Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Схемы» апублікавалі спадарожнікавыя здымкі зь месца ўдару ЎСУ па аэрадроме ў Джанкоі, дзе былі зьнішчаныя чатыры ўстаноўкі ЗРК С-400


Участкі ў раёне вайссковага аэрадрому ў Джанкоі, дзе раніцай 17 красавіка адбылася сэрыя выбухаў.
Участкі ў раёне вайссковага аэрадрому ў Джанкоі, дзе раніцай 17 красавіка адбылася сэрыя выбухаў.

Праект «Схемы» ўкраінскай службы Радыё Свабода апублікаваў спадарожнікавыя здымкі наступстваў ракетнага ўдару ЎСУ па вайсковым аэрадроме ў Джанкоі. Яны зробленыя Planet Labs 19 красавіка.

На здымках можна ўбачыць пашкоджаньні каля складу боекамплектаў і сыстэм супрацьпаветранай абароны.

«На здымках мы бачым кропкавыя ўдары па сродках СПА, што вывела іх са строю, і паражэньне складу БК ворага. Трэба заўважыць, што пасьля нанясеньня ўдараў большасьць авіяцыі была перадыслякаваная», — растлумачыў у камэнтары «Схемам» украінскі авіяэкспэрт Анатоль Храпчынскі.

Паводле яго слоў, ракетны ўдар, мяркуючы па спадарожнікавых здымках, паразіў сыстэмы, задзейнічаныя ў працы радыёлякацыйных станцый і СПА.

Пра выбухі ў раёне вайсковага аэрадрому Джанкоя, дзе знаходзіцца галоўны лягістычны хаб расейскай арміі і базуюцца ўдарныя верталёты, відавочцы паведамілі раніцай 17 красавіка.

Маніторынгавая група пабліку «Крымскі вецер» адзначыла, што спадарожнік зафіксаваў шэсьць ачагоў выбухаў на вайсковым аэрадроме ў Джанкоі і побач зь ім. Таксама група са спасылкай на крыніцы ўдакладніла, што пры ўдары былі параненыя 15 расейскіх вайскоўцаў, яшчэ 22 чалавекі зьніклі бязь вестак. Афіцыйнага пацьверджаньня гэтай інфармацыі няма.

Увечары таго ж дня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падзякаваў УСУ за апэрацыю ў Джанкоі, назваўшы яе «правільным ударам па акупанту».

Пазьней у Галоўным упраўленьні разьведкі (ГУР) Мінабароны Ўкраіны заявілі, што пры ўдары па вайсковым аэрадроме ў Джанкоі 17 красавіка зьнішчаныя або крытычна пашкоджаныя чатыры ўстаноўкі ЗРК С-400 і тры радыёлякацыйныя станцыі. Акрамя гэтых аб’ектаў, была зьнішчаная або пашкоджаная апаратура назіраньня за паветранай прасторай «Фундамэнт-М» і пункт кіраваньня сродкамі супрацьпаветранай абароны, удакладнілі ў ГУР.

Прызначаныя Расеяй «улады» анэксаванага Крыму і Мінабароны РФ удар УСУ па аэрадроме ў Джанкоі не камэнтавалі.

Джанкой — дзеючы дзяржаўны аэрадром у акупаваным Крыме. Там дыслякуецца 39-ы верталётны полк 27-й зьмешанай авіяцыйнай дывізіі 4-га камандаваньня ВПС і СПА Паўднёвай вайсковай акругі, а таксама тры авіяцыйныя эскадрыльлі на Мі-8, Мі-35М, Мі-28, Ка-52.

Акрамя гэтага, у Джанкоі дыслякуюцца верталёты памежнай службы ФСБ РФ. Раней на лётным полі таксама фіксавалі пускавыя ўстаноўкі С-300/С-400.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG