Лінкі ўнівэрсальнага доступу

60 сустрэчаў у Нью-Ёрку, Рыжанкоў і Ціханоўскі: Кучынскі — пра галоўнае на Генэральнай асамблеі ААН

Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Сьвятлана Ціахноўская, дыпляматычны дарадца Дзяніс Кучынскі і былы Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэа на палях сэсіі Генэральнай асамблеіі ААН у Нью-Ёрку.
Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Сьвятлана Ціахноўская, дыпляматычны дарадца Дзяніс Кучынскі і былы Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэа на палях сэсіі Генэральнай асамблеіі ААН у Нью-Ёрку.

У Нью-Ёрку з 22 па 28 верасьня праходзіць 81-я сэсія Генэральнай асамблеі ААН.

У ёй удзельнічаюць афіцыйная дэлегацыя Беларусі на чале зь міністрам замежных спраў Максімам Рыжанковым, дэлегацыя дэмакратычных сілаў Беларусі на чале са Сьвятланай Ціханоўскай. Пра вынікі працы дэлегацыі дэмсілаў, яе кантакты з прадстаўнікамі іншых краінаў і камунікацыю з афіцыйнай беларускай дэлегацыяй у «ПіКу Свабоды» пагаварылі з дыпляматычным дарадцам Сьвятланы Ціханоўскай Дзянісам Кучынскім.

— Давайце падсумуем самыя важныя сустрэчы і перамовы Сьвятланы Ціханоўскай і яе каманды на палях сэсіі. Што вы лічыце галоўным вынікам?

— Я лічу, што ёсьць тры асноўныя вынікі. Першы — гэта тое, што атрымалася правесьці на вельмі высокім узроўні асобнае мерапрыемства па Беларусі, якое адбылося ў панядзелак. За ўсе гады прысутнасьці Сьвятланы Ціханоўскай і беларускіх дэмакратычных сілаў на пляцоўках ААН, напэўна, гэта быў найбольш пасьпяховы сайд-эвэнт. Там быў цэлы тузін міністраў замежных спраў, дыпляматаў розных краінаў. Асобным, вельмі прыемным і важным сыгналам стала тое, што да гэтага мерапрыемства далучыўся міністар замежных спраў Украіны Андрэй Сыбіга з вельмі моцнай, прабеларускай прамовай. Бачна, што Ўкраіна бачыць у дэмакратычнай Беларусі і ў дэмакратычных сілах партнэра, а наш народ — як эўрапейскі народ, які таксама заслугоўвае права на свабоду, эўрапейскасьць і дэмакратыю. Гэта сапраўды посьпех. Я ведаю, наколькі складана падчас тыдня высокага ўзроўню сабраць міністраў замежных спраў, кіраўнікоў дэлегацыяў у адным месцы на такі івэнт. Гэта сапраўды паказвае, што Беларусь была ў фокусе падчас тыдня высокага ўзроўню і Генэральнай асамблеі ААН.

Важна таксама, што Беларусь згадвалі кіраўнікі афіцыйных дэлегацыяў падчас Генэральнай асамблеі, у прыватнасьці прадстаўнікі Латвіі. Вельмі моцная прамова літаральна ўчора прагучала і ад прэм’ер-міністра Славеніі. Гэта важна, каб Беларусь не была забытая. Таму што зразумела, што ўсё тое, што спрабуе прадаваць і падаваць рэжым (гэта адна з нешматлікіх пазыцыяў, дзе рэжым дапушчаны на такія пляцоўкі), не адпавядае рэчаіснасьці.

Другі важны вынік — з Фінляндыяй мы дамовіліся, што яна дадаткова скіруе ў Міжнародны гуманітарны фонд 100 тысяч эўра. Гэта цяпер вельмі актуальна пасьля апошніх вызваленьняў. Пакуль я ня магу ўсё абвесьціць, але яшчэ некалькі краінаў дадаткова зробяць унёскі. Мы таксама размаўлялі з кіраўніцтвам гэтых краінаў. Мы скарысталіся Нью-Ёркам, скарысталіся Генэральнай асамблеяй ААН для таго, каб павялічыць у тым ліку Гуманітарны фонд.

І трэцяе — магчыма, менш зразумелае і менш заўважнае, але для маёй працы вельмі важнае. Нью-Ёрк — гэта сапраўды рай для дыпляматаў у тым сэнсе, што вельмі шмат кантактаў, кулюарных размоваў, кароткіх сустрэчаў «на нагах». Але яны потым вельмі дапамагаюць у будучай працы. За гэтыя тры працоўныя дні, што мы былі ў Нью-Ёрку, адбылося каля 60 кантактаў з прэзыдэнтамі, прэм’ер-міністрамі, міністрамі замежных спраў. Было шмат сустрэчаў і на рабочым узроўні — з дарадцамі, дзяржаўнымі сакратарамі, намесьнікамі міністраў. Гэта дапамагае ў маёй працы будаваць працу на год наперад.

Некалькі дамоўленасьцяў ужо былі больш канкрэтнымі — пра сустрэчы ў сталіцах гэтых краінаў, каб больш спакойна паразмаўляць пра канкрэтную дапамогу. Таму гэта вельмі карысная пляцоўка, каб, з аднаго боку, трымаць Беларусь на парадку дня, а з другога — выпрацоўваць такія працоўныя кантакты.

«Няма ніякіх ілюзіяў у дачыненьні да рэжыму»

— Афіцыйная дэлегацыя Беларусі і дэлегацыя дэмакратычных сілаў часам сустракаліся з аднымі і тымі ж высокімі прадстаўнікамі краінаў. Напрыклад, з кіраўніком МЗС Польшчы і кіраўніком МЗС Славаччыны. Чым адрозьніваўся зьмест гэтых сустрэчаў?

— Асноўнае адрозьненьне ў тым, што ёсьць пэўная павестка, якую рэжым зараз спрабуе паказаць, прадаць, спрабуе ёю гуляць. Была вельмі цікавая размова з былым дзяржсакратаром ЗША Майкам Пампэа. Мы абмяркоўвалі зь ім ягоны візыт у Беларусь у 2020 годзе да Лукашэнкі. Тады ЗША атрымлівалі сыгналы ад рэжыму Лукашэнкі, што яны хочуць аддаліцца ад Расеі, што хочуць больш прагматычных і лепшых стасункаў з Захадам. Пампэа тады сказаў, што ўжо ў пачатку гэтых размоваў, калі яны прыехалі ў Менск, было зразумела, што гэта нікуды не прывядзе. Так у выніку і адбылося. Лукашэнка яшчэ больш пайшоў у абдымкі Расеі, зьдзейсьніў фальсыфікацыю выбараў 2020 году, пачаліся масавыя рэпрэсіі і ўсё, што было за апошнія пяць-шэсьць гадоў.

Я думаю, што зараз мы назіраем падобны патэрн, дзе рэжым зноў спрабуе казаць пра магчымае аддаленьне ад Расеі, пра такія арэлі паміж Захадам і Расеяй. Я думаю, што зусім іншую тэму яны спрабуюць данесьці і Ўкраіне. Бачна, што адбываецца працэс лавіраваньня, але я думаю, што ён наўрад ці вельмі шчыры. Мы размаўлялі з партнэрамі, у тым ліку з міністрам Сікорскім да ягонай сустрэчы з Рыжанковым і пасьля. Таксама размаўлялі з міністрам замежных спраў Славаччыны. І бачна, што няма ніякіх ілюзіяў у дачыненьні да рэжыму. Наша павестка адрозьніваецца, яна адпавядае рэчаіснасьці. А ўсё, што спрабуе зрабіць рэжым, — гэта выгандляваць нешта для сябе, не даючы нічога ўзамен.

Таму вельмі важна глядзець не на сыгналы, не на словы, часам не на фотаздымкі, а на канкрэтныя справы. Нашы партнэры, перадусім эўрапейскія, але і ў цэлым у сьвеце, разумеюць важнасьць менавіта дзеяньняў, а не толькі словаў ці нейкіх, часьцей за ўсё эфэмэрных, сыгналаў.

— Ці атрымалася сустрэцца, пагаварыць у кулюарах дзьвюм дэлегацыям?

— Такі момант быў. Гэта натуральна, калі разумець, як пабудаваная пляцоўка ААН, гэта пастаянны рух, перасоўваньні з аднаго паверху на іншы, з адной перагаворнай у іншую. Так ці інакш, такія перасячэньні былі і ў мінулыя гады. Гэтым разам таксама быў момант, калі Сьвятлана Ціханоўская праводзіла сустрэчу на палях з міністаркай замежных спраў Аўстрыі. Мы стаялі дэлегацыяй, і быў момант, калі Франак Вячорка спрабаваў пабудаваць кантакт з Рыжанковым.

З яго боку, канструктыву ў адказ не было, і ён толькі паскорыў свой крок, каб не сустрэцца з дэлегацыяй Сьвятланы Ціханоўскай. Гэта такі патэрн, які быў ад яго і раней. Бачна, што рэжым і прадстаўнікі рэжыму баяцца непасрэднай размовы зь беларускімі прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў. Мы заклікаем да такога дыялёгу, да круглага стала, і рана ці позна гэта адбудзецца.

Мы размаўляем з партнэрамі пра тое, што рэжым спрабуе абмінуць беларускі народ, размаўляючы толькі, напрыклад, са Злучанымі Штатамі, спрабуючы зараз выбудаваць нейкія кантакты з Эўропай. Але ў Эўропе таксама ёсьць яснае і дакладнае разуменьне, што размаўляць трэба перадусім зь беларускім народам, у тым ліку зь яго прадстаўнікамі.

«Важна, каб рыторыка вакол Ціханоўскіх дээскалявалася»

— У вас быў вельмі шчыльны графік, каля 60 сустрэчаў за тры дні. Напэўна, пры такім графіку Сьвятлане Ціханоўскай проста не было часу сачыць за публічнымі закідамі яе мужа, былога палітвязьня Сяргея Ціханоўскага. Ці будзе яна ці Офіс Ціханоўскай рэагаваць на гэтыя заявы — публічна ці непублічна?

— Я думаю, што гэта перадусім пытаньне да Сьвятланы Ціханоўскай — як адказваць, ці адказваць. Я думаю, што Сяргей Ціханоўскі быў і застаецца адным з важных лідараў 2020 году. Ягоную ролю тады насамрэч немагчыма недаацаніць, і яна сапраўды важная. Тое, што я назіраю ў публічнай прасторы, выклікае пытаньні, пэўнае непаразуменьне. Але гэта такія рэчы, мне здаецца, якія асабіста Сьвятлана Ціханоўская можа вырашыць — адказваць на гэта ці не. Але я скажу, што гэта вельмі небясьпечны працэс і рыторыка, якая можа быць вельмі небясьпечнай. Зразумела, што за гэтым назірае і рэжым, і шмат хто можа радавацца такім заявам з аднаго боку ці нейкім адказам зь іншага. Тут вельмі важна, каб гэта дээскалявалася.

— Ці магло стаць прычынай такой рэзкай рэакцыі Сяргея Ціханоўскага тое, што ён цяпер знаходзіцца ў Злучаных Штатах, але не аказаўся побач са Сьвятланай на сэсіі? Раней на некаторых палітычных падзеях ён быў разам зь ёй. Ці магчыма было яго ўзяць, ці фармат гэта прадугледжваў?

— Я, шчыра кажучы, ня ведаю. Калі я не памыляюся, камэнтары Сяргея зьявіліся, здаецца, раней, чым пачалася Генэральная асамблея ААН. Агулам ёсьць розныя фарматы, якія прадугледжваюць удзел мужа ці жонкі першай асобы. Напрыклад, калі гэта міністар замежных справаў ці прэзыдэнт і зь ім ягоная жонка альбо муж. Такія фарматы дзесьці ёсьць, але яны звычайна не прадугледжваюць менавіта прысутнасьці на самой Генэральнай асамблеі.

Ёсьць пэўныя выняткі, напрыклад, з прэзыдэнтам Трампам. Але агулам, калі паглядзець на дэлегацыі ў штаб-кватэры ААН, то гэта працоўныя каманды: дарадцы, міністры, супрацоўнікі прадстаўніцтваў і місіяў. А ўжо на нейкіх мерапрыемствах па-за межамі штаб-кватэры можа прадугледжвацца фармат, дзе будзе прысутнічаць муж ці жонка першай асобы.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG