Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Мілінкевіч: “Я лічу, што выбары мусяць быць датэрміновыя”


Радыё Свабода, Віцебск Былы кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Мілінкевіч у мінулыя выходныя сустракаўся з грамадзкімі актывістамі Віцебшчыны. Падчас гэтых сустрэч Мілінкевічавы прыхільнікі аб’явілі пра сваю калектыўную адмову ад удзелу ў Кангрэсе дэмакратычных сілаў.

Аляксандар Мілінкевіч сустракаўся з грамадзкімі актывістамі Браслаўскага, Глыбоцкага, Пастаўскага і Шаркоўшчынскага раёнаў у мінулую суботу. У нядзелю ён правёў яшчэ адну сустрэчу – з прадстаўнікамі Віцебску, Полацку, Наваполацку, Воршы, Чашніцкага ды Гарадоцкага раёнаў.

Пытаньні, абмеркаваныя ў розных рэгіёнах, былі практычна тыя самыя: гаворка ішла пра стаўленьне да ўдзелу у рыхтаваным Кангрэсе дэмакратычных сілаў, а таксама пра мэты і задачы руху “За Свабоду!”

Пра сустрэчу ў вёсцы Германавічы Шаркоўшчынскага раёну, куды зьехаліся аднадумцы Мілінкевіча з заходняй часткі Віцебшчыны, расказаў актывіст з Глыбокага Яраслаў Берніковіч:

“Прайшоў “круглы стол” з удзелам дэлегатаў мінулага кангрэсу. І мы вырашылі ў гэтым кангрэсе, калі ён адбудзецца блізкім часам, удзелу ня браць. Можна сказаць яшчэ, што ад гэтага апошняга прыезду Мілінкевіча ў нас пачаў стварацца рух “За Свабоду!”, і гэты рух мае вялікія пэрспэктывы, асабліва ў рэгіёнах. Бо ў рэгіёнах невялікі спэктар палітычных партыяў, невялікая колькасьць актывістаў, і паміж імі ёсьць паразуменьне. І я мяркую, што з гэтага будзе вялікі плён”.

На сустрэчы ў вёсцы Германавічы

Адмовіцца ад удзелу ў кангрэсе і далучыцца да руху “За Свабоду!” вырашылі й дэлегаты з усходняга рэгіёну вобласьці. Аляксандар Мілінкевіч сустракаўся зь імі ў нядзелю ў Віцебску.

Аляксандар Мілінкевіч і былы кіраўнік ягонага віцебскага штабу Хрыстафор Жаляпаў

Затым Мілінкевіч правёў невялікую прэсавую канфэрэнцыю для мясцовых незалежных журналістаў, на просьбу якіх расказаў больш падрабязна пра стратэгію руху і ролю рэгіёнаў у яго працы.

Мілінкевіч: “Мы ўяўляем гэты рух як супольную дзейнасьць. Структуру кіраваньня яшчэ пакуль ня вызначалі, бо зьбіраем меркаваньні з рэгіёнаў. Гэтыя мае паездкі па трох абласьцях на мінулым тыдні яшчэ раз пацьвердзілі, што людзі ў рэгіёнах хочуць разам працаваць на Беларусь. І цяпер галоўнае іх аб’яднаць – у працы, а не вакол Мілінкевіча. Стратэгія руху ўжо прапісаная – гэта праграмы абароны людзей, якіх рэпрэсуе ўлада, гэта праграма рэгістрацыі парушэньняў уладамі законаў. Будуць і шырокія інфармацыйныя праграмы: вось тую “сярэдзіну” – людзей, якія і ня нашыя прыхільнікі, і не прыхільнікі ўлады, трэба інфармаваць. Гаварыць пра тое, чаго мы хочам дасягнуць, якая нашая мэта”.

Паводле Аляксандра Мілінкевіча, адна з канчатковых мэтаў руху “За Свабоду!” – гэта рэальная мажлівасьць сапраўды свабодных выбараў.

Мілінкевіч: “Рух будзе існаваць да моманту правядзеньня свабодных выбараў. І гэта не абавязкова парлямэнцкія выбары 2008-га або прэзыдэнцкія выбары 2011-га. Я лічу, што выбары мусяць быць датэрміновыя! У гэтым зацікаўленыя і палітызаваныя людзі, і непалітызаваныя. І гэта залежыць і ад нашае працы, і ад уладаў. Ва ўладаў ёсьць дзьве магчымасьці: або павялічваць напружанасьць у грамадзтве, ісьці на канфрантацыю або каб мы зразумелі адзін аднаго. Улада заўжды любіла “карцінку”, дзе ўсё чорна-белае: вось чорная апазыцыя – ворагі, а вось белая ўлада. А бываюць жа й адценьні! Дык вось, калі зважаць на адценьні, то яны не гатовыя, мне здаецца, так працаваць. А трэба, каб навучыліся!”

З грамадзкімі актывістамі ў Віцебску

Стратэгію руху “За Свабоду!” Аляксандар Мілінкевіч меў магчымасьць абмеркаваць ня толькі зь віцебскімі актывістамі і прадстаўнікамі незалежных СМІ. У часе сваёй двухдзённай паездкі ён сустрэўся таксама з палітвязьнем Паўлам Севярынцам, адведаўшы яго на “хіміі” ў вёсцы Малое Сітна Полацкага раёну.
XS
SM
MD
LG