцкіх біскупаў у Беларусі і яе генэральны сакратар біскуп Антоні Дзям’янка.

Сустрэча пачалася сёньня супольнай імшой у менскім Архікатэдральным касьцёле.

Пра тое, чаму сёлета гэтая сустрэча адбываецца ў Беларусі, апавядае прэсавы сакратар Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі ксёндз Аляксандар Амяльчэня:

“Вельмі важным кірункам дзейнасьці Каталіцкага касьцёлу ў сучасным сьвеце ёсьць менавіта Цэнтральная і Ўсходняя Эўропа. І таму, хоць пытаньне, якое будзе абмяркоўвацца на гэтай сустрэчы, што гучыць як “Міграцыя — выклік да Эўропы”, магчыма, ня так актуальнае для Беларусі.

Але ўсё ж такі так ці інакш вельмі важна, што яна адбываецца ў кантэксьце Ўсходняй Эўропы. Гэта сьведчыць пра тое, што для сучаснага Каталіцкага касьцёлу Ўсходняя Эўропа — вельмі важная частка гэтага касьцёлу”.

Акрамя пытаньня міграцыі, і ў зьвязку з гэтым дачыненьняў эўрапейскага хрысьціянскага сьвету са сьветам усходнім мусульманскім, удзельнікі форуму абмяркуюць становішча Каталіцкага касьцёлу ў Беларусі.

Будуць гаварыць і пра тое, якія працэсы адбываліся ў касьцёле ў Беларусі за апошнія сямнаццаць гадоў і куды ён будзе рухацца ў бліжэйшай будучыні.

На сустрэчы эўрапейскія біскупы абмяркуюць і разьвіцьцё працэсу эўрапейскай уніфікацыі празь пяцьдзясят гадоў пасьля падпісаньня Рымскай дамовы.

25 сакавіка 1957 году ў Рыме падпісалі дамову паміж Францыяй, Італіяй, Нямеччынай,Бэльгіяй, Нідэрляндамі і Люксэмбургам. Гэты дакумэнт заклаў аснову Эўрапейскай эканамічнай супольнасьці, што ператварылася ў Эўразьвяз.

Ксёндз Аляксандар Амяльчэня працягвае:

“Ёсьць палітычныя акты, а ёсьць традыцыя. І Беларусь ніколі не была выключаная з эўрапейскай традыцыі. Беларусь — эўрапейская краіна, хаця, магчыма, не падмацаваная нейкімі палітычнымі актамі. Беларусь — частка эўрапейскага Каталіцкага касьцёлу, і таму пытаньне Беларусі будзе абмяркоўвацца ў гэтым кантэксьце”.

15 чэрвеня эўрапейскія біскупы адслужаць літургію ў розных парафіях Менску, а 17-га заплянаваная паездка ў Нясьвіж.

Плянуецца, што ў пятніцу ўдзельнікі форуму сустрэнуцца з патрыяршым экзархам Беларусі мітрапалітам Філарэтам. Сустрэчаў з прадстаўнікамі ўлады не плянуецца.
XS
SM
MD
LG