Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генэральнае консульства Эстоніі ў Менску працуе ў звычайным рэжыме


Алесь Дашчынскі, Менск У Маскве працягваецца пікетаваньне амбасады Эстоніі. Міністар замежных справаў Урмас Паэт запатрабаваў, каб Расея нармалізавала сытуацыю вакол дыпляматычнага прадстаўніцтва ягонай краіны. Эстонская амбасада ў Маскве прыпыніла выдачу візаў. У Менску генэральнае консульства Эстоніі працуе як звычайна.

У будынку на вуліцы Дарашэвіча, 6а ў Менску, як і раней, прымаюць дакумэнты на эстонскія візы. Сёньня апоўдні тут утварылася нават невялікая чарга.

Само генэральнае консульства Эстоніі цяпер знаходзіцца на вуліцы Кальцова — і таксама працуе ў звычайным рэжыме. Генэральны консул Эрык Сійгур сказаў:

“Сытуацыя спакойная, ніякіх зьменаў у працы няма. Мы абслугоўваем грамадзянаў, як і раней. Усё спакойна пакуль, і спадзяемся, што так і застанецца”.

Паводле спадара Сійгура, у Беларусі няма перашкодаў для працы дыпляматаў.

Праз тэлефон і пісьмова ў эстонскае консульства паступіла некалькі прыватных зваротаў і лістоў, у якіх грамадзяне выказвалі сваё меркаваньне адносна пераносу Бронзавага салдата ў Таліне.

“Найбольш людзі выказвалі сваю незадаволенасьць дзеяньнямі эстонскіх уладаў. Мы выступаем за свабоду думак і іх прымаем”, — адзначае спадар Сійгур.

Аднак эстонскія дыпляматы кажуць, што афіцыйныя дзяржаўныя мэдыі ў Беларусі неаб’ектыўна ацэньваюць падзеі ў Эстоніі.

На сьцяне той часткі будынку латыскай амбасады, дзе раней месьцілася консульства Эстоніі, яшчэ засталася пляма чорнай фарбы.

Нагадаем, у студзені невядомыя запэцкалі фарбай гэты будынак. Праз плот амбасады закінулі ўлёткі з заклікам дэнансаваць прыняты эстонскім парлямэнтам закон “Аб вайсковых пахаваньнях”, а таксама адмовіцца ад перамяшчэньня Бронзавага салдата ў Таліне. На ўлётках было напісана: “Хочаш 41-шы — атрымаеш 45-ты!”

Чалавек, які назваўся актывістам незарэгістраванай нацыянал-бальшавісцкай партыі, паведаміў тады агенцыі БелаПАН: ганьбаваньне консульства Эстоніі ўчынілі сябры ягонай партыі. Ён дадаў, што партыя свае акцыі каардынуе з расейскай НБП.

Цяпер у Маскве прадстаўнікі пракрамлёўскіх рухаў “Наши”, “Местные”, “Молодая гвардия” і “Россия молодая” пікетуюць эстонскую амбасаду. Мэр Масквы Лужкоў заклікаў байкатаваць усе эстонскія тавары.

Прэсавы сакратар МЗС Эстоніі Лауры Матсулевіч сказаў, што з-за пікетаваньня ў Маскве зачынены консульскі аддзел. У той жа час у Менску, паводле спадара Матсулевіча, усё спакойна.



Менск. Эстонскае консульства. Чарга па візы

Эстонскае консульства ў Менску працуе ў нармальным рэжыме
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG