Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Д.Арлоў: “Колькі б Лукашэнка ні спаганяў за транзыт, выйгрыш будзе на баку Расеі”


Юры Дракахруст, Масква Сёньня прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін ўскосна адказаў на абвінавачваньні і пагрозы, выказаныя ўчора на адрас Расеі кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Паводле Пуціна, Расея сёлета толькі па энэргарэсурсах акажа Беларусі падтрымку ў памеры амаль 6 мільярдаў даляраў.

Сёньня на ўрадавай нарадзе Пуцін заявіў, што "Расея яшчэ доўгі час будзе аказваць эканоміцы Беларусі прамую і ўскосную падтрымку". Паводле прэзыдэнта Расеі, па газу гэтая падтрымка будзе сёлета вымярацца сумай 3 мільярды 300 мільёнаў даляраў, па нафце і нафтапрадуктах складзе 2 мільярды 500 мільёнаў даляраў.

Пуцін нагадаў, што паводле ацэнкі расейскага міністэрства фінансаў бюджэт Беларусі ў 2007 годзе складзе 15 мільярдаў даляраў, такім чынам расейская падтрымка будзе роўнай 40% беларускага бюджэту. Гэта шмат, заўважыў расейскі прэзыдэнт, але дадаў, што гэта "плата Расеі за спакойны, мяккі, саюзьніцкі пераход да рынкавых адносінаў і падтрымку братэрскага беларускага народу".

Разам з тым Пуцін прызнаў, што, пачынаючы з гэтага году, аб''ём падтрымкі Беларусі значна скарачаецца. Акрамя падвышэньня цаны на газ і ўвядзеньня экспартнага мыта на нафту Расея ўводзіць абмежаваньні на мяса, малако і рыбу, якія імпартуюцца зь Беларусі. Цяпер гэтыя тавары будуць пастаўляцца ў Расею толькі з тых беларускіх прадпрыемстваў, якія прайшлі сэртыфікацыю расейскай службы вэтэрынарнага нагляду. Да таго ж, дагэтуль ня вырашана праблема з імпартам цукру зь Беларусі ў Рассею.

Гледзячы па ўсім, менавіта гэты працяг пазбаўленьня Беларусі гандлёвых прэфэрэнцыяў і стаў адной з прычынаў учорашніх рэзкіх заяваў Аляксандра Лукашэнкі. Сэнс гэтых заяваў я папрасіў пракамэнтаваць кіраўніка расейскага дасьледчыцкага цэнтра “Агенцтва палітычных і эканамічных камунікацый” Дзьмітрыя Арлова.

Арлоў: "Абвінавачваньні і зьнявагі, якія прагучалі з вуснаў Лукашэнкі на адрас Расеі – і наконт "дурнога" Паўночна-эўрапейскага газаправоду, і некаторыя іншыя інвэктывы адпавядаюць палітычнаму стылю гэтага лідэра. Ён спрабуе захаваць твар унутры краіны, давесьці, што дасягнутыя дамоўленасьці не зъяўляюцца паразай Рэспублікі Беларусь. Але гэтыя заявы наўрад ці добра паўплываюць на імідж беларускай рэспублікі, бо акрамя абвінавачваньняў на адрас Расеі прагучала супастаўленьне Захада з д''яблам, зь якім Лукашэнка гатовы супрацоўнічаць дзеля энэргетычнай бясьпекі.

Што тычыцца заяваў Лукашэнкі наконт таго, што Эўразьвяз і ЗША падтрымалі яго ў гэтым канфлікце, то, як мне падаецца, ён выдае жаданае за існае. Занепакоенасьць заходніх лідэраў, найперш Нямеччыны, ён выдае за падтрымку беларускага боку. На мой погляд, такой падтрымкі не было. Заходнія лідэры зьвярталіся ў роўнай ступені да Расеі і Беларусі з просьбай урэгуляваць энэргэтычныя адносіны".

Дракахруст: "Спадар Арлоў, кіраўнік Беларусі сказаў, што калі Расея будзе працягваць ціск, то Беларусі ёсьць чым адказаць, ён сказаў пра магчымасьць увядзеньне платы за зямлю пад нафтаправодам, намякнуў на магчымасьць падвышэньня платы за газавы і транспартны транзыт, прыгадаў пра вайсковыя базы. Паводле яго, адпаведны рахунак складае да 10 мільярдаў даляраў. Калі Беларусь і Расея сапраўды палічаць балянс усіх прэфэрэнцыяў, якія даюць адна адной, на чыю карысьць гэты балянс будзе?"

Арлоў: "Я упэўнены, што ў гэтых разьліках пераможа Расея. Трэба памятаць, што беларуская эканоміка працуе перш за ўсё на Расеі. І колькі б Лукашэнка ні спаганяў грошай за транзыт, калі Расея ўвядзе нармальнае мытнае афармленьне і кватаваньне беларускіх прамысловых тавараў, я ўпэўнены , што выйгрыш будзе на баку Расеі. Ніхто і ніколі не атрымліваў на транзыце больш, чым на мытным абкладаньні літаральна ўсяго экспарту.

Мы можам даволі хутка знайсьці іншыя маршруты паставак нашай нафты і газу. Беларусі ж, каб знайсьці новыя рынкі збыту сваёй неліквіднай прадукцыі, спатрэбяцца дзесяцігодьдзі. Мяркую, што гэтая задача спадару Лукашэнку не па зубах".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG