Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці сьвяткуюць суседзі “Дзень мужчынаў”?


Тацяна Поклад, Прага 23 лютага адзначалася ў Савецкім Саюзе як Дзень Савецкага войска (да 1946 году – як Дзень Чырвонай арміі), і ў гэты дзень склалася традыцыя віншаваць мужчынаў і хлопчыкаў, падобна як 8 сакавіка віншавалі дзяўчатак і жанчын, без развагаў аб сутнасьці сьвята. Цяпер у Беларусі гэта Дзень абаронцаў Айчыны. Афіцыйна гэтае сьвята існуе толькі ў Расеі, Беларусі і Ўкраіне.

Частка расейскіх газэт і інтэрнэт-выданьняў зьмяшчае прынагодныя матэрыялы, напрыклад расповеды пра вайсковыя плякаты альбо вайсковыя анэкдоты, не кранаючы сэнс сьвяткаваньня 23 лютага як Дня абаронцаў Айчыны. Ёсьць і крытычныя публікацыі. На расейскім сайце www.grani.ru зьмешчаны публіцыстычны артыкул лідэра партыі Дэмакратычны саюз Валерыі Навадворскай.

В. Навадворская піша: “Савецкія сьвяты – гэта проста паэма, зрэшты, як і савецкія будні. Але савецкія будні засталіся па-за рамкамі новай, ці то пост-, ці то напаўсавецкай эпохі. А вось сьвяты былі прыгрэтыя новым часам, хаця іх зьмест ня толькі спалучаецца з 2007 годам, але й нават наўпрост гэтаму супярэчыць. Аднак зьмест сьвята для савецкага народу ніколі ня быў вызначальным, галоўнае было -- зьмест бутэлькі і наяўнасьць закускі”.

Паводле аўтаркі, 23 лютага як сьвята захавалася дасюль выключна з гэтай прычыны, іншых – няма: “Дзень нараджэньня войска? Савецкага? А пры чым тут Саветы? Будзем адзначаць імяніны таго войска, якое пад кіраўніцтвам Тухачэўскага травіла расейскіх сялянаў газамі, а іх сем’і зганяла ў канцлягер, на галодную сьмерць. Войска, якое гнала штыкамі бязьвінных людзей на Беламорканал... якое толькі раз ў гісторыі абараняла сваю зямлю, ад 1941 году да 1944-га, таму што 1945 год – гэта ўжо не вызваленьне сваёй Расеі, а заваяваньне чужой Усходняй Эўропы”.

23 лютага – Дзень дэпартацыі чачэнскага народа

В. Навадворская піша, што 23 лютага для Чырвонай арміі было днём уцёкаў ад немцаў (у 1918 годзе), а 23 лютага 1944 году – гэта іншая памятная дата: дзень дэпартацыі чачэнскага народу, калі больш за траціну дэпартаваных загінулі па дарозе, а тых, хто ня мог дайсьці да вагона, пераважна старых, жанчын і дзяцей, спальвалі жывымі ў сараях. “Ці вы не баіцеся сьвяткаваць у гэты дзень на вачах у народа, расьпятага вамі?” – пытаецца ў суайчыньнікаў Валерыя Навадворская. І заключае: “Войска ў нас няма. Ёсьць канцлягер, катаржныя працы для маладых мужчынаў. Нават бойня ў нейкім сэнсе. І вы хацелі б сказаць, што гэтыя зэкі будуць абараняць Айчыну? Галодныя, прыніжаныя, зьнявечаныя? У нас (у Расеі) няма ні войска, ні абаронцаў... А можа быць, хто-небудзь мяркуе, што мы адзначаем 23 лютага проста як сьвята мужчынаў? Бяскрыўднае такое сьвята... Мушу вас расчараваць: мужчынаў у нас таксама няма. Трусікі, якіх можна пагнаць хоць у Чачэнію, хоць у “Адзіную Расею”, -- не мужчыны”, -- піша расейскі палітык Валерыя Навадворская ў прысьвечаным Дню абаронцаў Айчыны артыкуле.

“Дзень мужчынаў” у Літве і Латвіі

А ў іншых суседзяў, у былых савецкіх рэспубліках Літве і Латвіі тэма 23 лютага ўжо і не абмяркоўваецца, -- дзень гэты як сьвяточны адменены адразу пасьля абвяшчэньня незалежнасьці, паколькі гэта сьвята ў гонар акупацыйнага войска. Але вось што цікава. Як 8 сакавіка, якое на пачатку 90-х рэзка адмаўлялі і не сьвяткавалі, пакрысе вярнулася і ў гэты дзень кабетам дараць ізноў кветкі, і ніхто не задумваецца пра сутнасьць гэтага сьвята – камуністычнае яно, сацыялістычнае, фэмінісцкае ці яшчэ якое, -- падобныя дзіўныя мэтамарфозы адбываюцца з днём 23 лютага.

Вядома, адрозьненьне ад 8 сакавіка значнае – бо гэта ня проста сьвята мужчынаў, а сьвята акупанцкіх войскаў. І тым ня менш акурат сёньня літоўская прэса паведамляе, што ў літоўскім мястэчку Укмярге адна з дзяржаўных установаў – біржа працы, – апошнія некалькі гадоў віншуе сваіх супрацоўнікаў-мужчынаў з днём 23 лютага і нават зьбірае складкі па 2 даляры на сымбалічныя падарункі. Кіраўніца Рамінта Каўшынене журналістам заявіла, што нічога ў яе установе не сьвяткуецца ў працоўны час.

Гэтак жа рэагавала і кіраўніца гаспадаркай гэтай установы, Эдзіта Манчынскене, якая, як даведаліся журналісты, ладзіла гэтыя сьвяткаваньні. А супрацоўнікі, якія паведамілі пра гэта журналістам, папрасілі не называць іх імёны. Гэта можа успрымацца як нейкі кур’ёз у Літве 2007 году, магчыма, але вось яшчэ прыклад Латвіі, дзе працэнт расейскага насельніцтва значна вышэйшы, чым ў Літве: на сайце найбуйнейшага балтыйскага інфармацыйнага інтэрнэт-парталу DELFI праводзіцца апытаньне з нагоды Дня 23 лютага.

Фармулёўка пытаньня такая, што нагадвае дату, але не сэнс сьвята: на латыскамоўнай старонцы наведнікаў пытаюцца, ці плянуюць яны як-небудзь адзначыць “Дзень мужчынаў”. 39% наведнікаў адказалі “Так”, 61 % -- “Не”, усяго прагаласавалі 5227 чалавек (www.delfi.lv). А на старонцы латвійскага DELFI на расейскай мове на пытаньне “Ці існуе для вас сьвята 23 лютага?” 63% (4 з паловай тысяч чалавек) адказалі “Вядома!”. Яшчэ 26 % адказалі “Часткова”, і 9% адказалі “Не”. 2% апытаных выбралі такі адказ: “Гэта ўвогуле пра што?” (rus.delfi.lv).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG