Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Празе адкрылася фотавыстава пра падзеі сакавіка-2006 у Беларусі


Валер Каліноўскі, Прага У рэктараце Карлава ўнівэрсытэта, у галерэі “Каралінум” пад патранатам былога прэзыдэнта Вацлава Гаўла і рэктара ўнівэрсытэту Вацлава Гампла адкрылася выстава "Выбары бяз выбару: Беларусь – сакавік 2006". На выставе прадстаўленыя здымкі журналістаў тыднёвіка "Наша Ніва" Юліі Дарашкевіч і Андрэя Лянкевіча, а таксама чэскага фатографа Якуба Досьпівы – супрацоўніка чэскага інфармацыйнага агенцтва CТK.

ФОТАГАЛЕРЭЯ

Кожны фатаздымак на выставе суправаджаюць асабістыя нататкі адной з удзельніц пратэсту на Кастрычніцкай плошчы, беларускай журналісткі Дар''і Касьценкі, аўтаркі разьмешчаных у інтэрнэце "Сакавіцкіх дзёньнікаў". Выставу арганізавалі студэнты Карлава ўнівэрсытэту пры сыпряньні рэктара і фінансавай дапамозе ўраду Чэхіі, а таксама былога прэзыдэнта Чэхіі Вацлава Гаўла.

Адкрываючы выставу адзін з арганізатараў, студэнт Расьціслаў Вальвода зазначыў, што сытуацыя ў Беларусі вельмі падобная да таго, што было ў Чэхіі да 1989 году, і што тыя рэпрэсіі, якія былі ў Беларусі летась, могуць паўтарыцца ў любы іншы момант. Сп.Вальвода заклікаў чэхаў падтрымліваць дэмакратыю і свабоду ў Беларусі, гэтак як раней у дэмакратычным сьвеце падтрымлівалі Чэхію.

Рэктар унівэрсытэту Вацлаў Гампл паведаміў, што цяпер у ягонай навучальнай установе навучаецца 65 беларусаў, у тым ліку тыя, хто быў выключаны зь беларусіх ВНУ паводле палітычных матываў. Спадар Гампл выказаў асабістую салідарнасьць былому рэктару БДУ Аляксандру Казуліну, які ўжо год знаходзіцца ў турме як палітычны вязень.

Паводле словаў адной з аўтарак фатаздымкаў на выставе, фотажурналісткі Юліі Дарашкевіч, у сучаснай Беларусі такія выставы немагчымыя.

На ўрачыстае адкрыцьцё ў Празе прыйшло каля 150 чалавек. Цяпер на працягу некалькіх тыдняў кожную сераду ва ўнівэрсытэце будуць праходзіць дні дакумэнтальнага кіно аб Беларусі, а пазьней выстава будзе перавезеная ў Брно.



Гл. таксама:

Фатаздымкі Ю.Дарашкевіч і А.Лянкевіча на афіцыйным сайце выставы
XS
SM
MD
LG