Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У Крамлі ўжо няма жаданьня прыслухоўвацца да таго, што кажа афіцыйны Менск”


Віталь Цыганкоў, Менск Cёньня ў Беларусі афіцыйна адзначаецца, як гэта называюць беларускія ўлады, “Дзень яднаньня народаў Беларусі і Расеі”. Як і з-за якіх чыньнікаў зьмянялася стаўленьне насельніцтва Беларусі за апошнія 10 гадоў да ідэі інтэграцыі? Якая будучыня чакае праект “саюзнай дзяржавы” на фоне апошніх беларуска-расейскіх газавых ды іншых гандлёвых войнаў? Гэтыя ды іншыя тэмы ў Экспэртызе Свабоды абмяркоўваюць незалежны экспэрт, былы супрацоўнік НІСЭПД Аляксандар Сасноў і шэф-рэдактарка газэты “Народная Воля”Сьвятлана Калінкіна.

Цыганкоў: “11 гадоў таму, 2 красавіка 1996 году, Барыс Ельцын ды Аляксандар Лукашэнка падпісалі ў Маскве дамову аб супольнасьці Беларусі і Расеі. А ў сьнежні 1999 году была падпісаная дамова пра так званую саюзную дзяржаву. Мы паспрабуем ацаніць, які шлях прайшоў інтэграцыйны праект за гэтыя гады. Сьвятлана, у пераліку набыткаў і стратаў, што дасталіся Беларусі падчас працэсу інтэграцыі, што б вы вылучылі?”

“Размовы пра адзіную дзяржаву – гэта небясьпечна для нашай краіны”

Калінкіна: “Галоўны і станоўчы вынік апошняга году – тое, што ў беларуска-расейскіх адносінах, стала менш палітыкі і больш эканомікі. Бо дамова, падпісаная Ельцыным і Лукашэнкам, была цалкам палітычная. І таму да яе была такая нянавісьць альбо любоў у беларускім грамадзтве. Зараз усё выходзіць на больш прагматычную прастору, і мне вельмі гэта падабаецца”.

Цыганкоў: “Вы адразу пазытыўна адзначылі апошні год – ці азначае гэта, што папярэднія 10 гадоў інтэграцыі вы не ацэньваеце станоўча?”

Калінкіна: “Менавіта так. Паміж Беларусьсю і Расеяй павінны быць двухбаковыя адносіны, дамовы і вырашацца праблемы, што існуюць. Але калі гэтым праблемам надаецца палітычнае гучаньне і ідзе размова пра саюзную альбо адзіную дзяржаву, гэта сапраўды небясьпечна для нашай краіны. Цяпер гэтае пытаньне амаль зьнятае з парадку дня. Хаця беларускае кіраўніцтва яшчэ робіць нейкія спробы вярнуць усё на былыя рэйкі, але, як я гэта бачу, у Крамлі ўжо няма жаданьня прыслухоўвацца да таго, што кажа афіцыйны Менск”.

Цыганкоў: “Як і з-за якіх чыньнікаў зьмянялася стаўленьне насельніцтва Беларусі за гэтыя гады да ідэі інтэграцыі? Якія тут можна прасачыць тэндэнцыі? Якія падзеі найбольш адштурхоўвалі беларусаў і якія найбольш прываблівалі?”

Электарат хістаецца ўсьлед за Лукашэнкам

Сасноў: “Тут назіраецца такая заканамернасьць: калі Лукашэнка казаў пра ўзмацненьне інтэграцыі, то ягоны электарат (хаця там былі людзі і за, і супраць інтэграцыі) больш падтрымлівае тое, што скажа сам Лукашэнка. І калі кіраўнік дзяржавы гаварыў, што інтэграцыя – гэта добра, то колькасьць прыхільнікаў гэтай ідэі падвышалася. Калі ж зараз Крэмль пачаў пераводзіць адносіны на эканамічныя рэйкі, і Лукашэнку гэта ня вельмі падабаецца, то адразу ягоны электарат пачаў сумнявацца, і стала падвышацца колькасьць тых, хто супраць інтэграцыі з Расеяй. Цяпер да паловы згодная інтэгравацца з Расеяй, а траціна хоча ісьці ў Эўразьвяз”.

Цыганкоў: “Але тут, напэўна, мае значэньне, у якой форме гэтая палова гатовая інтэгравацца? Большасьць ня хоча ўваходжаньня Беларусі ў Расею, а выступае за саюз роўных дзяржаваў ці проста раўнапраўныя адносіны.”

Сасноў: “Вы маеце рацыю. Колькасьць тых, хто хацеў бы, каб Беларусь увайшла ў склад Расеі, за гэтыя гады зьменшылася ў два разы. Зараз гэта прыблізна кожны восьмы. І разам з тым павялічваецца колькасьць тых, хто выступае за двухбаковыя адносіны, як паміж звычайнымі краінамі”.

“Лукашэнку нельга выпускаць на расейскае палітычнае поле”

Цыганкоў: “Якая будучыня чакае праект “саюзнай дзяржавы” на фоне апошніх газавых ды іншых гандлёвых войнаў? Здаецца, Расея нібыта трывала ўзяла курс на рынкавыя дачыненьні з краінамі СНД. Але здаецца, Беларусь, заўсёды была пэўным выключэньнем у расейскай зьнешняй палітыцы. Ці захавае Беларусь свой асаблівы статус?”

Калінкіна: “Малаверагодна, што Беларусь будзе мець тыя ж умовы, якія яна мела ў зьвязку з расейскімі энэрганосьбітамі. Але такое традыцыйнае стаўленьне да беларусаў, як да такога асаблівага народу, з якім трэба мець асаблівыя адносіны, будзе спрыяць таму, што любое расейскае кіраўніцтва будзе даваць Беларусі лепшыя ўмовы, чым, напрыклад, Азэрбайджану, Грузіі альбо Украіне. Але гэта ня будуць такія маштабы, якія былі да сёньняшняга дня”.

Цыганкоў: “Наколькі зараз разьвязаныя рукі ў Аляксандра Лукашэнкі з пункту гледжаньня грамадзкай думкі? Якая будучыня чакае праект саюзнай дзяржавы з гледзішча гэтай пэрспэктывы?”

Сасноў: “Што тычыцца ўнутранага становішча, дык тут у Лукашэнкі рукі разьвязаныя. Ён можа рабіць, што хоча, бо падтрымка ў яго даволі высокая. Што да расейскага боку, дык тут Лукашэнка ня можа нічога зрабіць, і вымушаны будзе граць паводле правілаў Крамля. Беларускі кіраўнік будзе шукаць розныя шляхі, але яму давядзецца зьменшыць свае апэтыты, бо зараз ён ня можа сябе паводзіць, як гэта было ў час Ельцына”.

Цыганкоў: “Ці здолее Аляксандар Лукашэнка нейкім чынам у выгадным для сябе сэнсе выкарыстаць прэзыдэнцкія выбары 2008 году?”

Калінкіна: “Ён ужо спрабуе гэта рабіць. За апошнія гады Лукашэнка вельмі стала ўладкаваўся у расейскім інфармацыйным полі, і сапраўды стаў чальцом расейскай палітыкі – і гэта не падабаецца сёньняшняй расейкай уладзе. Але ўсе левыя і патрыятычныя сілы будуць эксплюатаваць тэму Лукашэнкі, ведаючы, што ён вельмі папулярны ў Расеі.

І ня трэба, як у свой час рабіў Вячаслаў Кебіч, спадзявацца на адміністратыўны рэсурс. Бо калі толькі Лукашэнку нейкім чынам выпусьцяць на расейскае палітычнае поле, ён можа перамагчы ў расейскіх прэзыдэнцкіх выбарах. У яго вельмі моцнае лобі ў Расеі. Ня трэба даваць ніякай магчымасьці, каб гэты джын з бутэлькі выскачыў, бо потым яго ніяк назад не загоніш”.

Сасноў: “Я не магу сказаць, што Лукашэнка зараз настолькі небясьпечны для Расеі. Там ужо разабраліся. Як бы Лукашэнка не хацеў ён нічога ня здолее зрабіць на расейскім электаральным полі – расейская эліта яму гэтага не дазволіць. Пасьля нафтагазавага канфлікту ўплыў беларуска-расейскіх адносінаў на электаральны выбар расейскага электарату зьнізіўся. Гэтым аргумэнтам зараз немагчыма набраць нейкія дадатковыя галасы, якія дадуць перамогу. Іншыя чыньнікі будуць галоўнымі на расейскіх выбарах”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG