Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэмію “Оскар” за найлепшы фільм году атрымала драма “Адступнікі”


Валер Каліноўскі, Прага У Лос-Анджэлесе сёньня раніцай завяршылася 79-я цырымонія ўручэньня прэміяў Амэрыканскай акадэміі кінамастацтва “Оскар”. Сёлета ў ліку намінантаў былі прадстаўнікі большай колькасьці краінаў, чым раней.

Найбольш намінацыяў на прэміі мелі музычны фільм “Дзяўчаты мары” – 8, фільмы “Бабілён” – 7, “Каралева” і “Лябірынт Пана” – па 6. Аднак найлепшым фільмам году стала іншая стужка – крымінальная драма “Адступнікі” (“The Departed”) зь Леанарда ды Капрыё ў галоўнай ролі. Рэжысэр гэтага фільму 64-гадовы Марцін Скарсэзэ атрымаў яшчэ адзін “Оскар” за найлепшую пастаноўку.

Найлепшым акторам стаў чарнаскуры Форэст Уітэкер за ролю ўгандыйскага дыктатара ў фільме “Апошні кароль Шатляндыі”. Найлепшая актрыса году – 61-гадовая Гэлэн Мірэн.

Яна выканала галоўную ролю у фільме “Каралева” пра брытанскага манарха каралеву Элізабэту другую. На сцэне акторка падзякавала каралеве за тое, што тая “паўстагодзьдзя трымалася сваёй годнасьці, пачуцьця доўгу і прычоскі”.

Найлепшым замежным фільмам прызнана нямецкая стужка “Жыцьцё іншых”, прысьвечаная жыцьцю за Бэрлінскім мурам у 1984 годзе – пра агента “Штазі”, якога прызначылі сачыць за пасьпяховым драматургам і ягонай каханкай. Гішпанскі фільм “Лябірынт Пана” выйграў прэміі за найлепшую рэжысуру і грым.

Алан Аркін атрымаў прэмію “Оскар” за найлепшую мужчынскую ролю другога пляну ў камэдыі “Маленькая міс Шчасьце”, пакінуўшы без ўзнагароды Эдзі Мэрфі (фільм “Дзяўчаты мары”), які лічыўся фаварытам. Затое актрыса Джэніфэр Гудсан, якая таксама грала другаплянавую ролю ў гэтым фільме, атрымала аналягічную жаночую прэмію.

З каляпалітычных падзеяў вакол уручэньня прэміі “Оскар” увагу прыцягнула няўдалая спроба выступу былога віцэ-прэзыдэнта ЗША Эла Гора, які хацеў са сцэны сказаць нешта важнае. Некаторыя нават падумалі, што ён зьбіраўся абвясьціць пра свае пляны ўдзельнічаць у будучых прэзыдэнцкіх выбарах 2008 году, але яго фактычна выпхнулі са сцэны да таго, як ён пасьпеў нешта канкрэтнае сказаць.

Фільм Гора “Нязручная праўда” быў намінаваны на “Оскар”, і на пачатку цырымоніі Гор атрымаў слова і заявіў, што “вырашыў выкарыстаць магчымасьць, калі на яго глядзяць мільёны суграмадзянаў, каб фармальна абвясьціць пра імкненьне...” Але далей пачаў граць аркестар, які прасыгналізаваў такім чынам, што час на выступ Гора скончыўся. Тым ня меней фільм Гора пра экалягічныя пагрозы глябальнага пацяпленьня выйграў прэмію як найлепшая дакумэнтальная стужка. Гор ужо ўдзельнічаў у выбарах 2000 году і прайграў Джоджу Бушу.

Пазьней пасьля атрыманьня прэміі Гор сказаў, што “вельмі малапраўдападобна”, што ён возьме ўдзел у выбарах 2008 году, хаця і ня выключыў гэтага цалкам.

На здымках: Марцін Скарсэзэ і Гэлэн Мірэн.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG