Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзярждэпартамэнт ЗША: “Беларускія ўлады працягвалі злоўжываньні”


Сёньня Дзярждэпартамэнт ЗША абнародаваў штогадовую справаздачу аб стане правоў чалавека ў сьвеце ў 2010 годзе. Частка справаздачы, прысьвечаная Беларусі, зьмяшчае выразна крытычныя ацэнкі.

Дакумэнт прадставіла ў Вашынгтоне дзяржаўны сакратар ЗША Гілары Клінтан. Яна, у прыватнасьці, заўважыла, што ў 2010 годзе назіраўся маштабны наступ на актывістаў грамадзянскай супольнасьці ў сьвеце. Кажучы пра нэгатыўныя тэндэнцыі, Клінтан назвала абмежаваньне доступу да інтэрнэту ўрадамі больш як 40 краінаў. Сярод трывожных тэндэнцыяў, паводле дзяржсакратаркі ЗША, – таксама рэпрэсіі супраць меншасьцяў, якія праводзяцца паводле расавай, этнічнай і рэлігійнай прыкметаў.

У дакумэнце Дзярждэпартамэнту адзначана, што ў 2010 годзе “сур’ёзныя парушэньні” назіраліся ў Беларусі, Расеі і Ўкраіне. У ліку краінаў, дзе сытуацыя за мінулы год прыкметна палепшала, у справаздачы называюцца Гвінэя, Інданэзія і Калюмбія.


Прапануем вашай увазе прэамбулу беларускага разьдзелу зь невялікімі скарачэньнямі:

На працягу году ўлады працягвалі рабіць частыя і сур'ёзныя злоўжываньні ў палітычнай сыстэме, у якой дамінуе прэзыдэнт і якая ня мае стрыманьняў і процівагаў.

Улады адмовілі грамадзянам у праве на зьмену свайго ўраду, маніпулюючы на прэзыдэнцкіх выбарах 19 сьнежня, каб выключыць сур’ёзны выклік дзейнаму прэзыдэнту. Правядзеньню выбараў не хапала незалежнасьці і бесстароннасьці; апазыцыйныя кандыдаты апынуліся ў няроўных умовах і мелі абмежаваныя магчымасьці ў СМІ; падлік галасоў адзначаўся адсутнасьцю транспарэнтнасьці.

Сілы бясьпекі зьбівалі затрыманых і пратэстоўцаў, ужывалі празьмерную сілу для разгону мірных дэманстрантаў і, паводле некаторых паведамленьняў, ужывалі катаваньні ў працэсе сьледзтва. Разгон дэманстрацыі пасьля выбараў закончыўся арыштамі больш за 700 актывістаў ды крымінальнымі абвінавачаньнямі супраць пяці кандыдатаў у прэзыдэнты і шматлікіх актывістаў і журналістаў. Паступалі паведамленьні аб жорсткім абыходжаньні са зьняволенымі, умовы ўтрыманьня ў турмах заставаліся надзвычай цяжкімі. Улады праводзілі самавольныя арышты і затрыманьні грамадзянаў за крытыку афіцыйных асобаў, за ўдзел у дэманстрацыях і зь іншых палітычных прычынаў.

Беспакаранасьць заставалася сур'ёзнай праблемай. Судовай уладзе не хапала незалежнасьці, яна цярпела ад неэфэктыўнасьці і палітычнага ўмяшаньня; вынікі судовых справаў часта былі прадвызначаныя, а шматлікія працэсы праводзіліся за зачыненымі дзьвярыма.

Улады працягвалі парушаць права грамадзянаў на недатыкальнасьць прыватнага жыцьця, абмяжоўвалі актыўнасьць лідэраў апазыцыйнай моладзі прызывам на вайсковую службу.

Улады далей абмяжоўвалі грамадзянскія свабоды, уключаючы свабоду слова, друку, сходаў, асацыяцый, рэлігіі і свабоду перамяшчэньня. Улады канфіскоўвалі друкаваныя матэрыялы актывістаў грамадзянскай супольнасьці і не дазвалялі незалежным СМІ распаўсюджваць інфармацыю і матэрыялы.

Урад па-ранейшаму перашкаджаў або не дазваляў дзейнічаць рэлігійным групам, якія не належалі да Беларускай праваслаўнай царквы, часам штрафаў або дэпартаваў іх кіраўнікоў за богаслужэньні.

Карупцыя ўва ўсіх галінах улады працягвала быць праблемай.

Улады перасьледавалі і штрафавалі няўрадавыя арганізацыі і палітычныя партыі, адмаўлялі шматлікім у рэгістрацыі і потым пагражалі ім крымінальным перасьледам за дзейнасьць без рэгістрацыі.

Праяўлялася дыскрымінацыя ў дачыненьні да асобаў з абмежаванымі фізычнымі магчымасьцямі, цыганоў, этнічных і сэксуальных меншасьцяў, асобаў зь ВІЧ / СНІДам, і да тых, хто імкнуўся выкарыстоўваць беларускую мову.

Улады перасьледавалі і час ад часу звальнялі чальцоў незалежных прафсаюзаў, сур'ёзна абмяжоўваючы магчымасьці працоўных ствараць і ўступаць у незалежныя прафсаюзы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG