Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея шукае шляхоў транзыту нафты і газу ў абход Беларусі


Валер Каліноўскі, Менск Паралельна зь перамовамі Міхаіла Фрадкова і Сяргея Сідорскага ў Маскве прайшлі сустрэчы ўрадавай дэлегацыі з Кіеву наконт магчымасьцяў павелічэньня транзыту расейскай нафты і газу праз Украіну. Гэта адзін зь першых захадаў Расеі, накіраваных на зьмяншэньне залежнасьці ад беларускага транзыту.

Памочнік генэральнага дырэктара кампаніі “Укртранснафта” Аляксандар Дзікусараў паведаміў “Свабодзе”, што сёньня ў Маскве адбываліся перамовы ўрадавай дэлегацыі Ўкраіны на чале зь міністрам паліва і энэргетыкі Юрыем Бойкам і кіраўніцтвам “Газпрому” ды кампаніі “Транснефть” наконт павелічэньня транзыту расейскага газу і нафты праз Украіну.

Спадар Дзікусараў зазначыў, што перамовы плянавыя, ня зьвязаныя з абвастрэньнем беларуска-расейскага крызысу ў галіне пастаўкі і транзыту энэрганосьбітаў.

Дзікусараў: “Па праўдзе, вядзём пастаянныя кансультацыі з расейскімі партнэрамі наконт павелічэньня транспартаваньня газу і нафты па тэрыторыі Ўкраіны. Гэтыя пытаньні вельмі актуальныя як для ўкраінскага боку, гэтак і для расейскага. Таму зьвязваць з апошнім беларуска-расейскім крызысам гэта ня варта”.

Паводле спадара Дзікусарава, у прыватнасьці Ўкраіна зацікаўлена ў нарошчваньні перамяшчэньня нафты праз нафтаправод “Адэса-Броды” з 4 да 12 мільёнаў тон на год.

У Міністэрстве паліва і энэргетыкі Ўкраіны “Свабодзе” паведамілі:

Супрацоўніца: “Гэтая сэрыя перамоў пачалася яшчэ напрыканцы 2006 году. І ўжо было дамоўлена паміж нашай “Транснафтай” і расейскай “Транснефтью” наконт павелічэньня транзыту на 9 мільёнаў тон”.

Апрача магчымасьцяў павелічэньня ўкраінскага транзыту нафты, расейская кампанія “Транснефть” зьбіраецца ў 1,6 раза павялічыць пастаўкі праз Балтыйскую транспартную сыстэму – да 120 мільёнаў тон. Кампанія падала ўжо ва ўрад прапановы, рэалізацыя якіх забясьпечыць цалкам незалежнасьць ад беларускага трубаправоду, – паведаміў “Свабодзе” віцэ-прэзыдэнт “Транснефти” Сяргей Грыгор’еў:

Грыгор’еў: “Расея робіць усе захады, каб захаваць свой імідж надзейнага партнэра і пастаўшчыка. І “Транснефть” распрацавала і падала ва ўрад комплекс прапаноў, якія дазволяць, з умовай ухвалы ўрадам, праз пэўны час цалкам пазьбегнуць падобных інцыдэнтаў. Толькі калі ўрад дасьць дабро, тады мы зможам падрабязна пагаварыць аб гэтым комплексе захадаў”.

У расейскім урадзе пад час спыненьня працы беларускага ўчастку нафтаправоду “Дружба” таксама заяўлялі, што шукаюць альтэрнатыўных магчымасьцяў для транзыту нафты ў Эўропу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG