Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Улады прыслухоўваюцца да эканамічных санкцый»


Дзярждэпартамэнт ЗША абнародаваў штогадовую справаздачу пра стан правоў чалавека ў сьвеце ў 2010 годзе. Дакумэнт прадставіла ў Вашынгтоне дзяржаўны сакратар ЗША Гілары Клінтан. У справаздачы адзначаецца, што ў Беларусі назіраліся «сур’ёзныя парушэньні». Цягам мінулага году беларускія ўлады працягвалі рабіць частыя і сур’ёзныя злоўжываньні ў палітычнай сыстэме, у якой дамінуе прэзыдэнт і якая ня мае стрыманьняў і процівагаў. Як рэагуюць на справаздачу Дзярждэпартамэнту ЗША ў Беларусі?

Андрэй Савіных
Адносна ацэнак па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, якія падае ў справаздачы Дзярждэпартамэнт ЗША, прэс-сакратар беларускага МЗС Андрэй Савіных заявіў:

«Агульнавядома, што матэрыялы, якія рыхтуюцца па правах чалавека ў ЗША, зьяўляюцца ў вышэйшай ступені прадузятымі і неаб’ектыўнымі. Злучаныя Штаты адрозьніваюцца маніпулятыўным выкарыстаньнем праваабарончай тэматыкі ў палітычных мэтах. Тым ня менш, нашы экспэрты ўважліва разгледзяць гэты дакумэнт».

Віктар Івашкевіч
Ці прыслухаецца афіцыйны Менск да высноваў, якія зрабіў Дзярждэпартамэнт ЗША? Паводле сябра аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларускі рух» Віктара Івашкевіча, беларускія ўлады не прыслухоўваюцца да заяваў:

«Улады прыслухоўваюцца да эканамічных санкцый ці пагрозы іх увядзеньня. Гэта адзінае, да чаго прыслухоўваюцца ўлады. Таму, калі сьледам за гэтымі ацэначнымі заявамі ня будуць ужытыя дзеяньні па эканамічным ціску на рэжым, то нішто не падштурхне ўлады мяняць сваю палітыку».

Сяргей Калякін
Лідэр партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін адзначыў, што правы чалавека ў Беларусі парушаюцца штогод і тут няма нічога новага:

«У палітычнай галіне асноўныя правы парушаюцца. Усё гэта мы ведаем дакладана, як гэта адбываецца, і яшчэ больш, чым ёсьць у справаздачы Дзярждэпартамэнта. Мы ня можам сказаць, што адбываюцца зрухі ў лепшы бок. Не зьдзіўлюся, што ніякіх зрухаў ня будзе з боку нашай улады, бо яна трымаецца на сіле, а не на дэмакратыі. Яна можа трымаць сваю ўладу толькі тады, калі тут адсутнічаюць правы грамадзянаў».

Аляксей Янукевіч
Лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч назваў цалкам адэкватнымі ацэнкі Дзярждэпартамэнту ЗША адносна сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

«Безумоўна, калі б не было падзеяў 19 сьнежня і пасьля, то магчыма, ацэнкі былі б лепшымі. Бо, безумоўна, было трохі больш магчымасьцяў дзейнічаць параўнальна зь мінулымі гадамі. Аднак вось гэтыя шалёныя рэпрэсіі, якія пачаліся пасьля 19-га, цалкам пераважылі, і гэта адлюстравана ў падрыхтаваным дакумэнце Дзярждэпартамэнту».

Алесь Бяляцкі
Праваабаронца Алесь Бяляцкі заявіў, што цалкам падзяляе высновы амэрыканскага боку:

«Тое, што адбылося 19 сьнежня, ня мае ніякага дачыненьня да выбараў, бо не было празрыстасьці, транспарэнтнасьці і адбываліся масавыя парушэньні правоў чалавека пасьля 19 сьнежня, падчас разгону мірнай акцыі. Таксама адзначаецца, што судовая сыстэма не зьяўляецца незалежнай, гэта тое, што мы кажам 15 гадоў. Суды ў нас знаходзяцца пад поўным кантролем выканаўчых уладаў і, натуральна, чакаць нейкіх справядлівых прысудаў па палітычнай справе пасьля 19 сьнежня не даводзіцца. Мы бачым, што адбываюцца палітычныя прысуды».

Спадар Бяляцкі зьвяртае ўвагу, што ў справаздачы адзначаецца таксама дыскрымінацыя тых, хто імкнуўся выкарыстоўваць беларускую мову:

«Гэта таксама важна. Гэта ставіць такія маральныя моманты, зьвязаныя з уціскам беларускай культуры, беларускай мовы. Традыцыя гэтага ўціску мае вялікую гісторыю — ад часоў царскай імпэрыі і Савецкага саюзу. Але, на жаль, яна не спынілася».

Паводле спадара Бяляцкага, трэба яшчэ дадаць тое, што ў Беларусі ў мінулым годзе зноў былі выкананы сьмяротныя прысуды і гэта ёсьць парушэньнем правоў чалавека.

У 1974 годзе Кангрэс ЗША пастанавіў, што пры вядзеньні зьнешняй і гандлёвай палітыкі Злучаныя Штаты павінны ўлічваць становішча з правамі чалавека і правамі наёмных работнікаў у розных краінах. Дзеля гэтага штогод, пачынаючы з 1977 году, Дзярждэпартамэнт рыхтуе адмысловы даклад. Яго інфармацыя ўлічваецца, напрыклад, пры прыняцьці рашэньняў аб аказаньні тым ці іншым дзяржавам рознага кшталту дапамогі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG