Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Дзень Перамогі ў Беларусі павінны адзначаць і 8-га, і 9 траўня”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 9 траўня

Шэсьцьдзесят два гады таму ў Эўропе скончылася Другая ўсясьветная вайна — дыктатарскі фашысцкі рэжым у Нямеччыне капітуляваў. Для мільёнаў людзей на кантынэнце гэта азначала завяршэньне драматычнай паласы жыцьця, запоўненай стратамі, пакутамі й нягодамі.

Гэты дзень застаецца для многіх вялікім і важным сьвятам і сёньня. Праўда, адзначаюць яго ў розных краінах не ў адзін і той жа дзень: на Захадзе, у дзяржавах Эўразьвязу — 8 траўня, у Расеі й некаторых іншых постсавецкіх краінах (у тым ліку і ў Беларусі) — 9-га.

На гэтую асаблівасьць зьвяртае ўвагу ў сваім лісьце на “Свабоду” наш слухач Эдвард Сямашка зь Вільні:

“На маю думку, у Беларусі павінны адзначаць дзень перамогі над нацызмам і 8-га, і 9 траўня. Taды ня будуць пакрыўджаныя ні вэтэраны Чырвонае арміі й савецкія партызаны, ні тыя беларусы, якія змагаліся ва ўзброеных сілах заходніх саюзьнікаў.

Гэта ж, на маю думку, ненармальна, калі 9 траўня сьвята маюць толькі савецкія вэтэраны, a пра беларускіх жаўнераў ніхто з афіцыйных уладаў ня памятае (ці ня хоча памятаць). Нармальная дыскусія пра гісторыю мінулай вайны (і ўвогуле пра вельмі складаную нацыянальную гісторыю) рана ці позна мусіць пачацца. Але гэта будзе, відаць, ужо не пры гэтай уладзе”.


Як вядома, Акт аб капітуляцыі Нямеччыны быў падпісаны ў прадмесьці Бэрліна позна ўвечары 8 траўня 1945 году. У Маскве з прычыны розьніцы ў часе ўжо настаў дзень 9 траўня. Зрэшты, магчыма, ня толькі таму, але яшчэ і з палітычных прычынаў у сталінскім Савецкім Саюзе вырашылі сьвяткаваць Дзень перамогі ня ў той самы дзень, калі сьвяткуе ўвесь астатні сьвет.

Ці будзе перагледжаная гэтая традыцыя ў Беларусі? У блізкай пэрспэктыве — не, а ў будучыні — магчыма. Варта адзначыць: ужо цяпер 8 траўня ў Беларусі праводзіцца шэраг сьвяточных імпрэзаў, у тым ліку афіцыйныя сходы і ўскладаньні кветак да манумэнтаў.

Наш слухач Міхась Лойка са Сьветлагорскага раёну у сваім лісьце на “Свабоду” разважае пра тое, якую памяць пакінуў пасьля сябе ў Беларусі колішні партызанскі камандзір, а потым кіраўнік БССР Пётар Машэраў, які ўзначальваў рэспубліку ў 1960—1970-я гады.

Слухач зьвяртае ўвагу на тое, як беларускае грамадзтва адрэагавала на ініцыяванае два гады таму прэзыдэнтам Лукашэнкам перайменаваньне менскага праспэкту Машэрава ў праспэкт Пераможцаў. Міхась Лойка піша:

“Вельмі сумна, дзіўна і сорамна, што нашы ветэраны вайны так хутка “здалі” свайго аднапалчаніна, баявога таварыша, здрадзілі яму. Яны нават і не спрабавалі яго бараніць: ніводнага слова пратэсту ад іх не было чуваць.

І ў той жа час у Дзень перамогі нашы вэтэраны ў параднай форме, увешаныя мэдалямі, памінаюць загінулых, клянуцца заўсёды іх памятаць. А я думаю: калі б пры такім парадзе яны сталі ў пікет ля адміністрацыі прэзыдэнта і запатрабавалі абараніць памяць пра Машэрава, дык ніхто б іх не адважыўся зачапіць. Але ж не — яны баяцца раззлаваць уладу і страціць свае льготы, таму і маўчаць”.


У сваім лісьце Міхась Лойка таксама дае ўласную ацэнку ролі Машэрава ў гісторыі Беларусі:

“Машэраў бараніў Беларусь і ў гады вайны, і пасьля яе. Ён пагаджаўся ня з усім, чаго патрабавала Масква. Быў незалежным, ня кланяўся, сьмела ўваходзіў у крамлёўскія кабінэты. Фактычна, ён паступова вёў Беларусь да незалежнасьці. Напэўна, таму і паплаціўся сваім жыцьцём.

Яго не баяліся, а паважалі. Пры ім не было такой паказухі і “пацёмкінскіх” вёсак, як цяпер. Яму не рыхтавалі грамадзянаў для сустрэчаў, не прыдумвалі пытаньняў, як цяпер. І езьдзіў ён па рэгіёнах фактычна без аховы.

У Менску ёсьць помнікі Калініну, Леніну, Горкаму, а вось Машэраву няма. Хоць ён больш за іх таго заслугоўвае. У нашым Сьветлагорску, якому ўсяго сорак гадоў, усе галоўныя вуліцы носяць імёны Леніна, Сьвярдлова, Калініна. Гэта абраза беларусаў. А Наваполацак увогуле павінен насіць імя Машэрава”.


Думаю, спадар Лойка, ваша сьцьвярджэньне пра тое, што Пётар Машэраў вёў Беларусь да незалежнасьці, ёсьць усё ж перабольшаньнем. Беларусь у 1960—1970-я гады паслухмяна выконвала саюзныя пляны й дырэктывы, і пры гэтым пералічвала ў агульны бюджэт значна болей грошай, чым атрымлівала з Масквы.

Прыбалтыйскія суседзі Беларусі ў гэтай справе былі куды больш патрабавальнымі й ашчаднымі — гэта адчувалася і на іхным фінансавым становішчы, і на абліччы гарадоў, на якасьці дарогаў, на асартымэнце крамаў…

Менавіта ў гады кіраваньня Машэрава Беларусь пакрылася густой сеткай вайсковых базаў (у тым ліку ракетных) і менавіта пры ім вялізных маштабаў дасягнула русіфікацыя ўсяго грамадзкага жыцьця. З барацьбой за незалежнасьць гэта мае мала агульнага.

Але адначасова ў памяці многіх людзей таго пакаленьня засталіся асабістая сьціпласьць Машэрава, дэмакратычнасьць у зносінах, падвышэньне ўзроўню жыцьця ў той пэрыяд (асабліва на тле Расеі).

Наш слухач Міхаіл Лысевіч зь Ліды ў сваім лісьце выказваецца наконт канфлікту вакол пераносу помніка савецкім салдатам з цэнтру Таліна на вайсковыя могілкі. Гэты перанос, санкцыянаваны эстонскімі ўладамі, выклікаў шырокія пратэсты расейскамоўных жыхароў Эстоніі й пацягнуў за сабой рэзкую рэакцыю з боку Расеі. Міхаіл Лысевіч піша:

“Усе мы бачылі, як расейскамоўныя жыхары Эстоніі руйнуюць цэнтар Таліна. Жудаснае відовішча! Пытаньне да дэмакратычных уладаў Эстоніі: навошта вам гэта? Каму і што вы дакажаце? Нікому і нічога, акрамя таго, што на ўвесь сьвет пакажаце сябе дурнямі — з усімі сваімі маршамі легіянэраў СС.

Ваша паліцыя з вашага загаду дзейнічае абсалютна аднолькава з нашым АМАПам. Вы, як і наш Лукашэнка, змагаецеся з гісторыяй. Але ня з сумнымі яе старонкамі, а наадварот — зь лепшымі.

Наш уладар зьнішчае гісторыю народу, які на сваё няшчасьце даў яму найвышэйшы пасад. А вы спрабуеце даказаць, што Гітлер са сваёй крывавай машынай нес вам вызваленьне.

Мы, беларусы, ад Расеі нацярпеліся столькі, што й за пяць пакаленьняў не разгрэбці. І нягледзячы на гэта, ніводзін палітык у нас не загадае зьнішчыць помнік змагарам з нацызмам. Бо так робяць не палітыкі, а злачынцы”.


Далей у сваім лісьце на “Свабоду” Міхаіл Лысевіч зь Ліды згадвае, якую рэакцыю ў беларускім грамадзтве выклікала ў свой час спроба некаторых палітычных дзеячаў перагледзець асобныя эпізоды Другой усясьветнай вайны. Яшчэ адна цытата зь ліста:

“Калі Зянон Пазьняк напрыканцы 1980-х і на пачатку 1990-х гадоў спрабаваў трошкі “прысаладзіць пілюлю”наконт тых нашых суайчыньнікаў, якія так ці інакш супрацоўнічалі з фашыстамі (няхай сабе і пад сьвятымі для нас бел-чырвона-белым сьцягам і “Пагоняй), ён атрымаў кляймо фашыста.

Гэта бясспрэчная лухта, але — такая плата за спробу апраўдаць тое, што варта асуджэньня. І цяпер Лукашэнка ніколі не праміне нагоды назваць дэмакратаў пад нацыянальным сьцягам фашыстамі, а сам сьцяг рваць і зьневажаць, як бы на ім сапраўды намалявана свастыка. Вось вынік таго непрадуманага ўчынку.

Эўропе павінна быць сорамна за тое, што яна прамаўчала аб падзеях у Эстоніі, як маўчала і раней. А робіць яна гэта толькі таму, што не жадае выносіць сьмецьця з эўразьвязаўскай хаты. Але гэта толькі на карысьць тым, хто ніколі не шанаваў і ня будзе шанаваць дэмакратыі й свабоды. Як бы ні было сорамна, але за свае дзеяньні Эстонія і Латвія павінны адказваць гучна перад усім сьветам”.


Наконт “лепшых” старонак гісторыі… У 1944-м і 1945 гадах савецкая армія ня толькі вызваліла Эстонію ды іншыя балтыйскія краіны ад фашызму — яна адначасова пазбавіла іх сваімі штыкамі незалежнасьці, прынесла і замацавала камуністычны рэжым, які праіснаваў пасьля гэтага больш як сорак гадоў.

Ці можа эстонец, які перажыў зьнішчэньне незалежнасьці сваёй радзімы, які страціў у ГУЛАГу блізкіх людзей, у якога камуністы адабралі зямлю й маёмасьць, пасьля ўсяго гэтага любіць савецкага салдата і ўшаноўваць яго памяць у цэнтры сваёй сталіцы?

Гэта вельмі балючыя і далікатныя пытаньні для ўсіх эўрапейскіх народаў, якія ў выніку Другой усясьветнай вайны ня толькі былі вызваленыя савецкімі войскамі ад фашызму, але і з дапамогай гэтых жа войскаў гвалтам загнаныя ў так званы “сацыялістычны лягер”, якім кіравала камуністычная Масква. Таму пытаньне пра савецкія помнікі ўзьнімаецца ня толькі ў Эстоніі — але і ў Польшчы, Чэхіі, Вугоршчыне, Баўгарыі, амаль усюды, дзе пакінулі свой сьлед камуністы.

І Эўразьвяз так стрымана рэагуе на гэту сытуацыю таму, што ўсьведамляе яе супярэчлівасьць і далікатнасьць. Пры гэтым заўважце, спадар Лысевіч, што нідзе ў гэтых краінах не ідзе размова пра непаважлівае ці зьдзеклівае стаўленьне да магілаў савецкіх салдатаў. І ў Таліне ні помнік, ні магілы ня зьнішчаныя — яны проста перанесеныя на могілкі.

Да ўсяго, варта мець на ўвазе: у самой Расеі ў мясьцінах былых баёў ад Мурманску да Наварасійску тысячы і тысячы савецкіх салдатаў застаюцца непахаванымі (альбо месцы пахаваньняў ніяк не пазначаныя — нават сьціплым абэліскам ці крыжам).

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG