Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні з Новага замку зьнялі мэмарыяльную шыльду ў гонар Касьцюшкі


Так выглядала зьнятая ўладамі шыльда ў гонар Касьцюшкі ў Горадні
Так выглядала зьнятая ўладамі шыльда ў гонар Касьцюшкі ў Горадні

Драўляная мэмарыяльная шыльда, прысьвечаная побыту нацыянальнага героя Беларусі Тадэвуша Касьцюшкі ў Горадні, зьнікла са сьцяны Новага замку.

Шыльда месьцілася зьлева ад цэнтральнага ўваходу ў Новы замак і была прысьвечана падзеям паўстаньня 1794 году. Тады ў замку працавала Паўстанцкая парадкавая камісія, быў там і кіраўнік паўстанцаў Тадэвуш Касьцюшка. 30 кастрычніка 1794 году ён правёў у каралеўскім палацы нараду з кіраўнікамі паўстанцкіх атрадаў Вялікага Княства Літоўскага.

Шыльду, прысьвечаную Касьцюшку, усталявалі ў 1994 годзе. Са сьцяны замка яе зьнялі ў сярэдзіне красавіка — тыдзень-паўтара таму, піша Hrodna.life.

Летам 2023 году прарасейская актывістка з Горадні Вольга Бондарава хвалілася, што прасіла Горадзенскі гарвыканкам прыбраць са сьпісу знакавых для гораду людзей у Цэнтралізаванай бібліятэчнай сыстэме беларускага героя Кастуся Каліноўскага, а пасьля і Тадэвуша Касьцюшку. Першага яна назвала «польскім тэрарыстам», другога — «змагаром за Польшчу супраць Расеі». Пры гэтым культуру яна называла выключна «культуркай». Абедзьве згадкі зьніклі з сайта ЦБС літаральна праз пару дзён. Са згадкамі пра Касьцюшку ў Горадні Бондарава змагалася і раней.

11 ліпеня 2023 году з тэрыторыі горадзенскага чыгуначнага вакзалу прыбралі 30-гадовы памятны знак паўстанцам 1863 году. Яго замянілі на памятную шыльду савецкім партызанам. Тады Бондарава таксама хвалілася, што спрычынілася да зьнікненьня знака. Пазьней стала вядома, што памятны знак дэмантавалі супрацоўнікі Горадзенскай гарадзкой жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, а горадзенскія чыноўнікі сьцьвярджалі, што нічога пра гэта ня ведаюць.

Зараз памяць пра Тадэвуша Касьцюшку захоўваецца ў горадзенскім катэдральным касьцёле Сьвятога Францыска Ксавэрыя: там ёсьць дзьве мэмарыяльныя шыльды. Таблічка з надпісам па-польску 1917 году ўсталяваная да сотай гадавіны з дня ягонай сьмерці. Яшчэ адну ўсталявалі ў 2017 годзе зьлева ад галоўнага алтара. Яна зробленая з адмысловага шкла і мае надпісы на беларускай, польскай і ангельскай мовах: «1817—2017. Тадэвушу Касьцюшку — удзячныя нашчадкі».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG