Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На месцы катастрофы польскага самалёта расейскія ўлады зьмянілі мэмарыяльны знак


Катынская магіла

Катынская магіла

Польскія самалёты з дэлегацыяй сем’яў ахвяраў смаленскай трагедыі, якія накіроўваліся на месца крушэньня ТУ-154 прэзыдэнта Качынскага, у адрозьненьне ад кастрычніка мінулага году абмінулі Беларусь.

У суботу, напярэдадні першай гадавіны гібелі 96 ахвяр авіякатастрофы самалёта польскага прэзыдэнта Леха Качынскага, адбылася другая пілігрымка прадстаўнікоў «смаленскіх сем’яў» на месца страшнай падзеі10 красавіка мінулага году. У Смаленск прыбылі 104 сваякі загіблых з 40 сем’яў. Калі летась яны ляцелі праз самы блізкі да Смаленска аэрапорт у Віцебску, то сёлета абмінулі Беларусь і прызямліліся ў Маскве, хоць тым самым сваё аўтобуснае падарожжа да месца трагедыі павялічылі на 200 кілямэтраў і страцілі некалькі гадзін часу.

А час для «смаленскіх сем’яў» важны, бо ім трэба пасьпець у нядзелю да 7-й раніцы на радзіму — у Варшаве на вайсковым аэрадроме пачнецца першая імша па загіблых.

Другі прыезд прадстаўнікоў «смаленскіх сем’яў» у Смаленск, як і паўгоду таму, арганізавала жонка новага прэзыдэнта Польшчы Ганна Камароўска.

Жонка прэзыдэнта Польшчы Ганна Камароўска ўшанавала памяць праваслаўных ахвяр Катыні на так званай «расейскай частцы» мэмарыялу.

Смаленск сустрэў іх на дзіва сурова для красавіка — моцным мокрым сьнегам і ветрам. Некаторыя бачылі ў гэтым пэўны жалобны знак.

Родныя ахвяр смаленскай трагедыі хаваліся ад слоты пад аднолькавымі сінімі парасонамі, шмат стаялі ў задуменьні, плакалі, імкнуліся пазьбягаць размоў з прэсай.

Ад сьнегу і дажджу родныя загіблых у Смаленску хаваліся за аднолькавымі парасонамі.

Дэлегацыя ўзяла ўдзел ў экумэнічных малітвах, родныя ахвяр усклалі вянкі і кветкі да адзінокай бярозы, у якую ўрэзаўся прэзыдэнцкі самалёт, да новага крыжа на месцы, дзе знайшлі цела Леха Качынскага. Прагучалі прозьвішчы ўсіх загіблых.

Партрэты ахвяр катастрофы на бярозе, за якую зачапіўся фюзэляж прэзыдэнцкага самалёта.

Крыж, узьведзены смаленскімі палякамі на месцы, дзе было знойдзенае цела прэзыдэнта Качынскага. Многія смаленскія палякі паходзяць з Валожына, Глыбокага, Івянца і іншых мясьцінаў Заходняй Беларусі.

Алюмініевы фрагмэнт самалёта ўгрызься ў ствол бярозы.
Наведалі яны і месца, куды ня трапіла дэлегацыя на чале з прэзыдэнтам Качынскім, — Катынь. У панядзелак там маюць сустрэцца лідэры Польшчы і Расеі Браніслаў Камароўскі і Дзьмітры Мядзьведзеў. Многія згадвалі, што незадоўга да гэтай сустрэчы расейскі бок перадаў Польшчы больш за сто тамоў крымінальных спраў ахвяр Катыні, і выказвалі спадзеў, што непаразуменьні паміж Масквою і Варшавай у ацэнцы тых падзей будуць пераадоленыя. Як сказаў на жалобнай цырымоніі сын загіблага віцэ-міністра абароны Станіслава Камароўскага Мацей, «тысячы і мільёны расейцаў пасьля 10 красавіка злучыліся з намі ў нашым горы».

На памятным камені мясцовыя ўлады замянілі таблічку. Цяпер яна дзьвюхмоўная і няма згадкі, што дэлегацыя, якая загінула 10 красавіка мінулага году, ехала на магілы ахвяр забітых НКВД палякаў.

Польская дэлегацыя, прыбыўшы на месца катастрофы самалёта, заўважыла, што на памятным камені замянілі таблічку. Замест ранейшай польскамоўнай, на якой пазначалася, што прэзыдэнт Качынскі і іншыя ахвяры ляцелі ў Катынь на месца забойства энкавэдзістамі польскіх афіцэраў, зьявілася новая дзьвюхмоўная таблічка, дзе няма згадкі пра гэта. Сем'і ахвяраў абураныя заменай. Фактычна ўзьнік міжнародны скандал. Выказваюцца сумневы, ці ўскладзе да зьмененага мэмарыяльнага знака вянок прэзыдэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі і ці ўвогуле прыедзе на месца трагедыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG