Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Сьвятаслаў Коўш 25.12.1916, Вільня (паводле іншых зьвестак м. Ільля, цяпер Вілейскі раён) — 1997, ЗША.


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”

Калі сьвятар піша мастацкую прозу і нават ёсьць аўтарам твору пад “паганскім” назовам “Русалчына баляда”,— ужо гэта сьведчыць пра яго, як пра асобу неардынарную. А можа, ардынарных сярод гадаванцаў Віленскай беларускай гімназіі й няма?

Ягоны бацька Аляксандар, што выкладаў у гэтай легендарнай вучэльні Закон Божы, быў вядомым у Заходняй Беларусі грамадзкім і рэлігійным дзеячам, змагаўся за беларусізацыю праваслаўнай царквы, сядзеў у польскай турме на Лукішках, а завяршыў свой зямны шлях у 1943 годзе, калі быў арыштаваны гестапа і расстраляны за ўдзел у выратаваньні габрэяў.

Адзін зь біёграфаў Сьвятаслава Каўша пісаў пра “незабыўны ўплыў, які зрабілі на яго Базыльянскія муры, у якіх памяшчалася гімназія й Сьвята-Траецкі манастыр, які высіўся на гімназіяльным дварышчы на тым месцы, дзе памерлі сьвятыя Віленскія пакутнікі, ды ўся Вільня з сылуэтамі трох крыжоў над Віленкай і рэшткамі замку Гедзіміна над Вяльлёй”.

Выпускнік юрыдычнага факультэту Віленскага ўнівэрсытэту, якога зь юнацтва вабіла сьвятарства, ён сустрэў Другую сусьветную вайну дыяканам аднаго з прыходаў на Стаўпеччыне.

Як у тыя гады, так і пасьля, у Заходняй Нямеччыне, Сьвятаслава Каўша, паводле ягонага прызнаньня, вяла й ратавала “вера ў Бога і Беларусь”. З гэтай вераю ён заснаваў і ўзначальваў беларускі лягер для перамешчаных асобаў у Ватэнштэце, выкладаючы ў тамтэйшай гімназіі імя Максіма Багдановіча.

Пасьля пераезду ў ЗША ён быў высьвечаны ў сьвятары й зьяўляўся настаяцелем беларускіх прыходаў Сьвятога Кірылы Тураўскага ў Рычманд-Гіле (Нью-Ёрк) і Сьвятой Эўфрасіньні Полацкай у Саўт-Рывэры, штат Нью-Джэрзі. Апрача выкананьня сьвятарскіх абавязкаў Сьвятаслаў Коўш старшыняваў у Беларуска-амэрыканскім дапамогавым камітэце, быў рэдактарам часопісу “Царкоўны сьветач” і беларускіх праваслаўных календароў. У анталёгіі “Беларуская думка ХХ стагодзьдзя” (Варшава, 1998) зьмешчаны нарыс айца Сьвятаслава “Шляхам аўтакефаліі”. Напісаны ў 70-я гады мінулага стагодзьдзя, ён ня згубіў актуальнасьці і на пачатку новага, ХХІ-га:

“Кожны раз, калі хістаюцца асновы Расейскае імпэрыі, Беларускі народ стараецца аднавіць страчаную палітычную і рэлігійную незалежнасьць...”
XS
SM
MD
LG