Лінкі ўнівэрсальнага доступу

8 гадоў таму зьнік генэрал Юры Захаранка


Любоў Лунёва, Менск Дагэтуль сваякі і паплечнікі былога міністра ўнутраных спраў ня ведаюць пра ягоны лёс. Сябры АГП наведаюць сёньня на Гомельшчыне маці Юр’я Захаранкі, а актывісты моладзевых арганізацый правядуць шэраг акцый, каб нагадаць грамадзтву, што памятаюць зьніклых лідэраў і патрабуюць ад улады даць адказ пра лёс яе выкрадзеных апанэнтаў.

Сёньня група сябраў Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі на чале з Анатолем Лябедзькам наведае маці Юр’я Захаранкі.

“Гэты чалавек з абоймы нацыянальных лідэраў. Ён быў адным з кандыдатаў на прэзыдэнцкія выбары 2001 году, і тое, што яго ня стала, тое, што зь ім зрабілі, сьведчыць, што ў яго быў моцны патэнцыял... Шкада яго родных, блізкіх. Сёньня нашы людзі з кіраўніцтва партыі, з прэсавай службы паедуць на Гомельшчыну да маці Юр’я Захаранкі, якая чакае, калі заскрыпяць масьніцы, адчыняцца дзьверы, і яна ўбачыць свайго Юрку... І так доўгіх восем гадоў”, – гаворыць Анатоль Лябедзька.

Анатоль Лябедзька распавёў “Свабодзе”, што сёлета на гадавіну зьнікненьня Юр’я Захаранкі сябры АГП ня будуць ладзіць традыцыйны ланцуг неабыякавых людзей на Кастрычніцкай плошчы:

“Калі акцыі праводзіць, то іх трэба рыхтаваць, а падрыхтоўка займае пэўны час. Сёньня шмат часу займае падрыхтоўка да Кангрэсу, інфармацыйная кампанія. Мы б хацелі, калі б была акцыя, то, каб яна была кааліцыйная. А ланцуг, калі адбудзецца стыхійна, то нашы людзі возьмуць у ім удзел”.

Актывісты моладзевых незарэгістраваных арганізацый плянуюць сёньня цягам дня правядзеньне флэш-мобаў, каб нагадаць грамадзкасьці пра выкрадзеных апанэнтаў улады.

“На сёньняшні дзень заплянаваны шэраг мерапрыемстваў зь ліку моладзевых флэш-мобаў, прысьвечаных зьнікненьню вядомых у Беларусі людзей. Мы павінны нагадаць у гэты дзень, што моладзь, у прыватнасьці, не забываецца пра сваіх лідэраў, не забываецца на тых людзей, якія змагаліся і змагаюцца за незалежнасьць і свабоду Беларусі”, – гаворыць моладзевы актывіст партыі БНФ Франак Вячорка.

Моладзь плянуе ладзіць кароткачасовыя акцыі ў розных месцах Менску, каб пазьбегнуць затрыманьняў.

7 траўня 1999 году невядомыя асобы ў раёне праспэкта Жукоўскага выкралі Юр’я Захаранку, калі той вяртаўся дадому. Сьведкі інцыдэнту далі паказаньні сьледчым. Але дагэтуль пракуратура ня высьветліла, дзе знаходзіцца Юры Захаранка, і хто зьдзейсьніў злачынства. Пасьля зьнікненьня былога міністра ўнутраных спраў каардынацыйная нарада дэмсіл распаўсюдзіла заяву аб тым, што адбылося палітычна матываванае выкраданьне, і што ўлады пачалі рэалізацыю пляна нэўтралізацыі апазыцыі. Былы афіцэр спэцназу Ўладзімір Барадач абвінаваціў Савет бясьпекі ў выкананьні выкраданьняў. Далейшыя падзеі – зьнікненьне Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Зьмітра Завадзкага, арышты і зьбіцьцё грамадзкіх дзеячаў – паводле лідэраў апазыцыі, ёсьць пацьверджаньнем наяўнасьці такога пляну.


• Юры Захаранка: Чаму мы разышліся з прэзыдэнтам (архіўны запіс)
XS
SM
MD
LG