Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Побач з Брандэнбурскай брамай у Бэрліне патрабавалі вызваліць беларускіх прафсаюзных актывістаў


Брандэнбурская брама ў Бэрліне, архіўнае фота
Брандэнбурская брама ў Бэрліне, архіўнае фота

«Свабоду прафсаюзным актывістам!» Актывісты незалежных прафсаюзаў зь Беларусі правялі мітынг у сталіцы Нямеччыны. У мітынгу ўзялі ўдзел каля 20 прафсаюзных актывістаў з Нямеччыны і незалежных прафсаюзаў Беларусі.

19 красавіка ў Бэрліне адбылася канфэрэнцыя «У падтрымку беларускіх незалежных прафсаюзаў і дэмакратыі ў Беларусі». Канфэрэнцыя прысьвячалася салідарнасьці з беларускімі прафсаюзнымі актывістамі, якія асуджаныя за ўдзел у незалежным прафсаюзным руху.

Выканаўца абавязкаў старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Максім Пазьнякоў нагадаў пра падзеі 19 красавіка 2022 году, калі пачаўся разгром незалежнага прафсаюзнага руху і за месяц за кратамі аказаліся больш за тры дзясяткі лідараў і вядомых актывістаў руху. Усе арыштаваныя актывісты прафсаюзаў атрымалі тэрміны зьняволеньня, большасьць дагэтуль у вязьніцах.

Праз год Міжнародная арганізацыя працы (МАП) на адмысловай канфэрэнцыі прыняла рэзалюцыю па Беларусі, у якой заклікала прафсаюзныя арганізацыі сьвету націснуць на ўрад Беларусі, каб дамагчыся вызваленьня арыштаваных у Беларусі актывістаў, спыніць рэпрэсій і пачаць працэс аднаўленьня ў краіне дэмакратычных нормаў. Паводле Максіма Пазьнякова, найбольшага прагрэсу ў выкананьні рэзалюцыі МАП па Беларусі за мінулы час дамагліся прафсаюзы ў Нідэрляндах, Італіі і Швэцыі.

«Рэзалюцыя заклікала краіны, якія прадстаўленыя ў МАП, перагледзіць свае адносіны з Беларусьсю. І вось тут яшчэ трэба папрацаваць, каб былі не толькі заявы, але і канкрэтныя крокі ад кожнай краіны. Мы ведаем, што прафсаюзы ў Нідэрляндах ініцыявалі такія крокі ў сваёй краіне. Таксама шмат чаго дамагліся прафсаюзы ў Італіі і Швэцыі. То бок эўрапейскія краіны пачалі рухацца ў гэтым накірунку і мы спадзяемся, што ў хуткім часе ўбачым больш рашучыя дзеяньні і ў іншых частках сьвету», — сказаў Максім Пазьнякоў.

Вось што Максім Пазьнякоў распавёў Свабодзе пра арыштаваных калегаў.

«Зьвестак скрайне мала. Ведаем, што стан здароўя Аляксандра Ярашука пагаршаецца, зараз у яго падвышаны ціск, ён знаходзіцца ў крытай турме ў Магілёве, дзе ўмовы складаныя. Пра іншых хлопцаў — Аляксандр Капшуль, Андрэй Пагерыла ды іншыя, хто праходзіў па справе „Працоўнага руху“ — таксама зьвестак няшмат. Ведаем, што на ўсіх вельмі моцна ціснуць, кідаюць у ШЫЗА, там яны шмат содняў праводзяць і маральны стан у іх ня вельмі, тым больш ва ўсіх вялікія тэрміны. Але ведаем, што яны не губляюць веры і надзеі, спрабуюць быць мужнымі ў гэты складаны час».

Пазьнякоў спадзяецца на далейшую актыўнасьць у беларускім пытаньні і Міжнароднай арганізацыі прафсаюзаў.

«У сакавіку на адміністрацыйнай радзе МАП было прынята рашэньне аб тым, каб у траўні, напярэдадні міжнароднай канфэрэнцыі МАП правесьці „круглы стол“ высокага ўзроўню, каб зноў абмеркаваць сытуацыю ў Беларусі. МАП бярэцца быць арганізатарам гэтага „круглага стала“, на яго будуць закліканыя прадстаўнікі краін-чальцоў, прадстаўнікі ААН, спэцдакладчыкі. Ужо ідзе праца па арганізацыі „круглага стала“ і мы спадзяемся, што па выніках яго ўвага да беларускага пытаньня, да выкананьня рэзалюцыі па Беларусі будзе большай. І краіны пачнуць больш хутка рухацца ў гэтым накірунку».

Канфэрэнцыі ў Бэрліне папярэднічала актыўнасьць шараговых прафсаюзных аранізацый у краінах Эўразьвязу, распавёў Максім Пазьнякоў.

«Ведаем, што напярэдадні прафсаюзныя актывісты пісалі лісты з патрабаваньнем вызваліць нашых братоў і сёстраў і вярнуць правы прафсаюзаў у Беларусі. Гэтыя лісты плянуецца накіраваць у амбасады Беларусі, якія там знаходзяцца. Таксама шмат хто з прафсаюзных дзеячоў зрабілі відэазвароты ў падтрымку нашых калегаў», — адзначыў Максім Пазьнякоў і распавёў, што пасьля канфэрэнцыі яе ўдзельнікі правялі мітынг у цэнтры Бэрліну каля Брандэнбурскай брамы, дзе зноў гучалі словы падтрымкі рэпрэсаваным актывістам прафсаюзнага руху ў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG