Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Павал Севярынец: “Ілюзіяў наконт лібэралізацыі рэжыму няма”</B>


Радыё Свабода Адразу пасьля вызваленьня Павал Севярынец падзяліўся ў тэлефоннай размове з Радыё Свабода сваімі першымі ўражаньнямі на волі.

Севярынец: Першыя эмоцыі – прадчуваньне прадвызначанасьці. Колькі я ні спрабаваў судзьдзі або пракурору давесьці, што незаконны быў сам працэс, незаконнае было і асуджэньне – гэта не хвалявала ні пракурора, ні судзьдзю. З гэтага я зрабіў выснову, што яны проста атрымалі загад на вызваленьне. Я зьвязваю гэта ўсё з галасаваньнем па адмене прэфэрэнцыяў для Беларусі, якое адбудзецца ў найбліжэйшым часе. Так што маё вызваленьне было палітычна прадвызначана і ня мае дачыненьня ні да правасудзьдзя, ні да праўнай дзяржавы.

Карэспандэнт: На папярэднім паседжаньні суду ад Вас патрабавалі, каб вы пакаяліся, і ад гэтага залежала Ваша вызваленьне. Ці сёньня пра гэта йшла гаворка?

Севярынец: Юрыдычна была знойдзеная фармулёўка – вызваліць “за прыкладныя паводзіны”. Усе спробы запытацца ў мяне пра маё стаўленьне да ўсіх гэтых працэсаў адразу сустракалі рэпліку пра незаконнасьць і суду, і працэсу. Безумоўна, я не пакаяўся, бо перад гэтым рэжымам каяцца няма ў чым. Вось першае пытаньне, якое мы паставім пасьля прыходу да ўлады – пакаяньне тых, хто тварыў злачынствы пры гэтым рэжыме.

Карэспандэнт: Якія Вашыя пляны, перш за ўсё палітычныя?

Севярынец: Пра палітычныя пляны я распавяду на заўтрашняй прэсавай канфэрэнцыі. Спадзяюся, што да 11.00 пляны не памяняюцца. А на гэты момант найбліжэйшыя пляны – дайсьці да маршруткі на Полацак, адтуль у Віцебск, а там падрыхтавацца да выезду ў Менск. Там вельмі шмат справаў – кангрэс, суд над маладафронтаўцамі, 90 гадоў беларускай хрысьціянскай дэмакратыі 25 траўня. Таму трэба быць у Менску.

Карэспандэнт: Вы былі асуджаныя разам зь Міколам Статкевічам. Як Вы думаеце – ці варта цяпер чакаць і ягонага вызваленьня?

Севярынец: Літаральна цяпер, а 16 гадзіне ў яго адбываецца суд – у мяне ўжо практычна няма ніякіх сумненьняў, што так яно й будзе.

Карэспандэнт: Ці ня сьведчыць вашае вызваленьне і магчымае вызваленьне Міколы Статкевіча пра пэўнае памякчэньне рэжыму? Ці не ўзьнікае ў Беларусі больш лібэральная атмасфэра?

Севярынец: Мяркую, што не. Але мне здаецца, што тэктоніка гэтага працэсу – перад магчымай адменай прэфэрэнцыяў – ужо гаворыць сама за сябе. Урад вымушаны лічыцца зь цяжкім эканамічным становішчам і бярэ пад увагі патрабаваньні Захаду. Гэта значыць – калі мы апошнія паўтара месяца нават назіраем, што дэмакратычныя актывісты не трапляюць на “суткі”, максымум абыходзяцца штрафамі – гэта сьведчыць ужо пра тое, што рэжым баіцца да галасаваньня па прэфэрэнцыях зрабіць нешта кепскае ў вачох дэмакратычнай часткі грамадзтва і ў вачох Захаду. Гэта, безумоўна, паказальна. Але, на мой погляд, тут няма і прыкметаў лібэралізацыі. Гэта для рэжыму - вымушаны крок. Так што ілюзіяў няма.
XS
SM
MD
LG